З усёй краіны

 

Выракліся бацькі

26 жніўня два сябры БПСМ у Дзятлаве (Гарадзеншчына) у знак пратэсту супраць падтрымкі гэтай арганізацыяй на прэзыдэнцкіх выбарах А.Лукашэнкі спалілі на прыступках райкаму БПСМ свае пасьведчаньні й далучыліся да дзятлаўскай суполкі Маладога Фронту.

Зьміцер Чаргнель, Дзятлава

Студэнтаў у пушчу

Адміністрацыя менскіх ВНУ цішком выдаляе студэнтаў з гораду на час выбараў. Так, Унівэрсытэт культуры выпраўляе студэнтаў на практыку з 6 да 12 верасьня. На час выбараў інтэрнат зачыняецца на рамонт — студэнты ня зь Менску будуць вымушаныя зьехаць дахаты і прагаласаваць датэрмінова або адмовіцца ад удзелу ў галасаваньні. На 10 верасьня заплянаваная абавязковая экскурсія студэнтаў у Налібоцкую пушчу.

Б.Т.

FM-Гомель

Пазаўчора Гомельскае гарадзкое радыё выйшла ў этэр у FM-дыяпазоне. Дагэтуль яно вяшчала толькі па правадной сетцы. Штодзённы аб’ём вяшчаньня складзе 6 гадзінаў: уранку і ўвечары. Гэта другая FM-станцыя ў Гомелі. Радыё-экспрэс “Гомельская хваля” была адкрытая 13 жніўня абласным тэлерадыёаб’яднаньнем. Прыватных няма.

Паводле БелаПАН

 

Пацярпелыя за Беларусь

25 жніўня ў Бабруйску затрымалі “зуброўцаў” Віталя Красьнеўскага, Эдуарда Гранявецкага й Аляксандра Фядоцьева. Раніцай 25 жніўня ў Віцебску быў затрыманы галоўны рэдактар газэты “Витебские деловые новости” Ігар Несьцераў, які нёс дахаты кампутарны дыск з новым нумарам газэты. Яго вінавацяць у супраціўленьні работнікам міліцыі й дробным хуліганстве. 27 жніўня тамсама быў затрыманы актывіст КХП-БНФ Уладзімер Плешчанка. У Глыбокім 27 жніўня за распаўсюджваньне налепак затрымалі двух “зуброў”-Зьмітроў: Лупача і Курцэвіча. У Чэрыкаве былі затрыманыя два невядомыя валанцёры выбарчага штабу адзінага кандыдата. Знойдзеная пры іх агітацыйная прадукцыя канфіскаваная. У Магілёве “зуброўцы” спрабавалі прайсьці ў будынак аблвыканкаму, дзе адбывалася адмысловая нарада. У выніку ў розных пастарунках гораду апынуліся 23 чалавекі, якіх, штопраўда, амаль адразу паадпускалі. 28 жніўня ў Магілёве падчас акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” былі затрыманыя сп.Каліта, Селіванаў і Надзея Сулейманава (апошнюю будуць судзіць сёньня). У Клімавічах за перадвыбарчую агітацыю была затрыманая Галіна Васільчанка. Старшыня Клімавіцкага райвыканкаму Канавалаў гвалтоўна зацягнуў яе ў службовы аўтамабіль “Волга”, адвёз у Клімавіцкі РАУС і “здаў” міліцыянтам. У Ашмяне за перадвыбарчую агітацыю затрымалі Пятра Явідовіча. У Менску 31 жніўня, падчас пэрформансу “Дзень невядомага зампаліта”, затрыманыя маладафронтаўцы Алесь Пацееў, Міхась Шаўцоў, Андрэй Дзенісевіч, Вікторыя Радзіеўская і Віктар Прастакоў, а таксама сацыял-дэмакраты Мікола Прыварнікаў ды Сяргей Марцалеў. У Магілёве міліцыянты тройчы затрымлівалі лідэра мясцовых “зуброў” Яўгена Драбезку. І кожны раз адпускалі – не было да чаго прычапіцца. У Бабруйску затрымалі Ірыну Качан, Тацяну Машкоўскую і Вадзіма Лісоўскага, якія выставілі пікет у падтрымку адзінага кандыдата. 1 верасьня ў Менску былі затрыманыя “для праверкі дакумэнтаў” Алесь Бяляцкі, Генадзь Таляронак, Алесь Катляроў і Павал Севярынец. У той самы дзень падчас футбольнага матчу Беларусь–Украіна былі зьбітыя міліцыянтамі заўзятары-маладафронтаўцы Іван Тамашэвіч, Зьміцер Касьпяровіч, Алег Крулякоўскі, Міхал Шарамет, Віталь Кошалеў, Міхась Шаўцоў, Дзяніс Мархаток, Віктар Шляхцін, Алесь Паўлаў, Алесь Раманчук, Сяргей Садзюковіч, Васіль Макееў, Мікалай Гулецкі, Зьміцер Прошкін, Яўген Івашкевіч, Цімох Атрошчанка, Алесь Васілеўскі, Вадзім Саранчукоў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0