Беларусь праз 100 гадоў

 

За дзьве гадзіны ад Вашынгтону

Лета 2101 г. Усходняя мяжа Эўрапейскай канфэдэрацыі. Жаўнеры Беларускага корпусу эўравойска патрулююць памежныя раёны на лёгкіх лятальных апаратах. Ля кантрольнага пункту лунаюць сіні з жоўтымі зорачкамі і бел-чырвона-белы сьцягі. На экранах іхных відэафонаў-акуляраў паміргвае паведамленьне: “Увага! Нагадваем, што з 1 чэрвеня 2101 г. паленьне тытуню тут забароненае ў сувязі з пагаршэньнем экалягічнай сытуацыі. Антытытунёвыя плястыры можна атрымаць у кожнай краме”.

У крамах, кавярнях і рэстарацыях людзі замест грошай і крэдытных картак карыстаюцца сэнсарнымі панэлямі, прыклаўшы палец да якой, можна перавесьці патрэбную суму са свайго рахунку на іншы або заплаціць. За 45 хвілінаў палёту на флаеры ад Магілёва ляжыць 15-мільённы мэгаполіс Менск, буйны транспартны цэнтар. Паветраныя цягнікі далятаюць адсюль да Вашынгтону за 2 гадзіны, касмапорты кожны дзень адпраўляюць дзясяткі касьмічных караблёў-“чаўнакоў” з рабочымі на будоўлі Месяца... Тыя будоўлі — самы прыбытковы занятак, таму ахвотных заўсёды хапае.

Менск — адзін з найбуйнейшых інфармацыйных цэнтраў Эўропы. На паўднёвы захад ад Менску, між Нясьвіжам, Мірам і Наваградкам, знаходзіцца адна з эўрапейскіх турыстычных зонаў. Нанова адбудаваныя ўсе старажытныя замкі й палацы Беларусі. Ля Наваградзкага замку адбываюцца вядомыя на ўвесь сьвет рыцарскія фэсты.

На поўдні Беларусі яшчэ можна пабачыць магутныя іянізатары паветра — напамін пра Чарнобыль, ужо амаль забыты. 30-кілямэтровая “зона” яшчэ існуе, але яна даўно не ахоўваецца. Здараецца, сюды заходзяць зубры, якіх шмат распладзілася ў нацыянальных парках Эўропы.

Уся Беларусь забудаваная двух- і трохпавярховымі дамкамі зь лёгкага матэрыялу. Засталося толькі некалькі лапікаў ворнай зямлі: генэтычныя адкрыцьці дазваляюць вырабляць неабходную колькасьць прадуктаў на 2—3% ад агульнай тэрыторыі. Затое шмат месца адводзіцца пад генэратары энэргіі паветра і пад пашы: чыстае, натуральнае мяса любяць і ў ХХ ст.

Дарэчы, піва зь Беларусі — адно з найлепшых і найпапулярнейшых у Эўропе, бо падзямельныя воды тут — самыя чыстыя на кантынэнце. Беларускае Паазер’е, якое грунтоўна пачысьцілі паўстагодзьдзя таму, пасьля глябальнага пацяпленьня сталася папулярным халодным курортам.

Старажытны Полацак зрабіўся навуковым цэнтрам. Полацкі ўнівэрсытэт рыхтуе спэцыялістаў у галінах касьмічнай інжынэрыі, мэдыцыны, экалёгіі, сучасных мэдыятэхналёгіяў. Ягоныя колішнія выпускнікі спраектавалі першую ў сьвеце міжплянэтную касьмічную станцыю, дасьледуюць гены старэньня (сярэдняя працягласьць чалавечага жыцьця складае 150—160 гадоў), распрацавалі сыстэму ачысткі паветра ў гарадах.

Усе СМІ даўно выходзяць толькі ў электронным варыянце, і толькі ў музэях захоўваюцца папяровыя газэты і часопісы, апошнія зь якіх распавядаюць пра будаўніцтва касмапорту пад Віцебскам.

Усё ідзе сваім ходам... А беларускае выданьне “Наша Ніва” вырашыла аднавіць распачаты калісьці праект “Беларусь праз 100 гадоў”. ХХІІІ стагодзьдзе — будзем загадваць!

Ян Мацур

 


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0