Выбары ў беларускім Інтэрнэце

Чалавек, у якога дома альбо на працы стаіць кампутар з мадэмам, можа сачыць за выбарчай кампаніяй, гойдаючыся на задніх ножках крэсла й папіваючы каву. Варта толькі набраць у адпаведным акенцы некалькі лацінскіх літар і націснуць кнопку “ўваход”. Перад вамі адкрыецца старонка таго ці іншага кандыдата або агенцтва, што сочыць за выбарамі й зьбірае ўсе навіны й зьвесткі. Вы можаце зайсьці ў дыскусійны клюб і пагаварыць зь вядомым палітыкам ці экспэртам, а потым абмеркаваць яго словы зь іншымі наведнікамі сайту.

Штодзень на прагледжаных мною сайтах зьяўляюцца дзясяткі розных матэрыялаў — навіны, апытаньні, статыстыка, аналітычныя артыкулы, канфэрэнцыі on-line. У рэальным жыцьці пра выбары сьведчаць толькі налепкі й нязграбныя белыя тумбы, пастаўленыя ў прыдатных для гэтага месцах. Выглядае, што Беларусь віртуальная больш зацікаўленая выбарамі, чым Беларусь рэальная. Напэўна, карыстальнікамі Інтэрнэту зьяўляюцца 3% самых актыўных людзей у нашай краіне.

 

Сайты кандыдатаў

Сяргей Гайдукевіч заявіў “НН”, што ня мае свайго сайту, бо няма ў тым патрэбы. Але пры гэтым ён сказаў, што “я літаральна жыву ў Інтэрнэце, праводжу там шмат часу, бываю ва ўсіх форумах, што тычацца палітыкі. Мае артыкулы, перадвыбарчую праграму, пазыцыю, біяграфію, здымкі вы можаце знайсьці на сайце “БДГ”, БелаПАНу, vybary.net”.

Сярод наведнікаў форуму www.vybary.net пабытуе думка, што сп.Гайдукевіч усё ж мае свой сайт — www.dereh.com, адміністратарам якога зьяўляецца Анатоль Герасімаў. Аднак сп.Гайдукевіч запэўніў “НН”, што ня ведае такога сайту й такога чалавека.

 

www.dereh.com

Гэты сайт мае слоган “Думай, а то прайграеш!”

Мова — расейская. Калёры — чырвоны, белы й сіні. Сайт мае густоўны дызайн і хутка працуе. Бачны прафэсіяналізм распрацоўшчыкаў. Колькасьць наведнікаў пазначаная больш за 113 тыс. — яўна завышаная. Бібліятэка публікацыяў пра беларускую сучаснасьць зь беларускай і замежнай прэсы. Кожны артыкул можна абмеркаваць, варта толькі клікнуць мышкаю й набраць пару словаў у блянку ліста. Падаюцца вынікі апытаньняў НІСЭПД.

Кідаецца ў вочы, што на стартавай старонцы выява “Пагоні” зьмешчаная паміж двума стылізаванымі расейскімі трыкалёрамі. Да нядаўняга часу побач красаваўся надпіс “Живе Беларусь!”. Ніхто з наведнікаў не зьвяртаў увагі, пакуль не зьявіўся ультранацыяналіст пад login’ам “Вялікалітва”, які папрасіў сп.Герасімава паправіць недарэчнасьць. Форум жывы й актыўны, чаму спрыяе ненавязьлівая прысутнасьць мадэратара, які стымулюе абмеркаваньне тае ці іншае тэмы. У гэтым форуме дапускаюцца аб’явы “купля/продаж”, “шукаю працу”, што таксама сьведчыць пра папулярнасьць форуму. Мат з форуму выдаляецца. Асноўная тэма форуму (як і ўсяго сайту) — крытыка апазыцыі й адзінага кандыдата: сьцьвярджаецца, між іншым, што Захаранка быў зладзюга й рэкецір, Лябедзьку зь Вячоркам кормяць жыды, якія пераехалі на Захад, АГП наладзіла бізнэс на ўцекачох. Лаюць Лявонава, Ганчарыка й Домаша як камуністаў, што лезуць ва ўладу з мэтаю ўзяць рэванш. Ёсьць брыдкі артыкул пра Чыгіра, стылізаваны пад астралягічны прагноз. Пра Лукашэнку кепскае падаецца асьцярожна й са схаванай камплімэнтарнасьцю, напрыклад, публікацыя “Бабнік са Шклова” апісвае ягоныя амурныя прыгоды. Сайт стварае ўражаньне, што Лукашэнка някепскі ў прынцыпе, але ягоны час сышоў; што апазыцыя — слабая й прадажная; што старая намэнклятура спаялася з новай апазыцыяй і рвецца ва ўладу… Лексыка й тон наведнікаў форуму адпаведныя: шмат абразаў апанэнтаў (кшталту “эліта, блін, срань гасподня”). Адзін з наведнікаў форуму выкладае канспэкт інтэрвію Гайдукевіча, якое той даў днямі Юр’ю Пацёмкіну зь БелаПАНу. Сярод наведнікаў заўважаны Алег Батурын з патрыятычнымі воклічамі.

