Два твары Уга Чавэса

Габрыэль Гарсія Маркес

 

4 лютага 1992 г. на самым сьвітанку прэзыдэнт Вэнэсуэлы Карлас Андрэс Пэрэс выйшаў з самалёту, якім ён прыляцеў з Давосу ў Каракас і зьдзіўлена ўбачыў ля трапу генэрала Фэрнанда Ачоа Анціча, свайго міністра абароны. “Здарылася што?” — падазрона спытаўся прэзыдэнт. Міністар, аднак, так пераканаўча супакоіў яго, што Пэрэс вырашыў ня ехаць адразу ва ўрадавы палац Мірафлорэс, а крыху адпачыць пасьля дарогі ў рэзыдэнцыі ў Ла Касонэ. Адпачынак перарвала тэлефанаваньне таго ж міністра, які паведаміў, што ў Маракаі паўсталі вайскоўцы. Не пасьпеў прэзыдэнт прыехаць у Мірафлорэс, як грымнулі першыя артылерыйскія залпы.

Прэзыдэнт сьцяміў, што толькі падтрымка народу яшчэ можа яму дапамагчы і накіраваўся ў тэлестудыю Venevision, каб зьвярнуцца да насельніцтва. За дзьве гадзіны путч быў задушаны. Ягоны кіраўнік, палкоўнік Уга Чавэс Фрыас, капітуляваў з умовай, што яму таксама дазволяць выступіць па тэлевізіі.

Малады вайсковец-крэол у дэсантным барэце і з надзвычайным прамоўніцкім талентам узяў на сябе адказнасьць за паўстаньне. Потым Чавэс праседзеў два гады ў вязьніцы, пакуль ня быў памілаваны наступным прэзыдэнтам Рафаэлем Кальдэрам. Але тая прамова-прызнаньне сваёй паразы паклала пачатак палітычнай кар’еры, што зрабіла Чавэса ў 1999 г. прэзыдэнтам.

Гэтую гісторыю распавёў мне сам Уга Чавэс, калі мы ляцелі вэнэсуэльскім вайсковым самалётам з Гаваны ў Каракас. Мы пазнаёміліся тры дні таму ў Гаване, на сустрэчы зь Фідэлем Кастрам і Андрэсам Пастранам (цяперашні прэзыдэнт Калюмбіі — Тут і далей курсівам — камэнтары перакладчыка). Мяне адразу ўразіла сіла сталёвага цела Чавэса, ягоная бурная сардэчнасьць і крэольская грацыя непапраўнага вэнэсуэльца. Мы ахвотна сустрэліся б яшчэ раз, але абодва ведалі, што ня знойдзем для гэтага часу, таму й паляцелі разам у Каракас, каб хоць у самалёце пагаманіць пра ягонае зьменлівае жыцьцё й пляны на будучыню.

Калі ён пачаў гаварыць, я пабачыў чалавека, які ня меў анічога супольнага з вобразам Чавэса-дэспата, якім яго падаюць СМІ. Побач са мной сядзеў іншы Чавэс. Каторы зь іх сапраўдны?

Падчас выбарчае кампаніі канкурэнты Чавэса рабілі ўпор на ягоную рэпутацыю змоўшчыка й путчыста. Але колькі іх было ў гісторыі Вэнэсуэлы! Пачалося з Ромула Бэтанкура (былы баявік-камуніст, актыўны ўдзельнік студэнцкага руху, якога прывяла да ўлады групоўка маладых афіцэраў на чале з Пэрэсам Хімэнэсам і які правёў сацыяльныя пераўтварэньні ў краіне), які — слушна ці не — лічыцца бацькам вэнэсуэльскае дэмакратыі. Ён скінуў Ісаяса Мэдыну Ангарыта (пасьля хваляваньняў, якімі суправаджалася сьмерць дыктатара Гомэса, да ўлады прыйшоў гэты колішні міністар абароны ў Гомэсавым урадзе, які абвесьціў амбітны плян дэмакратычных пераўтварэньняў), старога вайскоўца-дэмакрата, што спрабаваў ачысьціць край пасьля панаваньня Хуана Вісэнтэ Гомэса (адзін з самых брудных лацінаамэрыканскіх дыктатараў, з амэрыканскай падтрымкай кіраваў з 1908 да сваёй сьмерці ў 1935 г.). Наступніка Бэтанкура, пісьменьніка Ромула Галегаса (вядомы інтэлектуал-дэмакрат, абраны прэзыдэнтам на першых прамых выбарах у 1948 г.), скінуў новы путч генэрала Маркаса Пэрэса Хімэнэса (кіраўнік тае самае групоўкі маладых афіцэраў, што ў свой час паставіла ля стырна ўлады Бэтанкура, часы Хімэнэса называлі “другім прышэсьцем Гомэса”), які кіраваў краінай 11 гадоў, а потым саступіў уладу маладым дэмакратычна абраным лідэрам. І пачалася найдаўжэйшая фаза, у якой Вэнэсуэла мела абраных прэзыдэнтаў.

