Атмасфэра маральнага тэрору

Лукашэнка ўзяў курс на нелегітымнасьць

 

Парушэньні выбарчага заканадаўства і дыскрымінацыя апазыцыйнага кандыдата набылі нечуваны размах. Лік разгромленых апазыцыйных асяродкаў ідзе на дзясяткі, колькасьць затрыманых агітатараў перавысіла 300. Канфіскоў-валіся тыражы газэтаў “Рабочы”, Президент, “Наша Свабода”, “Свабоднае Слова”. Таму выбары наўрад ці будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі, а абраны прэзыдэнт — законным. І Лукашэнка ня можа ня ведаць пра гэта. Значыць, ідзе на нелегітымнасьць сьвядома.

Міліцыя сарвала 12 сустрэчаў У.Ганчарыка з выбарцамі. Прыватную друкарню “Мэджык”, што тыражавала незалежныя выданьні ды плякаты Ў.Ганчарыка, фактычна забралі пад кантроль дзяржавы. Пазаўчора быў затрыманы кіраўнік ініцыятывы “Незалежнае назіраньне” Алесь Бяляцкі. Міністар Навумаў у гутарцы з З.Ганчар прызнаў сапраўднасьць рапарту генэрала Лапаціка, у якім гаворыцца пра тое, што зьніклыя палітыкі былі забітыя “эскадронам сьмерці”. Паводле ін-фармацыі Ў.Ганчарыка, з мэтай фальсыфікацыі вынікаў надрукаваная дадатковая колькасьць бюлетэняў.

Кампанія замоўчваньня і фальсыфікацыяў праводзіцца пры пад-трымцы Масквы. Павал Шарамет расказаў, што “ОРТ мае поўны варыянт запісу тэлеінтэрвію былога начальніка сьледчага ізалятару Алега Алкаева, які валодае зьвесткамі пра “эскадроны сьмерці”, аднак “у выніку асабістага ўмяшальніцтва Лукашэнкі і ягонага кантактаваньня з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі пакуль мы ня можам паказаць стужку Алкаева”. Шарамет дадаў, што, “наколькі ён ведае, такія ж праблемы ўзьніклі на НТВ”.

БТ і дзяржаўная прэса штодня бесцырымонна скажаюць ня толькі словы кандыдатаў ад апазыцыі, але нават твары. У тэлеперадачах злосна перакручваецца сэнс артыкулаў у незалежных газэтах. У парушэньне нормаў закону колькасьць публікацыяў і перадачаў пра А.Лукашэнку б’е рэкорды. Гэтак, у суботнім нумары “Рэспублікі” яму былі прысьвечаныя сем старонак з васьмі, і на шасьці зь іх былі здымкі А.Лукашэнкі.

Цэнтравыбаркам Ярмошынай маўчыць.

Хто прызнае такія выбары законнымі? Расея.

Ня так важна было, хто стане прэзыдэнтам у выніку гэтай кампаніі. Галоўны нацыянальны інтарэс заключаўся ў тым, што краіна мусіла займець ЗАКОННАГА прэзыдэнта. Пры нелегітымным прэзыдэнту Беларусь робіцца безабароннай перад агрэсіўным расейскім капіталам. Шанцы Лукашэнкі стаць ЗАКОННЫМ прэзыдэнтам на пачатку кампаніі былі прынамсі ня меншыя, чым у адзінага кандыдата. Але, відаць, боязь пройгрышу была настолькі моцнай, а грамадзянскае пачуцьцё — слабым, што той збаяўся сумленных выбараў. Улады стварылі атмасфэру маральнага тэрору ў грамадзтве.

Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што рэйтынг Лукашэнкі застыў на мяжы 50% і за тыдзень да выбараў так і ня змог яе перакрочыць. Большасьць выбарцаў па-ранейшаму хоча галасаваць або за альтэрнатыўных кандыдатаў, або супраць усіх. Калі на апошнім тыдні і ў дзень галасаваньня ўлады пойдуць на новыя рэпрэсіі і парушэньні заканадаўства аж да адкрытага фальшаваньня вынікаў, Беларусь пачне ХХІ стагодзьдзе так, як яна скончыла ХХ-е — без законнага прэзыдэнта.

Але на любога Фухіморы рана ці позна знаходзіцца свой Таледа. Наяўнасьць Расеі пад бокам нічога ў гэтым законе гісторыі не зьмяняе.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0