10 верасьня – ля ЦВК

Кангрэс Дэмакратычных Сілаў:
лёс выбараў вырашыцца на вуліцы

Заля Кангрэсу была расквечаная перадвыбарнымі клічамі: “Грамадзкая кааліцыя за адзінага кандыдата”, “У адзінстве сіла”, “Адзіны кандыдат, адзіная Беларусь”. Форум, як у Беларусі вядзецца, адкрыўся на паўгадзіны пазьней прызначанага. Чакаючы, прысутныя слухалі песьні з альбому “Я нарадзіўся тут”. Пачаўся Кангрэс цікавосткай: сп.Пузыня, вядомы майстар народных інструмэнтаў, у даўнейшай сялянскай вопратцы, зайграў на сцэне на сурме. Потым на трыбуну падняўся старшыня аргкамітэту Кангрэсу Юры Хадыка. Ён патлумачыў, чаму сход праводзіцца толькі пры канцы лета, і заявіў, што мэта форуму — натхніць “дзясяткі тысячаў прыхільнікаў”. Ён таксама прапанаваў усім прыхільнікам дэмакратыі сабрацца ўвечары 9 верасьня пад сьценамі ЦВК, каб падтрымаць адзінага дэмакратычнага кандыдата, Уладзімера Ганчарыка.

Кангрэс вялі Лявон Баршчэўскі і Людміла Гразнова. Сп-ня Гразнова запомнілася слабой беларускай мовай і жоўтай “зуброўскай” кашуляй, апранутай у знак салідарнасьці з арыштаванымі ўчора хлопцамі. Хоць беларускай мовы на дзьвюхмоўным зьезьдзе было непараўнана больш, чым у спэцвыпусках незалежных газэтаў, якія раздавалі дэлегатам.

Сп.Баршчэўскі распавёў пра складаную ўнутрыпалітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю і правёў паралелі паміж сёньняшняй Беларусяй і гітлераўскай Нямеччынай.

Потым на трыбуну падняўся дыякан Беларускай Народнай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Леанід Акаловіч. Ён правёў малітву за Беларусь, бласлаўляючы ўсіх крыжам. Удзельнікі кангрэсу маліліся за перамогу стоячы. Адно што ня ўсе здагадаліся адключыць на гэты час свае тэлефоны.

Цьвіком парадку дня было выступленьне сп.Ганчарыка і Домаша. Яны зьявіліся на сцэне разам і віталі залю, узяўшыся за рукі. Першым выступаў адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Ён дзякаваў за падтрымку і адзінства. “Нас спрабавалі пасварыць, але не атрымалася. Мы знайшлі супольную мову”. Сп.Ганчарык зьвярнуў увагу на неабходнасьць пільнага кантролю за папярэднім галасаваньнем, на небясьпеку сёньняшняй павышанай актыўнасьці ў войску, спыніўся на зьнікненьні ў Беларусі людзей. “Мы патрабуем, каб была створаная незалежная камісія. Кіраўніцтва дзяржавы нясе адказнасьць за гэта, і мы памяняем такую ўладу”. Патэнцыйны прэзыдэнт акрэсьліў асноўныя напрамкі сваёй праграмы. “Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай, з прыгожымі гарадамі, добрымі шляхамі і выдатнай сельскай гаспадаркай, з годнымі пэнсіямі, нармальнай сфэрай абслугоўваньня, багатымі прылаўкамі і памяркоўнымі цэнамі. Такой будзе Беларусь, і такой бачу я ейную будучыню... Беларуская эканоміка будзе чэснай і маральнай”. У.Ганчарык прапанаваў Аляксандру Лукашэнку паўдзельнічаць у жывых тэледэбатах. Заля стоячы вітала яго авацыяй і воклічамі “Жыве Беларусь!”. Праграмы Ганчарык не агучыў. Паводле ягоных словаў, яна яшчэ дапрацоўваецца.

Ня менш воплескаў сабраў і Сямён Домаш. Ён тактоўна заўважыў, што гэтыя бурныя аплядысмэнты адрасуюцца ў роўнай ступені і Ў.Ганчарыку. Домаш заўважыў, што дэмакратычнае беларускае грамадзтва мае ўжо палову перамогі, і гэтая палова заключаецца як у рашэньні пяцёркі, так і ў нядаўнім пагадненьні паміж двума прэтэндэнтамі. Ён адцеміў, што асабіста яму нялёгка далося рашэньне пра зьняцьцё кандыдатуры. “Сёньня я абяцаю, што здыму сваю кандыдатуру. У адзінстве — сіла!.. Хочацца, каб нашы дзеці не жылі ў вар’яцкім доме, у якім жылі дагэтуль мы”. Добрай традыцыяй для Домаша сталася цытаваньне клясыкаў беларускай літаратуры. Гэтым разам — Багдановіча: “Беларусь, твой народ дачакаецца Залацістага яснага дня”.

