Муляжы каханьня

У даўным напаўлегендарным інтэрвію “Нашай Ніве” Зянон Пазьняк сказаў, што ў нармальным цывілізаваным грамадзтве эротыкі няма і ня можа быць. Увачавідкі ён надта пагарачыўся з гэтым.

 

Сякі-такі сэкс у беларусаў ёсьцека. А вось здаровага пачуцьця каханьня практычна не засталося. Замест яго мы маем сымпатыю, разнастайныя разьлікі, спачуваньне, полавую цягу й элемэнтарную звычку. Ясна, у чыстым выглядзе ўсё гэта рэдка сустракаецца, часьцей спалучаецца ў вычварны кактэйль, на які наўмысна мацуецца цэтлік “Каханьне”. Каханьне, ці, хутчэй, закаханасьць, сталася цяперака валокаю хіба тынэйджараў. Але й яны, падрастаючы, кідаюць яго як ганебную й непатрэбную рэч у жыцьці, дзе пануюць замяняльнікі, эрзацы, муляжы, імітатары каханьня.

Сымпатыя, бывае, моцна нітуе людзей. Яна робіцца часам такой усёабдымнай, што падаецца каханьнем. Хоць насамрэч сымпатыя больш адпавядае любові, і гэта ня самае горшае ў жыцьці сёньняшніх беларусаў. Усё часьцей, аднак, у дачыненьнях паміж поламі людзі кіруюцца не пачуцьцёвасьцю, а максымальным пралічэньнем выгодаў і дабротаў ад гэтых дачыненьняў. Вось маладзічка-гамяльчанка зьбіраецца замуж, але збольшага маўчыць пра гэта, бо эмацыйнае ўцехі ў душы — ані кроплі. Затое з рацыянальнага гледзішча ўсё ладна: суджаны працуе ў міністэрстве, мае рэсурс і патэнцыял для росту, гатовы забраць жоначку ў Менск. Стае й мужчынаў, што ідуць на гэткія разьлікі. Прычым сям’я часьцяком імкнецца падштрухнуць да гэтага. “Нам жа ня трэба абы-чаго, нам жа трэба хоць троху руку заскабіць”, — вобразна навучае бабуля свайго любага ўнучка. Нават праблемы вайсковага прызыву ці разьмеркаваньня пасьля ВНУ стаюцца падставай для шлюбу. Добра, калі хоць найдрабнейшы адсотачак з тых жанімстваў спалучае разьлік з сымпатыяй.

Зь цягаю полаваю ўсё, здаецца, прасьцей: цягне адно да аднаго, і канцы тут. Давялося мне ведаць хлопца зь дзяўчынай, якія ледзьве апыналіся сам-насам, адразу пачыналі злучацца на любоў. І ён і яна выдатна ўсьведамлялі, што ніякіх супольных пэрспэктываў у іх няма, а зьвязвае іх толькі злучэньне. Прынамсі шчыра. У бальшыні ж выпадкаў пануе фальш, псэўдарамантычнасьць, а то й наагул сьвятое нічога. Або звычка. Маладыя людзі прызвычаіліся быць разам. Пра іх ведаюць бацькі, сябры, знаёмыя. Яны гуляюць у каханьне. Яны сварацца з кожнае мізэрнае нагоды й ня могуць бяз болю зрабіць адно адному найменшае саступкі. Яны разам, бо так трэба, бо ў грамадзтве такая традыцыя. Толькі дзівакі дэманструюць сваю самоту на сьвет цэлы. Большасьць аддае перавагу самоце непрыкметнай. Уявіце сабе паненку, якая ясна ўсьведамляе адсутнасьць каханьня, але папросту страшыцца адмовіцца ад наяўнага муляжу дзеля пошуку чагосьці сапраўднага. Альбо, напрыклад, ідзе па вуліцы міленькая такая парачка, ён і яна, трымаюцца за ручкі, словам — 100% каханьня. А да вушэй выпадковага мінака далятаюць абрыўкі іх дыялёгу: “Добра, іншым разам купім табе адразу, што захочаш. Абы ты толькі потым не п...зьдзела”.

Але гэта шчэ ня ўсё. Як вы думаеце, што значыць узяць шлюб па спачуваньні? Чулае сэрца шкадуе змучанага чалавека, а чалавек той потым на карак сядае. А вы кажаце мore каханьня...

Зірніце, тысячы беларусаў прагнуць каханьня, а натыкаюцца на эрзацы. Гэта адсюль занураньне ў Сеціва й пошукі віртуальных сяброў. Гэта адсюль шкадоба да котачак, сабачак ды герояў мыльных опэраў і адпаведнае зьневажаньне праўдзівага чалавека. Такое ёсьць. Летась у Менску была выкрытая падпольная галяндзкая порнавідэастудыя. У брыдкіх фільмах здымаліся студэнткі прэстыжных сталічных ВНУ. Гэта яскрава сьведчыць пра адсутнасьць у грамадзтве ўяўленьня аб каханьні. Я ўжо ня згадваю настаўніц, што падзарабляюць прастытуцыяй. Не перастаю пераконвацца ў слушнасьці пастаўленага часопісам “ARCHE” ў 1998 г. знаку роўнасьці між РБ і парнаграфіяй. Тым часам слова каханьне відочна робіцца састарэлым, і новы беларускі слоўнік выйдзе з пазнакаю на гэты конт. Але ж вельмі шкада...

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0