 

www.goncharik.org

Афіцыйны сайт Уладзімера Ганчарыка. Стартавая старонка — расейскамоўная. Ёсьць ангельскі й беларускі варыянты. Распрацоўшчыкам сайту зьяўляецца сын Валянціны Палевіковай Сяргей, які цяпер вучыцца ў Х’юстане (Тэхас). Афармленьне стартавай старонкі: выява менскага краявіду і ўдалы здымак Ганчарыка, які закінуў пінжак за плячо і ўсьміхаецца. Бялюткая кашуля, разумны твар, размыты краявід за плячыма. Здымак немаладога, але энэргічнага чалавека, з трошачкі партыйнаю рэспэктаю.

У рубрыцы “Пытаньні й адказы” кандыдат паўстае як вельмі памяркоўны чалавек: прапіска справа кепская, але на пэўны час патрэбная; пазыцыя ФПБ не заўсёды была слушнаю з аб’ектыўных прычынаў; веру ў перамогу, але й у выпадку няўдачы не складу рук; чытаць трэба ўсялякую прэсу, і дзяржаўную, і недзяржаўную, а праўды шукаць самому. У рубрыцы “Пазыцыя” кандыдат выказвае свае погляды на эканоміку, нутраную й замежную палітыку, “сацыялку” й маладзёвыя праблемы. З “Пазыцыі” Ганчарык паўстае як “прэзыдэнт пераходнага тыпу”. На жаль, не артыкуляваныя погляды на разьвіцьцё культуры. Цалкам праграму кандыдата абяцаюць “павесіць” неўзабаве. У рубрыцы “Прэзыдэнцкая рада” — партрэты Домаша й Казлоўскага. Рубрыка “Радавод” падае зьвесткі пра сям’ю кандыдата й ягоны “мэнтальны партрэт”: “У.Г. — адзін зь нешматлікіх беларускіх лідэраў, якія належаць да легендарнага пакаленьня “шэсьцьдзясятнікаў”. Пакаленьня, для якога малако маці было прыпраўленае дымам другой сусьветнай, маладосьць — авеяная свабодай “хрушчоўскай адлігі”, а сталыя гады — упадкам “жалезнай заслоны” й дэмакратызацыяй грамадзтва”. Біяграфія й радавод пададзеныя вельмі падрабязна. Ёсьць падборка сьвежых палітычных показак.

Домаш і Ганчарык на сваіх сайтах цёпла ды многа пішуць пра свае сем’і. Ганчарык яшчэ й шмат цытуе сваіх родных. Паведамляецца, што “Ганчарыкі — спрадвечна беларуская сям’я зь Меншчыны. Усе прадстаўнікі старэйшага пакаленьня любілі зямлю й умелі на ёй працаваць”. Маці Ў.Ганчарыка спн.Ніна, Ганчарык (з дому Сінюковіч) жыве ў родным Аўгустове, пераяжджаць у Менск не зьбіраецца, бо любіць свой дом. Ва Ўладзімера Ганчарыка дзьве сястры й брат. Усе людзі паважныя, з адукацыяй. Малодшая сястра ўзгадвае:

“І вось мы трое, дзеці настаўнікаў, падзець нас няма куды — бацькі на працы, і мы былі цэлымі днямі ў школе. У нас былі такія жалезныя пляцачкі, у іх пакладуць “зсабойку”, і мы дзе-небудзь на ўроку ціхенька сядзім”. Галоўнымі якасьцямі, якія прывялі Ўладзімера да посьпеху, сястра лічыць упартасьць, рашучасьць і стрыманасьць — у гэтым ён падобны да маці.

