Выкраданьне людзей — справа рук ЗАХРу

У Белорусской деловой газете 22 жніўня было надрукаванае інтэрвію з былым начальнікам сьледчага ізалятару №1 Алегам Алкаевым. Яно пацьвярджае праўдзівасьць абнародаваных Уладзімерам Ганчарыкам дакумэнтаў, якія датычаць лёсу зьніклых палітыкаў. Мы прапануем Вам поўны варыянт інтэрвію з А.Алкаевым, які цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне. Тыя самыя зьвесткі ён пацьвердзіў у інтэрвію нямецкай газэце Frankfurter Allgemеine Zeitung у мінулую пятніцу.

Сёньня, 27 жніўня, калі газэта ўжо будзе здадзеная ў друк, адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, на якой маюць быць абнародаваныя новыя зьвесткі пра долю зьніклых людзей. Пакуль невядома, ці возьме ў ёй удзел іншы сьведка справы — былы лукашэнкаўскі генэральны пракурор А.Бажэлка, які на мінулым тыдні вярнуўся ў Менск зь Яраслаўлю, дзе ён, паводле пэўных зьвестак, хаваўся ў адным з манастыроў.

Алег Алкаев: Я пацьвярджаю: рапарт напісаны маёй рукой, пратакол допыту, натуральна, сьледчы друкаваў, але з маіх словаў, я ж расьпісаўся пад кожнай старонкай. Самі дакумэнты, мяркуючы па ўсім, зьнішчаныя. Але копіі зьнятыя з сапраўдных дакумэнтаў. Яшчэ раз пацьвярджаю: я пісаў рапарт на імя міністра ўнутраных справаў Навумава. Іншая рэч, як дапусьцілі, каб уся гэтая справа выйшла на старонкі газэтаў і як у краіне захоўваецца таямніца… Але гэта – пытаньні не да мяне.

— Мяркуючы па надрукаваных дакумэнтах, Вы дастаткова шчыра адказвалі на пытаньні сьледчага. Ці не баяліся Вы, што ўлада неадэкватна адрэагуе на гэтыя сьведчаньні?

— Законных перасьледаў я не асьцерагаўся і не асьцерагаюся, а ад незаконных (як, напрыклад, перасьледавалі Захаранку) я здольны абараніць сябе сам. Мяне дзівіць, што людзі, якія сьцвярджаюць, нібыта я іх абылгаў, не зьвяртаюцца ў суд. Ну, зьвярніся ў суд, няхай выклічуць, высьветляць праўду, ізноў дапытаюць мяне, іншых, пачынаючы зь цяперашняга генпракурора Шэймана. Але ні Сівакоў, ні Шэйман, ні хтосьці яшчэ ў суд не зьвярталіся.

Пісталет, фатаздымкі якога былі апублікаваныя беларускімі газэтамі, — гэта пісталет зь менскага СІЗА ці нейкі іншы?

— Гэта пісталет зь менскага СІЗА. Ім прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. Ён захоўваўся асабіста ў мяне і вымаўся з кабуры толькі тады, калі неабходна было прывесьці прысуд у выкананьне. Навошта ён спатрэбіўся тагачаснаму кіраўніку МУС Сівакову, я ня ведаю. У мяне ёсьць наконт гэтага толькі здагадкі.

Прыгадайце яшчэ раз, якім чынам камандзір Зводнага атраду хуткага рэагаваньня Дзьмітры Паўлічэнка быў дапушчаны да працэдуры прывядзеньня выраку ў выкананьне. Гэта ж супярэчыць усім правілам.

— Дзьмітры Паўлічэнка сапраўды прыходзіў у СІЗА. Прыходзіў з дазволу майго непасрэднага начальніка — Кадушкіна Сяргея. Кадушкін мне сказаў, што атрымаў такую каманду ад міністра ўнутраных справаў Сівакова. Наўпрост да мяне Сівакоў не зьвяртаўся. Мэта прыходу Паўлічэнкі на выкананьне сьмяротнага прысуду мне была незразумелая. Што там можа знайсьці для сябе баец ЗАХРу, мне невядома. Якая яму карысьць ад назіраньня за расстрэлам, я ня ведаю.