Лютаўскі путч 1992 г., відаць, адзінае, што калі-небудзь у палкоўніка Уга Чавэса не атрымалася. Але нават за гэтую няўдачу ён дзякуе лёсу. Такая ў яго завядзёнка: тлумачыць шчасьцем, альбо розумам, альбо інтуіцыяй, альбо адоранасьцю — альбо як там яшчэ называюць магічнае Нешта — кожны свой крок ад самага нараджэньня ў Сабанэце, правінцыя Барынас, 28 ліпеня 1954 г., пад знакам улады, знакам Лява. Чавэс перакананы каталік, але прыпісвае сваю ўдачу стогадоваму амулету, успадкаванаму ад прадзеда па маці, палкоўніка Пэдра Пэрэса Дэльгада, якога ён літаральна абагаўляў.

Настаўніцкага заробку бацькоў ледзь-ледзь хапала на жыцьцё, і з 9-е клясы Уга прыходзілася ім дапамагаць, прадаючы садавіну й слодычы ўразнос. Час ад часу ён на асьле адведваў сваю бабулю па маці, што жыла ў суседняй вёсцы Лос Растрохас — гэтае сяло здавалася яму горадам, бо мела электрагенэратар, які забясьпечваў асьвятленьне ў першыя начныя гадзіны, — і бабку, якая дапамагла зьявіцца на сьвет яму й чатыром ягоным братам і сёстрам. Маці хацела, каб ён стаў сьвятаром, але Уга не пайшоў вышэй царкоўнага служкі, які, аднак, так кранальна біў у званы, што людзі па перазвоне пазнавалі яго. “Чуеце, гэта наш Уга гэтак звоне”, — казалі яны.

Аднойчы сярод кніжак сваёй маці Чавэс адшукаў лёсавызначальную энцыкляпэдыю, якая зь першага разьдзелу — “Як дасягнуць жыцьцёвага посьпеху” — зачаравала яго. Гэта быў даведнік аб разнастайных прафэсійных кар’ерах, і ён пераспрабаваў іх ці ня ўсе. Быў мастаком, які захапляўся Мікелянджэлам і атрымаў у 12 гадоў першую прэмію на конкурсе дзіцячага малюнку. Быў музыкам, без чыёй гітары й голасу немагчыма было ўявіць дні нараджэньня і вечарыны. Быў выдатным бэйсбольным трэнэрам. Вайсковай кар’еры ў даведніку не было, дый сам ён ніколі б пра яе не падумаў, калі б аднойчы не даведаўся, што самы кароткі шлях у адну з найлепшых бэйсбольных камандаў ляжыць праз вайсковую акадэмію Барынас.

Там Чавэс штудыяваў палітычныя навукі, марксізм-ленінізм і гісторыю. Яго захапіла асоба Сімона Балівара, найвялікшага Лява, чые адозвы ён вывучыў на памяць. Тады ж адбыўся і ягоны першы ўсьвядомлены канфлікт з сучаснай палітыкай. Даведаўшыся пра сьмерць прэзыдэнта Чылі Сальвадора Альендэ ў верасьні 1973 г., Чавэс ня мог зразумець, чаму чылійскае войска ўчыніла путч супраць Альендэ, калі нацыя толькі што таго абрала?

У часе навучаньня Уга па загадзе капітана сваёй роты сачыў за сынам “камуніста” Хасэ Вісэнтэ Ранхеля. “Ты не паверыш, як гуляе жыцьцё, — распавядаў мне Чавэс, гучна сьмеючыся. — Ягоны бацька сёньня мой міністар замежных справаў.”