Сайт мае ажыўлены, гаваркі форум; у рубрыцы “пытаньне–адказ” людзі пытаюцца пра свабоду прадпрымальніцтва, саюз з Расеяй, “выцечку мазгоў”, мэдычную й адукацыйную рэформы, мабільную ды пэйджынгавую манаполіі, што існуюць у Беларусі. Адны выказваюць Ганчарыку падтрымку, іншыя лаюць за тое, што ён не саступіў Домашу.

На сайце я не спаткала ніводнага хама. Ці то цэнзура дзейнічае, ці то хамы на goncharik.org ня ходзяць. Прэс-сакратар ФПБ Зьміцер Верашчагін сайтам задаволены й лічыць, што і дызайн, і зьмест адпавядаюць найвышэйшаму стандарту.

 

www.domash.by

Сайт Домаша. Стартавая старонка — беларускамоўная (наркамаўка). Ёсьць ангельскі й расейскі варыянты. Сіні фон, лёзунг “Шчасьця й дабрабыту народу Беларусі”, стылізаваны пад рукапісны. Стылёвыя здымкі. Партрэт на галоўнай старонцы рэпрэзэнтуе Домаша як рэспэктабэльнага й сур’ёзнага чалавека. Шэры гарнітур, разумныя вочы за шкельцамі добрых акуляраў, акуратная пастава.

Сайт дыхтоўны, пазбаўлены вульгарнасьці. Форум не працуе (шкада!). Хацелася б ацаніць і публіку Домаша.

У разьдзеле “Пра Домаша гавораць” выказваюцца Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Віктар Скарабагатаў, Алег Трусаў, Мікола Статкевіч, Андрэй Клімаў, Васіль Шлындзікаў, Андрэй Саньнікаў. Рубрыка “Сацыялёгія” падае вынікі размаітых сацыялягічных апытаньняў. На Vox Populi можна паставіць на аднаго з кандыдатаў.

Аўтару вэб-дызайну Андрэю Пэйцу ды кіраўніку праекту Андрэю Кусельчуку ўдалося стварыць вельмі рацыянальны сайт, які не захапляе нас эмацыйна, але нясе пэўны пасыл — “Домаш — салідны прэзыдэнт, эўрапейскі прэзыдэнт”, дыхтоўны, як ягоны сайт ці ягоны гарнітур.

 

www.president.gov.by

Сайт Лукашэнкі — расейскамоўны — адзначаецца пэўнай афіцыйнасьцю й параднасьцю. Такім мог бы быць сайт Брэжнева. Ёсьць ангельская вэрсія, няма беларускай. Пададзеныя біяграфія, фотаальбом, “адказы на найбольш часта задаваныя пытаньні”. Пры пераказе свае біяграфіі Лукашэнка цытуе Абрагама Лінкальна. Значна лепей, чым можна было чакаць, выкладзеная гісторыя й культура Беларусі. Згадваюцца Полацкае й Тураўскае княствы, ВКЛ, трохі меней — БНР. Сьцісла й трошкі камічна пададзеныя зьвесткі пра “Интересы и увлечения” прэзыдэнта. Цытую цалкам.

А.Г.Лукашенко всегда много и охотно занимался спортом. Он уверен, что огромные психологические нагрузки, которые ложатся ежедневно на Главу государства, состояние нервного стресса можно снять активным спортом. С удовольствием сам садится за руль автомобиля, любит совершать поездки без охраны и сопровождения и посещать объекты социально-бытового назначения без предупреждения, получая информацию о состоянии дел на местах из первых уст.

Президент, день которого расписан по минутам, за государственными делами пытается выкроить время, чтобы подойти к книжной полке. Чтение книг — для него одно из приятнейших занятий.

Удовлетворение ему доставляет ознакомление с техническими новинками, последними достижениями научной мысли.

Стыль аповесьцяў Марыі Прыляжаевай пра Леніна. Да той жа стылістыкі належыць здымак на галоўнай старонцы: Лукашэнка зь дзяўчынкай на руках.

Пададзеная характарыстыка нутраной і замежнай палітыкі. Горка чытаць, што “Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі зьяўляецца … гарантам Канстытуцыі, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна”.