Як ён сябе паводзіў, назіраючы за расстрэлам, што казаў?

— Ён прыбыў у СІЗА, назваўся. Я яму прапанаваў выпіць на ўсялякі выпадак: ці мала што, ня так гэта лёгка — назіраць за выкананьнем сьмяротнага прысуду. Ня кожны вытрымае гэткі стрэс. Ён адмовіўся. Потым мы прыбылі да месца выкананьня прысуду. У гэты дзень расстрэльвалі пяць чалавек. Ён прысутнічаў пры расстрэле кожнага. У адзін з момантаў ён пацікавіўся ў выканаўцы, чаму той страляе ў галаву, а ня ў сэрца. “У сэрцы ж, — кажа, — менш крыві”. Гэтае пытаньне мяне насьцярожыла: калі чалавек ніколі нікога не забіваў, ён ня можа ведаць, дзе колькі крыві і куды лепш страляць. Ды і ў сэрца трапіць можна толькі зь вельмі маленькай адлегласьці. Нават добры снайпэр ніякіх гарантыяў ня дасьць.

У сувязі з гэтым хачу падкрэсьліць: пісталет, якім у СІЗА прыводзяцца ў выкананьне прысуды, прызначаны толькі для паражэньня жывой сілы, прычым ва ўпор. Падкрэсьліваю — ва ўпор. Бо на адлегласьці, на якой можа працаваць звычайны пісталет, наш пісталет не падыдзе. У яго нізкая забойчая сіла. Таму браць яго па вераб’ях пастраляць бессэнсоўна, на паляваньне, на рыбалку таксама. Першы раз прыйшоў па пісталет начальнік службы ўзбраеньня МУС палкоўнік Дзік і прынёс ліст, падпісаны Кадушкіным. Гэта было 30 красавіка 1999 г. У лісьце на маё імя было распараджэньне выдаць зброю. Я выдаў, зафіксаваўшы ўсё ў кнізе ўліку выдачы зброі. Аддалі нам пісталет 14 траўня 1999-га, увесь у іржы. Прычым забіраць яго хадзіў мой збройнік у кабінэт да Дзіка, а той вынес яго з кабінэту намесьніка міністра ўнутраных спраў Чванкіна. Я чаму так падрабязна распавядаю, бо гэта ж жывыя людзі, усіх не закапаеш, і іх трэба дапытваць. Спытаць трэба: “Дзік, чаму ты браў пісталет, навошта?..”

А ўвогуле, да Вас часта прыходзілі староньнія людзі паглядзець на выкананьне прысуду?

— Гэта ненатуральна. І ўвогуле ніхто ніколі не прыходзіў, за выняткам дзьвюх асобаў, якія мусяць пры гэтым прысутнічаць. Дый тыя прысутнічалі з пэўнай мэтай — аказаць практычную дапамогу. Наагул, ёсьць моманты, якія ў рапарце проста так ня выкладзеш.

Пісталет таксама ўпершыню ўзялі ў красавіку 99-га. І гэта таксама ненармальна. Ня я адзін ведаю, проста людзі баяцца казаць. Я склаў сьпіс: ня менш за 20 чалавек ведаюць абставіны прыходу ў СІЗА Паўлічэнкі і выдачы пісталета па патрабаваньні міністра Сівакова. Сярод гэтых 20-ці і вышэйшыя чыноўнікі, і звычайныя супрацоўнікі. Бо што такое ЗАХР? Ён таксама з жывых людзей складаецца. Абсалютна ўсе супрацоўнікі, з кім мне даводзілася размаўляць, перакананыя, што выкраданьне людзей і, хутчэй за ўсё, іх забойства арганізаваныя групай ЗАХР. ЗАХР — гэта вайскоўцы, якім невядома хто паставіў невядома якую задачу. Якім кодэксам яны кіруюцца — крымінальным ці вайсковым статутам, — мне й дасёньня незразумела. Хутчэй за ўсё — нечымі загадамі.

А раней ЗАХР, якім камандуе Паўлічэнка, быў заўважаны ў крымінальных злачынствах?