Скончыўшы акадэмію, ён атрымаў сваю афіцэрскую шаблю ад Карласа Андрэса Пэрэса — таго прэзыдэнта, якога хацеў зрынуць праз дваццаць гадоў. “Вы ж былі гатовыя нават зьнішчыць яго ў часе путчу”, — заўважыў я, але Чавэс запратэставаў: “Ні ў якім разе. Мы зьбіраліся склікаць Канстытуцыйны сход і вярнуцца ў казармы”.

Зь першага ж моманту мяне ўразіў ягоны талент апавядальніка. Чавэс — сапраўдны плод стракатай і непаўторнай народнай культуры Вэнэсуэлы. Ён мае выдатнае пачуцьцё часу і проста-ткі звышнатуральную памяць: цытуе вершы Нэруды ці Ўітмэна ды цэлыя старонкі з Ромула Галегаса.

У раньнім юнацтве Уга выпадкова адкрыў, што ягоны прадзед быў не забойцам і гвалтаўніком, як сьцьвярджала маці, але слаўным ваякам часоў Хуана Вісэнтэ Гомэса. Чавэс так захапіўся сваім продкам, што вырашыў напісаць кніжку, каб рэабілітаваць ягоную памяць. Ён капаўся ў архівах і вайсковых бібліятэках, цягаўся ад вёскі да вёскі, шукаючы жывых сьведкаў тае эпохі, каб зь іхнай дапамогай рэканструяваць маршруты прадзеда. Падчас адной з такіх вандровак ён выпадкова перайшоў мяжу з Калюмбіяй ля Араўкі. Калюмбійскі капітан, што абшукваў ягоны заплечнік, меў усе падставы западозрыць маладзёна ў шпіянажы, бо ў таго быў з сабою фотаапарат, прыстасаваньне для тапаграфічнай здымкі, разнастайныя таямнічыя дакумэнты, вайсковая мапа з пазнакамі і два службовыя пісталеты. Пасьведчаньні ж асобы маглі быць падробленымі — калі ён шпег.

Допыт у пастарунку з партрэтам Сімона Балівара на сьцяне цягнуўся шмат гадзінаў. “Чым больш я тлумачыў, тым менш ён мяне разумеў”, — распавядаў Чавэс. Справа магла скончыцца вельмі дрэнна, калі б хлопцу не прыйшоў у галаву ратавальны аргумэнт: “Дзіўная рэч жыцьцё, сэньёр капітан! Яшчэ якіх-небудзь сто год таму мы служылі б з вамі ў адным войску і чалавек, што дзівіцца на нас з карціны, быў бы нашым супольным камандзірам. Ну як я магу быць віжом?”. Капітана кранулі гэтыя словы, і яны з Чавэсам скончылі ноч у бары Араўкі за куфлямі піва — і калюмбійскага, і вэнэсуэльскага. Нараніцу абодвум добра сушыла ў горле... Капітан аддаў Чавэсу ягоныя рэчы й абняў на разьвітаньне пасярод мосту на нічыйнай зямлі.

Пасьля акадэміі Чавэса прызначылі камандзірам аддзелу далёкай выведкі з 13 чалавек і накіравалі ў правінцыю Ар’ентэ — зьнішчаць апошнія бастыёны партызанаў. Неяк дажджлівай ноччу ў ягоны лягер папрасіўся пераначаваць палкоўнік сакрэтнай службы на чале патруля жаўнераў са сваёй здабычай: парай зьбялелых, змардаваных арыштантаў, меркаваных партызанаў. Засынаючы, Чавэс пачуў з суседняга пакою здушаныя енкі. “Выявілася, што жаўнеры лупяць арыштаваных бэйсбольнымі бітамі, абгорнутымі ў тканіну, каб не заставалася сінякоў”, — распавядаў мне Чавэс. Разьюшаны, ён запатрабаваў ад палкоўніка перадаць яму арыштаваных або вымятацца, бо не дазволіць, каб у ягоным лягеры кагосьці катавалі. Асабісты пасьля пагражалі Чавэсу трыбуналам, але абмежаваліся адно пільным наглядам. А праз колькі дзён перад лягерам прызямліўся гелікоптэр зь цяжка параненымі жаўнерамі, што трапілі ў партызанскую засаду. Чавэс на руках нёс хлопца, які сплываў крывёй і напрамілы Бог маліў: “Ня дайце мне памерці, сэньёр лейтэнант...”. Чавэс яшчэ данёс яго да машыны жывым, але потым той памёр, як і яшчэ сямёра байцоў. Уначы Чавэс ляжаў у гамаку і ня мог заснуць: “Што я тут раблю? — думаў ён. — На адным баку сяляне ў форме катуюць сялянаў-партызанаў, на другім — сяляне-партызаны забіваюць сялянаў у форме. Вайна скончылася, дык які сэнс страляць адно ў аднаго?”. Чавэс казаў мне, што той ноччу ён перажыў свой першы экзыстэнцыйны крызыс.

