Уладзіслаў Місевіч:
«У нас тут куча дзяцей»

“НН”: Чаму падчас апошняга “Славянскага базару” вы выступалі ў расейскі дзень?

Уладзіслаў Місевіч: У Расеі мы працуем стала, бо ў Беларусі сутыкаемся з пэўнымі цяжкасьцямі, якія нам ствараюць Замяталін і сёньняшні міністар культуры. Нас нікуды не запрашаюць, робяць выгляд, нібы нас увогуле няма. Хоць мы гаспадарча-разьліковая адзінка “Белканцэрту”. Зрэшты, нас гэта задавальняе, асабліва зараз: мы не жадаем агітаваць за кагосьці альбо супраць кагосьці. А з “Славянскага базару” зрабілі палітычнае мерапрыемства.

У канцэрце мы засьпявалі тры песьні. Песьню “Россия — Беларусь” мы прапанавалі самі. У Беларусі гэтая песьня — прадмет дыскусіі. У Расеі яна вельмі папулярная, амаль гімн. Увогуле ж, за апошнія тры гады ў нас са “Славянскім базарам” было зьвязана некалькі непрыемных эпізодаў. Нас альбо зусім не запрашалі, альбо скасоўвалі запрашэньне літаральна напярэдадні.

“НН”: І чым гэта тлумачылася?

У.М.: Пакуль ёсьць Замяталін, нас нікуды не запросяць… Міністар — гэта бязвольная фігура, якой ён кіруе. А вось расейцы нас запрасілі. Менавіта з гэтай прычыны ў нас у рэпэртуары зьявілася песьня на тэму сяброўства двух народаў. Тэма для нас жывая. Нас падпітвае Расея. У Беларусі людзі ня маюць лішніх грошай на квіткі. Дый за 30 год мы пасьпелі ўсю яе аб’езьдзіць. Мы хочам, каб людзі ад нас адпачылі. Час ад часу выяжджаем у раённыя і абласныя цэнтры — дзе ёсьць умовы для выступленьняў. Аднак, гэтыя ўмовы непараўнальныя з тымі, якія ствараюць нам у Расеі. Маю на ўвазе як сцэнічную пляцоўку, так і побыт — гатэль, харчаваньне. Расея — багаты і патрабавальны рынак. Мы працуем якасна і паступова вяртаемся на ўзровень, які “Песьняры” ледзь не згубілі.

Акрамя таго, нашае тэлебачаньне не вытрымлівае ніякай крытыкі. Каб цябе ўбачылі беларусы, трэба ехаць у Маскву, а на гэта патрэбныя вялікія грошы. Спонсараў у Беларусі з часоў Кебіча ў нас няма. Мы за ўсё плацім з сваёй кішэні. “Белканцэрт” дае нам толькі офіс і тэлефоны.

“НН”: Чаму Замяталін вас ня любіць?

У.М.: Для мяне гэта загадка. З Мулявіным ён мае сталы галаўны боль — выпіхваць на сцэну і вымушаць сьпяваць. Замяталін шмат губляе, калі найважнейшыя канцэрты выконваюцца п’янымі альбо непрафэсійнымі людзьмі.

У нас увогуле няма аніякіх крыўдаў. Адно крыўднавата, што мы ня трапілі ў Беларускі дзень на “Славянскім базары”. За 30 з гакам гадоў працы мы заслужылі, каб выступіць на галоўным беларускім фэстывалі ў Беларускі дзень.

Калі хтосьці з нашых музыкаў купляе дом альбо кватэру ў Расеі, у гэтым няма нічога экстраардынарнага. Мы былі і застаемся беларускімі грамадзянамі. У нас тут куча дзяцей ад першых і другіх жонак, і ўсіх іх трэба карміць і апранаць. Тут наша радзіма.

Гутарыла Ю.А.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0