— Так. Іх многа ўжо сядзіць: і пад сьледзтвам былі, і злачынствы зьдзяйсьнялі. Некаторых байцоў ЗАХРу асабіста міністар Сівакоў ратаваў ад правасудзьдзя. Напрыклад, справа маёра Карнюшкі. Па-мойму, у 99-м Сівакоў наведваў у СІЗА арыштаванага Карнюшку, які быў асуджаны з чатырма ці пяцьцю ЗАХРаўцамі за спробу заказнога забойства бізнэсоўца. Вайсковыя контравыведнікі раскруцілі гэтую справу, ЗАХРаўцы атрымалі тэрмін і цяпер сядзяць у калёніі.

Калі Паўлічэнка прыходзіў глядзець расстрэл, вы не пыталіся ў яго, навошта яму ўсё гэта трэба?

— Рэч у тым, што расстрэл — гэта вельмі напружаны момант, тут не да размоваў. І я не пытаўся. Калі прыслаў міністар — яго справа. Паўлічэнка задаваў пытаньні, але яны засталіся без адказу.

Вы, верагодна, ня ўсё яму расказалі, калі ён вырашыў прыехаць у другі раз?

— Ва ўсёй гэтай працэдуры дзьве рэчы сакрэтныя — прозьвішчы ўдзельнікаў гэтага працэсу і месца пахаваньня. Так прадугледжана законам. Месца пахаваньня ня ўказваецца, сваякі гадамі ходзяць да нас і просяць аддаць ім цела. (Асабіста я лічу, што можа быць і трэба аддаваць, але закон пакуль забараняе гэта.) Увогуле, каб не было несанкцыянаваных раскопак, усё робіцца таемна, і месцы пахаваньняў нікому ня ўказваюцца. Але мяне папрасілі паказаць Паўлічэнку ўсё, уключаючы месцы пахаваньняў. Я як чалавек выканальны паведаміў, што сёньня пахаваньня ня будзе, хай прыходзіць наступным днём. Мая група сабралася ва ўмоўным месцы, але Паўлічэнка не прыйшоў. Я не засмуціўся, мы паехалі і сваю справу зрабілі. Я падазраваў потым… Карацей, ён мне сам сказаў, што ведае гэтае месца пахаваньня на Паўночных могілках. Але я ня стаў ні абвяргаць, ні пацьвярджаць.

Дарэчы, магу сказаць аб адной з уласных вэрсіяў, навошта браўся пісталет. Ён быў патрэбны, каб надаць забойству выгляд рытуалу прывядзеньня ў выкананьне прысуду. Каб зьняць частку цяжару адказнасьці з асобаў, якія гэтую справу рабілі: вось вам спэцыяльная зброя — гэта не забойства, гэта выкананьне выраку. Магчыма, быў і вырак. Фальшывы. Сівакоў любіць усякія рытуалы.

Вы думаеце, генэрал Сівакоў здольны на такія хады?

— Мяркуючы па ягоных фантазіях, здольны. Ён — “рамантычная” натура, паэт амаль. Ягонае красамоўства яшчэ спатрэбіцца яму для абароны ў судзе. Бо ён жа здолеў супакоіць нават удаву Ганчара. І бюро рытуальных паслугаў шмат страціла, што ў яго няма такога суцяшальніка.

Што вы маеце на ўвазе?

— Да яго прыходзіла жонка Віктара Ганчара. Але Сівакоў так пабудаваў гутарку, што Зінаіда Ганчар цяпер мяне і Лапаціка лічыць паскудамі.

Сівакоў, па-вашаму, здольны на жорсткія неадэкватныя крокі?