На наступны дзень Уга прачнуўся зь перакананьнем, што павінен заснаваць рух супраціву пад назвай — яна не магла быць інакшай — Вэнэсуэльскае народнае войска Сімона Балівара. Сябрамі-заснавальнікамі сталіся 5 жаўнераў і ён сам, 23-гадовы малодшы лейтэнант. “Зь якой мэтай?”, — пытаюся. — “Падрыхтавацца да сканчэньня заняпаду”, — адказвае ён не міргнуўшы. Праз год Чавэс, ужо афіцэр-дэсантнік у танкавым батальёне ў Маракаі, пачаў пашыраць змову. Праўда, слова “змова” ён разумеў у пераносным сэнсе, як хаўрус аднадумцаў.

17 сьнежня 1982 г. адбылася неспадзяванка, што моцна паўплывала на далейшае жыцьцё Чавэса. Ён быў тады капітанам ІІ дэсантнага палка і афіцэр-ад’ютантам сакрэтнай службы. Аднойчы камандзір палка Анхель Манрыке даручыў яму выступіць з урачыстае нагоды перад 1200 жаўнерамі й афіцэрамі. Калі батальён быў ужо на пляцы і цырымоніймайстар даў Чавэсу слова, камандзір палка ўбачыў, што той уздымаецца на трыбуну без аніякіх паперак. “А дзе Вашая прамова?” — спытаўся Манрыке. “Я яе не напісаў”, — адказаў Чавэс і пачаў імправізаваць. Гэта быў кароткі, у духу Балівара і Марці, выступ з крытыкай тае несправядлівасьці й застою, што пануе ў Лацінскай Амэрыцы вось ужо 200 год. Афіцэры слухалі з каменнымі тварамі. Сярод іх былі й сымпатызанты ягонага руху, капітаны Фэліпэ Акоста Карле і Хесус Урданэта Эрнандэс. Разьюшаны камэндант гарнізону гучна, каб усе чулі, сказаў: “Чавэс, Вас можна прыняць за палітыка”. — “Так”, — адказаў Чавэс. Тады перад камэндантам узьняўся двухмэтровы Фэліпэ Акоста і сказаў: “Вы ня маеце рацыі, сэньёр камандзір, Чавэс аніякі не палітык. Ён — лідэр сёньняшняга пакаленьня, і калі людзі кшталту Вас слухаюць, што ён кажа, Вам робіцца страшна”. Камандзір палка не сумеўся, паставіў войска на зважай і сказаў: “Я хачу, каб вы ведалі, што капітан Чавэс быў упаўнаважаны на гэтую прамову мной. І ўсё, што ён сказаў, хоць і не прадстаўлена мне пісьмова, але было паведамлена мне ўчора вусна”. Ён вытрымаў эфэктную паўзу й дадаў загадным тонам: “І нічога не павінна выйсьці за межы гарнізону”.

Пасьля Чавэс з капітанамі Фэліпэ Акостам і Хесусам Урданэтам паехалі за 10 кілямэтраў да гары Саман дэль Херэ, дзе паўтарылі ўрачыстую клятву Сімона Балівара на Монтэ Авэнціна. “Канцоўку я, натуральна, зьмяніў, — усьміхнуўся Чавэс. — Замест “калі мы разарвем ланцугі, што скавалі нас па волі гішпанскае кароны” мы пакляліся: “Пакуль мы не разарвем ланцугоў, што скавалі нас і народ па волі ўладароў”.

З таго часу ўсе афіцэры, што далучаліся да таемнага руху, мусілі складаць гэтую клятву. Некалькі гадоў запар ладзіліся таемныя зьезды з удзелам усё большай колькасьці вайскоўцаў з усёй краіны. “Мы ладзілі двухдзённыя сустрэчы, дыскутавалі і аналізавалі сытуацыю ў Вэнэсуэле, завязвалі кантакты. За 10 гадоў нам удалося правесьці пяць зьездаў, ня выдаўшы сябе.”