Дарэчы, пазаўчора ж на пленуме ЦК Партыі Камуністаў, якая ня брала ўдзелу ў Кангрэсе дэмакратаў, Сяргей Калякін паведаміў: Сямён Домаш абвесьціць пра зьняцьцё сваёй кандыдатуры на карысьць У.Ганчарыка 21 жніўня ў тэлевізійным выступе, які пачнецца а 19-й. С.Калякін паінфармаваў таксама пра перамовы з С.Гайдукевічам, якога пераконваюць далучыцца да ганчарыкаўскага блёку.

Ня ўдзельнічаў у кангрэсе Васіль Лявонаў. Не было й лідэра “Народнай Грамады” Міколы Статкевіча, які выказаўся супраць яго правядзеньня. (Кароль прадстаўляў партыйную апазыцыю.)

Лідэры іншых апазыцыйных палітычных партыяў узялі чынны ўдзел у Кангрэсе.

Анатоль Лябедзька (АГП) зьвярнуў увагу тым, што ў сваім выступе агучыў зьвесткі пра суму, якую быццам бы мае на асабістым рахунку Лукашэнка. На думку сп.Лябедзькі, яна можа складаць два мільярды даляраў. Праўда, аўдыторыя неяк вяла адрэагавала на гэтую сэнсацыйную лічбу. Лідэр “грамадзянаў” зачытаў таксама па-ўкраінску (не без памылак) прывітаньне Кангрэсу ад украінскай грамадзкасьці (сярод падпісантаў ліста была і Юлія Цімашэнка).

У Вінцука Вячоркі (БНФ) слова “пагадненьне” ў розных склонах і ліках паўтарылася разоў 12. Лідэр БНФ заявіў: афіцыйны Менск не зьбіраецца праводзіць свабодных выбараў — пачаліся пагромы грамадзкіх арганізацыяў і незалежных выданьняў. А таму прыйдзецца абараніць перамогу, вывеўшы людзей на вуліцу 10 верасьня.

Запомніўся Станіслаў Шушкевіч (БСДГ): “Сп.Ганчарык і Домаш, я ўдзячны Вам за кемлівасьць, працавітасьць, мудрасьць. Я прашу ў Вас прабачэньня”. Ганчарык знайшоўся: “Мы таксама будзем пра Вас думаць лепш”.

Аляксей Кароль (Народная Грамада) чамусьці параўнаў зьвязку Ганчарык—Домаш са зьвязкай Гор—Лібэрман.

Пасьля абеду выступалі новыя аратары. Як заўсёды, запомніўся Павал Севярынец, што спачатку прамаўляў спакойна, а потым сарваўся на эмоцыі. “У нас моцныя кандыдаты! Адзінства — сіла! 10 верасьня моладзь зьдзейсьніць паход на Менск”, і мы зажывем у вольнай краіне.

Алег Трусаў, які ўзяў слова ад імя ТБМ, быў настроены больш пэсымістычна, чым задорны лідэр МФ. Ён зьвярнуў увагу на тое, што штаб Ганчарыка пакуль не падрыхтаваны і там вельмі шмат выпадковых людзей, якіх трэба, пакуль ёсьць час, выгнаць. А.Трусаў выказаў занепакоенасьць тым, што запозна дэмакратычная грамадзкасьць вырашылася з супольным кандыдатам, трэ было гэта зрабіць калі не зімой, дык, прынамсі, пры канцы вясны. Ён рабіў гэтыя высновы нібы для памяці, для наступнае выбарчае кампаніі.

У тым жа рэчышчы выступіў Міхаіл Чыгір. Ён сказаў, што лепш, каб кангрэсмэны з утульнага “Сукна” разьехаліся па вёсках, працаваць сярод людзей. Сам сп.Чыгір прыехаў на Кангрэс зь мітынгу падманутых уносчыкаў банку “БелБалтыя”. Ён зьвярнуў увагу на тое, што гэтыя людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю, ня ведаюць, за каго галасаваць, а што казаць пра простых вяскоўцаў? Менавіта зь імі і трэба працаваць, даводзіць, пераконваць, — сьцьвярджаў экс-прэм’ер. Ён таксама засяродзіў увагу на тым, што ў недалёкай будучыні патаемныя сілы рыхтуюць правакацыі супраць Ганчарыка, таму варта быць пільнымі.

Былі й выступы весялейшыя. Гэтак, прадстаўнік Партыі Зялёных сп.Церахаў распавёў, што беларусы доўгі час жылі без экалягічных катастрофаў. Катастрофы ў нас быццам бы пачаліся толькі пасьля імпэрскіх заваёваў Расеі ў ХVII ст.

Апошнім акордам стаў выступ паэтаў Някляева й Законьнікава, якія ствараюць “адзінаму” кандыдату слоганы кшталту: “Жанчыны й цёткі! Трэба Ганчарыка выбраць усё-ткі!” або “Калі ты хочаш дабра для радзімы — Ганчарык адзіны”.

У цэлым жа ўдзельнікі Кангрэсу пацешылі сваёй упэўненасьцю ў перамозе. Да выбараў застаецца менш за тры тыдні. Схамянемся, прэч сумневы! — гэткі матыў праходзіў праз усе выступы.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0