Сайт паведамляе, што адзін з прыярытэтаў палітыкі прэзыдэнта — высокія тэхналёгіі ў эканоміцы, цывілізаваная прыватызацыя, свабода формаў уласнасьці, рэканструкцыя буйной вытворчасьці, рэформа АПК. (У дні, калі з падачы прэзыдэнта па ўсёй краіне вядзецца канфіскацыя маёмасьці грамадзкіх арганізацыяў, гэта цяжка чытаць.) Ягонае разуменьне сувэрэнітэту й нацыянальнага адраджэньня “грунтуецца на прынцыпах дэмакратыі, правоў чалавека і этнічнага міру. Прыхільнік выключна прававых мэтадаў вырашэньня спрэчных праблемаў”. Вычварная іронія.

У разьдзеле “Вядомыя людзі аб Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі” выказваюцца Алексій ІІ, мітрапаліт Філарэт, Аман Тулееў, Ягор Строеў, Бутрас Галі (дзякуе за вывад ракетаў), Іван Шамякін (хваліць, але просіць не душыць мовы й культуры).

У фотаальбоме (12 старонак па 4—7 здымкаў кожная) зьмешчаныя толькі здымкі з афіцыйнае хронікі. Лукашэнка зьняты з калегамі па СНД, расейскімі палітыкамі, а таксама зь Фідэлем Кастра, эмірам Катару й Францам Враніцкім, былым канцлерам ФРН. Няма ніякіх здымкаў Лукашэнкі зь сям’ёй і сябрамі.

У той жа час на сайце Пуціна ёсьць спасылка на біяграфію Людмілы Пуцінай, здымкі зь сям’ёй і сябрамі сям’і.

Аматары больш жывое чытанкі пра сп.Лукашэнку могуць зайсьці ў Карчму Старога Язэпа www.jazep.f2s.com або ў часопіс “АRCHE” arche.home.by, дзе быў апублікаваны “малы чырвона-зялёны цытатнік” Лукашэнкі.

 

Агульныя сайты пра выбары

 

www.vybary.net

Распрацоўшчык і гаспадар сайту — Франак Вячорка. Мова — клясычная. Дынамічнае абнаўленьне навінаў. 15 жніўня сайт ладзіў on-line’авыя канфэрэнцыі з Гайдукевічам, Ганчарыкам і Домашам. Разьдзел “Кандыдаты” падае біяграфію, публікацыі, апісвае імідж і асаблівасьці характару.

Трохі чапляе “завочнае інтэрвію” з А.Лукашэнкам жорсткім “сьцёбам” з асаблівасьцяў маўленьня чалавека. А як жа яшчэ можа гаварыць паўсірата зь беднай вясковай сям’і? Сьмяяцца трэба не з таго, што ён кепска гаворыць па-расейску, а з таго, што ён саромеецца свае нацыянальнасьці й мовы. Разьдзел “Іншы погляд” падае публікацыі ў замежнай прэсе аб беларускіх выбарах. Ёсьць матэрыялы актуальных апытаньняў.

Рубрыка “Суб’ектыўны камэнтар” зьмяшчае матэрыял “Здымаю капялюш, сп. намэнклятурнікі”, у якім аўтар піша пра эмбрыянальны стан беларускай дэмакратыі, якая здолела супрацьпаставіць дыктатару толькі абойму былых намэнклятурнікаў. Карэктна й палемічна.

 

www.vybiraj.org

Гэта сайт непалітычнай выбарчай кампаніі ВЫБІРАЙ! — псыхатэрапэўтычны, у аранжавых колерах. Нагадвае здаровую раніцу са шклянкаю апэльсынавага соку.

Лёзунгі: “Страшна, калі няма выбару” й “Усё будзе добра. Дзень прыйдзе новы”. Адхланьне для тых, хто стаміўся ад брыдоты вакольнага жыцьця. Узоры 52-ха налепак і постэраў, разьлічаных на ўсе катэгорыі насельніцтва. На жаль, гэтых налепак мала бачна на вуліцах. Ці то грошай замала, ці то мастацкая якасьць такая высокая, што людзі забіраюць іх сабе. З гэтых налепак і плякатаў, безумоўна, атрымаецца някепскі альбом “Непадцэнзурны плякат у Беларусі 2001 г.” Сайт падае навіны аб спартовых і культурных акцыях непалітычнай кампаніі ВЫБІРАЙ!