Але пераломнай падзеяй у жыцьці камандантэ Чавэса быў El Caracazo — народнае паўстаньне, што ў лютым 1989 г. выбухнула ў Каракасе.

Змоўшчыкі не былі падрыхтаваныя да гэтага гістарычнага моманту. Толькі-толькі Карлас Андрэс Пэрэс разгромна выйграў выбары — ніхто й падумаць ня мог, што праз 20 дзён могуць выбухнуць гэткія крывавыя хваляваньні. Чавэс у той дзень быў прыхварэўшы, але з тэмпэратурай усё ж “паехаў ва ўнівэрсытэт на асьпіранцкі калёквіюм, паехаў паўз казармы Цівуна, каб пазычыць у сябра трошкі бэнзыну на зваротны шлях”, — распавядаў мне Чавэс за колькі хвілінаў перад нашай пасадкай у Каракасе. — “Бачу — войскі на маршы. Ды яшчэ й дапаможныя, зусім ня вышкаленыя да бою, тым больш вулічнага. Звычайныя прызыўнікі, якія зброі ва ўласных руках палохаюцца. Пытаюся ў іхнага палкоўніка: “Куды вядуць гэтых людзей?” Палкоўнік адказвае: “На вуліцу. Я маю загад любымі сродкамі задушыць мяцеж, будзем душыць”. — “О, Божа, сэньёр палкоўнік, — кажу, — ці ж вы не разумееце, чым усё гэта скончыцца?” А ён мне: “Слухайце, Чавэс, ёсьць загад, нічога ня зробіш”.

На выезьдзе з казармаў машыну спыніў малады салдацік — каска зьехала набок, аўтамат зьвісае, амуніцыя матляецца. “Ён сеў у машыну — зусім знэрваваны, потны 18-гадовы юнак. “Куды ляціш?” — пытаюся. “Згубіў сваю роту, — кажа. — Там у грузавіку паехаў наш лейтэнант. Падкіньце мяне туды, сэньёр маёр.” Даганяю адзін з грузавікоў, пытаюся ў кіроўцы: “Куды едзеце?”. А ён: “А я што, ведаю?”. — “А хто ж, халера, мусіць ведаць?”

Чавэс набірае поўныя грудзі паветра і крычыць, бо жах тае начы зноў яго апанаваў: “І вось вывелі гэтых перапужаных жаўнераў, наце вам аўтаматы і паўтысячы патронаў і марш на вуліцы. Само сабой, яны стралялі проста наўкол сябе. Аўтаматным агнём вычысьцілі вуліцы, схілы й бядняцкія кварталы. Катастрофа! Тысячы забітых, сярод іх Фэліпэ Акоста. У мяне такое адчуваньне, што яны спэцыяльна паслалі яго на сьмерць, — качае галавой Чавэс. — І з гэтай хвіліны мы пачалі падрыхтоўку да дзеяньняў...”. На наступны дзень пачаліся прыгатаваньні да путчу, што праваліўся праз тры гады.

А трэцяй раніцы наш самалёт прызямліўся ў Каракасе. Праз ілюмінатар я паглядаў на мора агнёў незабыўнага места, дзе я пражыў тры вырашальныя ня толькі для Вэнэсуэлы, але й для мяне гады. Прэзыдэнт разьвітаўся са мной з карыбскай сардэчнасьцю. Калі эскорт абвешаных бразготкамі-ўзнагародамі вайскоўцаў, што акружае яго, стаў аддаляцца, мне прыйшла ў галаву думка, ад якой стала ніякавата: усё падарожжа я прыемна прагаварыў не з адным, а з двума Чавэсамі, прычым абсалютна рознымі. Адзін — той, каму ягоная неверагодная фартуна дала шанец выратаваць сваю краіну, другі — летуценьнік, што мае ўсе шанцы ўвайсьці ў гісторыю як яшчэ адзін тыран.

Паводле Le Monde diplomatique

Друкуецца са скарачэньнямі


Габрыэль Гарсія Маркес — калюмбійскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Цяжка хварэе, жыве ў Мэксыцы. Выехаў туды, пасьля таго як група калюмбійскіх партызанаў-левакоў захапіла закладнікаў, патрабуючы перадаць Маркесу ўсю ўладу ў краіне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0