— Мне цяжка сказаць, я яго бачыў толькі з “рэклямнага” боку. Заўсёды добра выглядаў, заўсёды гаваркі, дасьціпны, але, відаць, ён мае другое дно. І абарону сваю цяпер пабудаваў даволі ўмела, хоць абсалютна безнадзейна. Як гавораць на жаргоне, ён у “несазнанку пайшоў” — нічога не прызнае і ўсё адмаўляе. Гэта найгоршы з усіх варыянтаў абароны. Ну ўзяў бы і сказаў: “Так, браў пісталет. Я міністар, я маю права. Узяў, разабраў, пачысьціў і аддаў”. Тады і пытаньняў было б меней. Але ён сам сабе шляхоў для адыходу не пакінуў. Ён забыўся, што ёсьць людзі. І ўвогуле, гэта нядобра, калі генэрал за ад’ютанта хаваецца. Другі раз пісталет прыйшоў браць ад’ютант міністра Сівакова. Прыйшоў, атрымаў пад росьпіс дый сам жа аддаў. Так генэрал схаваўся за сьпіну старэйшага лейтэнанта. Нічога, спытаюць і са старлея: “Слухай, малады чалавек, ты куды пісталет насіў, каму аддаваў?”. Сорамна будзе на вочнай стаўцы.

Як вы лічыце, ці захаваўся сам журнал уліку выдачы пісталета зь СІЗА? Ня копіі асобных аркушаў, а арыгінал?

— Журнал захаваўся. І я ня думаю, я ведаю.

Арыгінал?!

— Абсалютна дакладна. Калі будзе мажлівасьць, яго прадставяць сьледчым органам, нармальным сьледчым органам. Дарэчы, журнал у іх быў — узялі і аддалі, пакінулі мяне сам-насам з усімі рэчдокамі. Таму журнал захаваўся.

А як вы лічыце, пісталет ужо зьнішчаны?

— Я ня думаю. Гэта надта паказальна будзе. Дый у прынцыпе, нават калі пісталет зьнішчылі, гэта нічога не зьмяняе. Ёсьць сьведкі, і гэта самае галоўнае. Ахвотных распавесьці, паўтараю, вельмі шмат. Яны проста баяцца. Але запэўніваю вас, калі 10 верасьня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адбудуцца палітычныя зьмены, 11 верасьня ў пракуратуры будзе чарга з найбліжэйшага атачэньня Сівакова, Шэймана і іншых. Праз тыдзень сьледчыя ўсё будуць ведаць, як зьнікалі людзі і што зь імі адбылося.

Калі ў вас зьявіліся першыя здагадкі наконт таго, для чаго браўся пісталет зь СІЗА?

— Напэўна, выпадак спрацаваў. Мне ў рукі трапіла Комсомольская правда, у якой былі фатаздымкі зьніклых у Беларусі вядомых людзей і даты іх зьнікненьня. У мяне нейкае падазрэньне зьявілася, адчуў нешта нядобрае. Пазваніў свайму збройніку і папрасіў прынесьці журнал уліку выдачы зброі. Паглядзеў і жахнуўся. 30 красавіка выдадзены пісталет, 14 траўня — вернуты, а 7 траўня зьнікае Захаранка. Потым 16 верасьня зранку ў мяне атрымлівае пісталет ад’ютант міністра ўнутраных спраў, 18-га ўвечары пісталет вяртаюць, а 16-га ўвечары зьнікаюць Ганчар і Красоўскі. Адзін раз можа быць супадзеньне, але двойчы — гэта вельмі падазрона, нават бомба двойчы ў адну варонку ня падае. Гэтыя падзеі мяне насьцярожылі. Яшчэ на думку мяне навёў часопіс-спэцвыпуск пра зьнікненьне Юр’я Захаранкі, які падрыхтавала “Прававая дапамога насельніцтву”. Там было напісана, што сьведкі бачылі, як за Захаранкам сачыла чырвоная “БМВ”. А на чырвонай “БМВ” заўсёды разьяжджаў Дзіма Паўлічэнка і вельмі ёю ганарыўся. Гэтую машыну многія ведаюць. З паказаньняў сьведкаў бачна: за Захаранкам не сачылі, яго перасьледавалі, відаць, падбіраючы зручны момант.

