Зброя і карупцыя

У ананімным матэрыяле “Пір падчас чумы. Аб карупцыі рэжыму Лукашэнкі”, што зьявіўся ў Інтэрнэце на мінулым тыдні, гандлю зброяй прысьвечаны цэлы разьдзел. Праўдзівасьць зьвестак дакладу ацаніць немагчыма, нешта ў ім можа быць праўдай, нешта перадвыбарным PR’ам.

Як сьцьвярджаюць аўтары гэтага дакладу, арсэнал былой Беларускай вайсковай акругі перапрадаваўся ў тым ліку і экстрэмісцкім рэжымам. Толькі летась, як мяркуецца, ім было прададзена 95 танкаў (прыкладна за 180 тыс. даляраў кожны, хоць рэальная цана магла б быць вышэйшаю). За апошнія паўгоду Беларусь, абвінавачвае даклад, заключыла дамовы з арабскімі краінамі, палестынцамі й альбанцамі на агульную суму 600 млн. даляраў. У дакладзе сьцьвярджаецца, што беларуская зброя трапляе на Балканы і Блізкі Ўсход праз пасярэдніцтва былога намесьніка міністра абароны Харватыі Ліба Рожаса. Беларусь быццам бы прыцягвае пакупнікоў зброі тым, што прадае яе па ніжэйшых за астатнія краіны СНД цэнах. Называецца і яшчэ адно імя: Весьлі Няхайчык. Яго згадваюць у сувязі з двума фактамі, якія нібыта мелі месца: трэніровачным палётам беларускага прэзыдэнцкага самалёта ў Пэру і знаходжаньнем Няхайчыка ў Менску на працягу двух месяцаў. Няхайчыка ананімны даклад называе “самай маштабнай фігурай беларускага і польскага ценявога бізнэсу”. “Менавіта празь Няхайчыка, — сьцьвярджаецца ў дакладзе, — могуць ажыцьцяўляцца асобныя выгодныя ўгоды”.

“Атрыманыя з продажу зброі грошы ідуць у пазабюджэтны фонд Лукашэнкі,” – сьцьвярджаюць ананімныя аўтары. Апошняе, зрэшты, прызнаў сам Лукашэнка, выступаючы на Ўсебеларускім народным сходзе.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0