 

vybory.bdg.by

Расейскамоўны выбарны сайт “Белорусской Деловой Газеты”. Побач з надпісам Выбары-2001 разьмясьціўся нейкі стод — каменны рэзанёр з разяўленым ротам. Сайт вытрыманы ў цёмных балотных калёрах з пурпуровымі спасылкамі, аформленымі пад сылюэт Беларусі. Шчоўкаючы мышкаю па спасылках, можна прагледзець разьдзелы “вероятные кандидаты на пост президента”, “аналитические материалы”, “новости избирательной кампании”, “статистическая информация”, “социология”. З сайту vybory.bdg.by можна па спасылках прасачыць лёс 20 сёлетніх прэтэндэнтаў у кандыдаты, а таксама патрапіць на іхныя сайты. Выключна моцныя камунікатыўныя здольнасьці сайту (г.зн. хуткасьць і зручнасьць працы форуму і разьдзелу пытаньне-адказ, зваротнай сувязі з адміністратарам).

 

www.rec.gov.by

Сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў сьціплы й афіцыйны. Выключна расейскамоўны. Фон — шэра-белы. Зьлева — герб, справа — сьцяг. Разьдзелы “выбары”, “архіў выбараў”, “нарматыўная база”, “склад камісіі”, “форум”. Сайт хутка працуе. Форум актыўны. Наведнікі ў асноўным крытыкуюць выбарчае заканадаўства, першага прэзыдэнта, а таксама абмяркоўваюць… моўнае пытаньне. Нехта выказаўся па-беларуску, яго папрасілі “говоріть на обшчепрінятом языке”, і пайшло-паехала. Беларускамоўныя людзі карэктныя й упартыя, расейскамоўныя выяўляюць снабізм. Выглядае на тое, што форум не цэнзуруецца, і гэта мілая неспадзяванка.

Распрацоўвала сайт служба internetservis.minsk.by.

 

www.election.belapan.com

Адмысловы сайт інфармацыйнай агенцыі БелаПАН у трох моўных вэрсіях. Гэтаму сайту я аддаю перавагу перад усімі астатнімі. Ён падаецца найбольш дынамічным і аб’ектыўным. Шмат палемікі й аналітыкі. Аналізуюцца цяг выбарчае кампаніі, тэхналёгіі public relations, пэрсаналіі. Перавага інфармацыі й аналітыкі над ацэнкамі. Фон пярэсты, але не безгустоўны. Інтэрактыўны дызайн, простая сувязь з чытачом. Стваральнікі сайту адказна падышлі да стварэньня тэксту, вёрсткі. Цёплыя, прыемныя для вачэй шрыфты, дастатковыя інтэрвалы, зручнае разьмяшчэньне тэксту й ілюстрацыяў. Прафэсійна!

Шмат спасылак і рэклямы. Навіны абнаўляюцца шмат разоў на дзень. Актуальны маніторынг прэсы. Біяграфіі й здымкі кандыдатаў, каротка, на 3—4 абзацы, рэзюмэ. Сацыялёгія, аналітыка, маніторынгі ад аўтарытэтных адмыслоўцаў.

 

Сайты тых,
хто сышоў
з дыстанцыі

 

www.chigir.org

Сайт Чыгіра пададзены ў зьмяшанай (беларуска-расейскай) і ангельскай вэрсіі. Фон колеру жаўнерскага сукна альбо гарохавага супу. Чыгір стаіць на тле натоўпу, які мусіць сымбалізаваць жыхарства Беларусі. Тэкст звароту напісаны з памылкаю, але ніхто пра гэта адміністратару не паведаміў. У той жа час, знайшоўшы на сайце Домаша напісаньне “АБ ДОМАШЫ”, Валерка Булгакаў папрасіў выправіць, і цяпер красуецца напісаньне “ПРА ДОМАША”. З гэтага я раблю сьмелую выснову — расейскую мову ў нас цэняць не як нешта сакральнае, а як сродак камунікацыі, “обшчепонятный піджын”. Слоган сайту Чыгіра — “надзейнасьць, дастатак, сям’я”. Зьмешчаныя перадвыбарная праграма, артыкулы й выступы. Сайт відавочна не абнаўляўся з 27 ліпеня. Форум — з 23-га. Ёсьць багаты альбом. Мы бачым спачатку пухнаценькага пяцігадовага хлапчука з мамай, а потым выдатніка страявой і фізычнай падрыхтоўкі — худзенькага юнага жаўнерыка.

