Водгукi

 

Водгук на водгук

З водгуку А.Батуры з Садкоў (“НН“ №241) на парады па абароне сельскіх пабудоваў ад маланкі (“НН“ №240) вынікае, што рабіць тую абарону так, як пададзена ў парадах, ня трэба.

 

Аўтар парадаў спасылаецца на “Энцыкляпэдыю сельскага гаспадара”, але ж першакрыніцай ёсьць брашура “Молниезащита” (В.Черкасов, Москва, 1983). Брашура была выдадзеная для старшыняў калгасаў і іхных памагатых (наклад 70000), дасканалая ў сваіх падрабязнасьцях, і не даваць ёй веры проста грэх.

У парадах (“НН” №240) чамусьці для дому з бляшаным дахам прапушчаны два патрабаваньні: 1) дратоў, што ідуць ад даху да зазямляльніка, трэба, каб было ня менш за два (па дыяганалі) і 2) гэтыя драты трэба ўсталёўваць далей ад сенцаў і сьцежак.

Брашура апісвае два тыпы маланкі паміж наэлектрызаванымі аб’ектамі (хмара—зямля): скіраваная долу — калі аб’ект на зямлі ніжэйшы за сто мэтраў, скіраваная ўгару — калі аб’ект вышэйшы за сто мэтраў. Такім чынам, паспалітаму земляробу ня трэба грувасьціць свае глузды кароннымі напружваньнямі і ціхім сплываньнем электрычнасьці.

Хто ж зацікавіўся атмасфэрнай электрычнасьцю і ўтварэньнем навальнічнай хмары, знойдзе цудоўнае апісаньне гэтага ў кнізе “Фейнмановские лекции по физике. Выпуск 5. Электричество и магнетизм”. Выдавецтва “Мир”, 1966.

N, Менск

 

Захоп сваёй сталіцы

Пэўна, мала хто з чытачоў “НН” чытае яшчэ й газэту з рэтра-назвай “Советская Белоруссия”. Бадай што, гэта правільна, бо газэта тая адмыслова разьлічаная на асобаў з пэўным складам мысьленьня (“наш айчынны сьпявак Філіп Кіркораў”) ці ўвогуле для людзтва, якому стае часу на тое аб’ёмістае чытаньне. А я вось чытаў колькі нумароў, дык хацеў падзяліцца ўражаннямі.

 

Ва ўстаўцы да нумару за 28 чэрвеня “Союз” у рубрыцы “Отметим сообща” чытаем: “3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі вызвалілі Менск. А 341 год таму войскі Рэчы Паспалітай яго захапілі (“захватили”). Робім нескладанае арытмэтычнае дзеяньне. 2001—341=1660. Самы разгар вайны, разьвязанай Масковіяй, — вайны, якая каштавала нашаму народу больш за палову насельніцтва. Удалося адбіць Менск — горад, які спрадвеку належаў ВКЛ і, значыць, ягонаму саюзу з Каронай — Рэчы Паспалітай. Дык які тут “захоп”? Нават калі вялося пра здабыцьцё Бэрліна — гораду, які да гэтага належаў толькі немцам, дык на мэдалёх пісалася “за взятие”. Бо захоп (“захват”) ёсьць словам, якое заўсёды дастасоўваецца да непрыяцеля. Значыць, нас, беларусаў, прымушаюць лічыць, што нашая ўласная дзяржава ня ёсьць нашай, што мы самі для сябе зьўляемся непрыяцелямі і што нашай дзяржаваю ёсьць… сярэднявечная Масковія! Шаноўны Павал Якубовіч пэўна не прапуьціў бы такога на бачынах, якія ён выдае на ўласную адказнасьць, а вось першы намесьнік шэф-рэдактара гэтай устаўкі А.Таранда (Менск) — калі ласка.

Аляксандар Урбановіч, Гомель

 

Шаноўны Спадар Рэдактар,

неспадзявана для мяне мой 75-ці гадовы юбілей разышоўся шырокім рэхам, і я атрымаў вельмі шмат віншаваньняў і пажаданьняў з усіх куткоў сьвету, ня кажучы пра водгукі ў прэсе, у тым ліку ў “Нашай Ніве”, і радыё.

Кажу “неспадзявана”, бо ня ведаю, чым я заслужыў на такое прызнаньне. Я толькі стараўся, вельмі недасканала, выконваць тое, што ўважаў сваім абавязкам. А Госпад Ісус Хрыстос сказаў вельмі ясна сваім вучням: “Ці (гаспадар) дзякуе слузе за тое, што ён выканаў загаданае яму? Так і вы, калі споўніце ўсё, што вам загадана, кажыце: Мы, слугі непатрэбныя, зрабілі тое, што павінны былі зрабіць” (Лк 17:9-10).

Сказаўшы гэта, я дзякую Богу і цешуся, што ў мяне так шмат прыяцеляў, бо “муж прыязливый ко дружбе лепший и больший приятель будеть нежели брат” (Кніга Прыпавесьцяў 18:24. Пераклад Францішка Скарыны).

Ня ў змозе адказаць кожнаму паасобку, хачу падзякаваць за пасрэдніцтвам “Нашай Нівы” ўсім, хто прыслаў віншаваньні, і запэўніць іх у маёй удзячнасьці і малітвах.

З павагаю,

а.Аляксандар Надсан
Лёндан, 18 жніўня 2001 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0