Авечая скура спэцслужбаў

На мінулым тыдні апазыцыйныя СМІ распаўсюдзілі заяву сьледчага КДБ Генадзя Вугляніцы й актывіста арганізацыі “Край” Андрэя Жарнасека, якія сьцьвярджаюць, што целы Ганчара і Красоўскага знаходзяцца ў джыпе, закапаным пад Бягомлем, непадалёк ад вайсковай часткі. Што гэта — спэцапэрацыя “Краю” ці правакацыя КДБ, скіраваная на яшчэ большую дэзарыентацыю грамадзтва? Беларус, якая за апошнія гады звыкла да разнастайных спалучэньняў неспалучальнага, не зьдзівіў сымбіёз спэцслужбіста і байца патрыятычнае арганізацыі. Вугляніца ідэальна пасуе да ролі апазыцыйнага кадэбіста ўжо хоць бы таму, што ён зяць Радзіма Гарэцкага. І акадэмік дае яму самую станоўчую характарыстыку: “Хлопец станоўчы — такі капітальны… Я яму веру”. Невядома, ці паверыў бы Вугляніцу стрыечны дзед ягонае жонкі — Максім Гарэцкі, якога такія станоўчыя капітальныя хлопцы выправілі на той сьвет.

Калі ня можаш быць на баку моцнага, хочацца, каб моцны быў на тваім баку. Таму гэтак упарта ў апазыцыйным асяродзьдзі трымаюцца чуткі, нібыта беларускія спэцслужбы — супраць Лукашэнкі й інтэграцыі з Расеяй, нібыта “афіцэрскі кодэкс гонару” не дазваляе ім ісьці “супраць народу”. Дазваляў, аднак, у 30-я — з Гарэцкім, у 60-я — зь Сідарэвічам, у 90-я — з Адамовічам… Дый КДБ, па сутнасьці, звычайная дзяржаўная ўстанова, а ці многа адкрытых апазыцыянэраў, скажам, у райана альбо ў калгаснай канторы?

І ўсё ж, памкненьні нацягваць авечую скуру на нашыя спэцслужбы працягваюцца. Дык чаму б ім не скарыстацца гэтым?


Радзім Гарэцкі, акадэмік, у інтэрвію для Радыё Свабода пра свайго зяця Г.Вугляніцу: “Вельмі, разумееце, хлопец станоўчы — такі капітальны, я б сказаў. У нейкую афэру ён не павінен быў улезьці. Я гэта і па тэлебачаньні казаў, што я яму веру”.


Або—або

Сяргей Аніська, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы, цяпер працуе ў газэце “Беларускі час”, разважае пра “кодэкс гонару” супрацоўніка спэцслужбаў:

Кодэкс гонару бывае толькі асабісты. Ён у душы чалавека, або яго ўвогуле няма. На маю думку, кодэкс гонару супрацоўніка спэцслужбаў у тым, каб працаваць у рамках закону, Канстытуцыі, права ўвогуле. У Беларусі так не атрымліваецца. У нас многія супрацоўнікі працуюць па прынцыпе “у каго паўнейшы...”. Хоць у іх ёсьць магчымасьць не выконваць супрацьзаконных загадаў — міліцыянты й гэбоўцы падначальваюцца вайсковаму Статуту, дзе пазначанае права адмаўляцца ад выкананьня загаду, калі ён супярэчыць закону. На практыцы я ня ведаю ў Беларусі ніводнага такога прэцэдэнту. Калі людзям не падабаецца загад, яны ціха яго сабатуюць або кладуць на стол рапарт на звальненьне “па стане здароўя”, ”па сямейных абставінах”. Або выконваюць загад.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0