 

www.kozlovsky.by.ru

Официальный сайт Козловского П.П. Гэткая савецкая звычка — пісаць спачатку прозьвішча, а потым імя, укрываючы яго ў ініцыялах. А так хацелася б бачыць не Казлоўскага П.П. (из личного состава), а Паўла Казлоўскага як адзінага й непаўторнага. Аб шрыфты можна застраміць вока. Суцэльная расейская мова. Задзейнічаныя колеры: ярка-сіні (загалоўкі), жоўты (падсьцілка), салатавы (пасік збоку).

Разьдзелы: біяграфія, палітпартрэт, фотагалерэя, прэс-дасье, заканадаўства, гасьцёвая, навіны. Падобна, што сайт не абнаўляўся з 5 чэрвеня. У мяне было ўражаньне (з-за беднага дызайну й агульнай закінутасьці), што Павал Казлоўскі ня надта верыў, што Інтэрнэт дапаможа на выбарах.

 

vit.org.by/pazniak.htm

Гэта не афіцыйны сайт палітыка, а хутчэй віртуальны збор твораў. Ініцыятыва яго стварэньня належыць Раману Салаўяну і трымаецца дзякуючы ягонаму імпэту. Гаспадар сайту, Віт, кажа, што не заўжды падтрымлівае тактычныя крокі сп.Пазьняка, але згодны са стратэгіяй беларусізацыі Беларусі:

“У апошні час адчуваецца блякада распаўсюду думак чалавека, аб якім напрыканцы XX стагодзьдзя чуў амаль кожны дарослы беларус. Таму лічу абавязкам прадставіць яму магчымасьць для выказваньня”.

Зьмешчаныя артыкулы, публікацыі, выступы Пазьняка за 1988—2001 г. Фон белы, літары чырвоныя. Аздобаў і здымкаў няма.

 

www.marinich.org

Сайт Марыніча ў бэзава-брунатнай гаме абнаўляецца й цяпер. Дзьвюхмоўны. Пададзеныя дасье, біяграфія, форум, кантакты, прэса, навіны, уключаючы найважнейшыя міжнародныя.

 

www.sinitsyn.com

Вэрсіі на трох мовах. Цёмна-шэры глыбокі тон зь зялёнымі надпісамі й спасылкамі. На галоўным здымку сп.Сініцын элеганцкі, у зялёным гарнітуры. А вось усьмешка — кшталту “кішміш” або “cheeeese”.

Апошняе абнаўленьне 29 ліпеня. Шкода, што такі дызайн прападае. Сп. Сініцын — адзіны, хто не пабаяўся паставіць лічыльнік на сайце (апроч www.dereh.com). На ягоны беларускі сайт зайшло 410 наведнікаў, на расейскі — 1245 (тыповая для беларускага Інтэрнэту прапорцыя). На ангельскім я была першая.

 

СХС

Летась амэрыканцы адкрылі, што ёсьць вірусная хвароба, якую пераносяць хатнія вусатыя прусакі, называецца СХС — сындром хранічнай стомы. Адзін прусачок здолеў усё нашае грамадзтва заразіць СХС, занесьці гэты вірус нават у Інтэрнэт. Палітыкі не выкарыстоўваюць сваіх магчымасьцяў напоўніцу. Пісалі, крычалі пра парушэньні з боку ЦВК. Пра тое, што яны назьбіралі-такі па 100 тыс. подпісаў, але іх не залічылі. А хто падаў на ЦВК у суд? Ніхто. Проста перасталі дзейнічаць і сталі чакаць, калі Ганчарык стане прэзыдэнтам, каб пры ім ачоліць парлямэнт, міліцыю ці міністэрства аховы здароўя. Скруцілі сваю дзейнасьць, нават іхныя сайты сьпяць у напаўзародкавым стане ў віртуальнай прасторы. Недазмагаліся, недастаялі. Цёплае беларускае балота ізноў прыняло ў сябе зачаткавыя формы жыцьця.

Сьвятлана Курс


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0