Цяпер пра пісталет з нашага СІЗА. Уявім сабе такую карціну. Знаходзяць труп, у трупе — куля. Зусім няцяжка будзе тады высьветліць, зь якой зброі забіты гэты чалавек. Бо куля ад нашага пісталета захоўваецца ў картатэцы МУС — зброя перададзеная нам афіцыйна, і папярэдне ўсе яе характарыстыкі былі зафіксаваныя. Такім чынам, сьледчыя дакладна даведваюцца, зь якога пісталета быў забіты чалавек. І адразу прыходзяць да мяне і надзяваюць наручнікі. Пісталет жа захоўваўся ў мяне — хадзі растлумач, чаму з гэтага пісталета былі забітыя, напрыклад, зьніклыя палітыкі. Гэта невытлумачальна.

У гэтай апэрацыі закладзенае пэўнае падступства і адносна мяне, і адносна двух супрацоўнікаў СІЗА, якія маюць доступ да пісталета. У пэўны момант усё маглі “павесіць” на нас. Напрыклад, цела знойдуць праз год, пяць, дзесяць… Хто будзе адказваць? Прайшоў бы яшчэ нейкі час, і я наўрад ці змог бы што-небудзь уцямна патлумачыць. А калі б зьнік журнал выдачы зброі або сьведкі, што бачылі, як Паўлічэнка прыходзіў у СІЗА, што выдавалі пісталет… Усё, ланцужок абарваўся б…

Калі Вы ўсё гэта выявілі, што зрабілі?

— Я адразу ж падзяліўся сваімі падазрэньнямі з высокімі адказнымі асобамі. (Пакуль ня буду называць прозьвішчаў, бо яны ўсе цяпер пры ўладзе і, магчыма, супраць іх могуць быць зьдзейсьненыя нейкія рэпрэсіі.) Усе яны зрабілі па-рознаму: хто збаяўся, хто проста сышоў ад адказу. Але, калі Навумаў зрабіўся міністрам унутраных справаў, яму даклалі гэтую інфармацыю Адбылася вялікая нарада кіраўніцтва МУС, КДБ і пракуратуры, на якой абмяркоўвалася, наколькі важкія ўлікі супраць камандзіра ЗАХРу Паўлічэнкі. Гэтыя людзі пайшлі на вельмі вялікую рызыку, ведаючы, хто стаіць за сьпінай Паўлічэнкі, але рызыкнулі. Паўлічэнку арыштавалі, а што адбылося далей — усе ведаюць. Ня ведаю, чаму маўчыць былы генпракурор Бажэлка, бо ён бачыў крымінальную справу ў поўным аб’ёме. Ня ведаю, чаму маўчыць старшыня КДБ Мацкевіч… Але прыйдзе яшчэ, напэўна, час, і яны распавядуць аб прычынах свайго маўчаньня, аб тым, што ім вядома. Тое, што ўлікі ўжо зьнішчаныя, а людзі, якія сьведчылі, запалоханыя, — гэта дакладна. Але прыйдзе час — і яны ўсё раскажуць нанова. Я спадзяюся на справядлівасьць і перакананы, што ўрэшце правасудзьдзе пераможа.

Вы зьбеглі зь Беларусі ў Нямеччыну, бо баіцёся перасьледу?

— Я нікуды ня бег. Я даўно зьбіраўся ў адпачынак у Нямеччыну. Падаў рапарт, як гэта робіцца, у ім адзначыў, куды й навошта еду. Афіцыйна й адкрыта я здаў у пачатку ліпеня дакумэнты на візу ў нямецкае пасольства ў Менску. У мяне гасьцявая віза да 25 жніўня. Ніякага палітычнага прытулку я ні ў кога не прашу. Вось і ўсё. Законнага перасьледу я не баюся. Я баюся толькі правакацыяў.

Калі вы падалі рапарт на адпачынак і здалі дакумэнты ў нямецкае пасольства, ці быў нейкі ціск з боку беларускіх уладаў?

— Калі два сьледчыя з пракуратуры зьбеглі і правялі прэс-канфэрэнцыю, за мной адразу ж усталявалі знадворнае назіраньне. Я хутка гэта заўважыў і вырашыў зьехаць у адпачынак, каб ня быць спакусай для некага. Мяне потым шукалі, нават да сваякоў у вёску прыяжджалі.

Паводле Белорусской Деловой Газеты


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0