Да раніцы 25 чэрвеня ў Менску будзе закрытая вуліца Янкі Купалы ад Максіма Багдановіча да праспэкта Скарыны (Незалежнасьці). Аўтамабілісты ўжо рынуліся на паралельныя вуліцы: Кісялёва, Варвашэні, Камуністычную, заторы на якіх нярэдка выцягваюцца да таго самага праспэкту, і часта запавольваюць рух і па праспэкце.
Нязручнасьці чакаюць і пасажыраў грамадзкага транспарту. Апроч непазьбежнага стаяньня ў заторах, ім давядзецца на тыдзень прызвычаіцца на новых маршрутаў тралейбусаў і аўтобусаў.
Гэтак,
тралейбусы №№ 12,40 ходзяць ад вуліцы Карастаянавай па вуліцы Арлоўскай да плошчы Бангалор, зь якой заварочваюць на вуліцу Багдановіча, а ня едуць да Куйбышава, як звычайна;
тралейбус №29 таксама ідзе па Сурганава міма Куйбышава да Бангалор і там збочвае на Багдановіча.
Такім чынам, вуліца Куйбышава на гэты тыдзень застаецца без тралейбусаў.
Аўтобус №24 з Куйбышава збочвае на колішнюю Варвашэні (пр-т Машэрава), а пасьля на Багдановіча.
Аўтобус №57 мусіць даваць круцяля ад Багдановіча па Кісялёва й праспэкце на вуліцу Янкі Купалы — праз усе магчымыя заторы.
Пазначанымі маршрутамі аўтобусы і тралейбусы ходзяць як у простым, так і ў зваротным кірунках.
Зусім бяз транспарту на гэтым тыдні застаецца прыпынак «вуліца Камуністычная». Найбліжэйшыя да яе прыпынкі — «вуліца Кісялёва» (аўтобусы 18, 39) і «Опэрны тэатар» па вуліцы Багдановіча.
Вядома, што ў залежнасьці ад сытуацыі на дарозе, кіроўцы аўтобусаў могуць вымушана адхіліцца ад афіцыйнага маршруту. Напрыклад, аўтобус №24 быў заўважаны на вуліцы Камуністычнай. Таму калі ваш прыпынак трапляе ў «зону рызыкі», на ўсялякае ўсё пацікаўцеся ў кіроўцы ці кандуктара, дзе дакладна спыняцьмецца аўтобус.