З УСІХ СТАРОН

 

Польшча

Пагроза фінансавага крызысу

На пазамінулым тыдні польскі міністар фінансаў Яраслаў Баўц перапалохаў калегаў-міністраў і грамадзкую думку тым, што дэфіцыт бюджэту краіны ў 2002 г. можа скласьці 88 млрд. злотых (каля 22 млрд. даляраў). Польшчы пагражае фінансавы крызыс, катастрофа бюджэту, зьніжэньне ўзроўню жыцьця, скачок інфляцыі. Незалежныя экспэрты пацьвердзілі словы Баўца. Калі ўрад проста зараз ня прыме мераў, недабор у будучым бюджэце дасягне ад 85 да 93 млрд. злотых. На наступны ж дзень Баўца выправілі ў адстаўку — за тое, што “давёў да такога стану” і “запозна перасьцярог”.

 

Гэтыя праблемы ў польскім скарбе ствараліся паступова — дэфіцыт бюджэту прыхоўвалі, нястачы “перасоўвалі” на наступныя гады. Крызыс быў выкліканы неэфэктыўнасьцю падатковай сыстэмы, мноствам неапраўданых ільготаў і — самае асноўнае — наяўнасьцю безьлічы ўсемагчымых агенцыяў і фондаў, што атрымліваюць бюджэтныя датацыі. Апроч 14 дзяржаўных мэтавых фундацыяў, што фігуруюць у сёлетнім польскім бюджэце, ёсьць тысячы драбнейшых інстытуцыяў такога кшталту. Гэтыя арганізацыі вельмі часта дублююць адну і іх дзейнасьць не абгрунтаваная лёгікай. Скажам, навошта існуе Фундацыя рэабілітацыі непаўнавартасных асобаў, калі дзяржава праз свае цэнтральныя ўстановы і самакіраваньне магла б выконваць ейныя функцыі? А скасаваньне Фундацыі заашчадзіла б 1,1 млрд. злотых. Функцыі Агенцыі прамысловага разьвіцьця таксама маглі б з посьпехам выконваць дзяржаўныя міністэрствы. Стварэньне такіх фундацыяў зьяўляецца добрым спосабам не плаціць падаткаў. Штогод на іхныя рахункі цякуць датацыі альбо некантраляваныя дзяржавай прыбыткі. Вось і апынулася на мяжы крызысу самая дынамічная эканоміка Ўсходняй Эўропы.

Баўц прапанаваў за 2002 г. давесьці да ладу фінансавую сыстэму краю, павялічыўшы падаткі ці перапыніўшы на два гады выплаты ў пэнсійныя фонды. Але незалежныя экспэрты кажуць, што падвышэньне падаткаў пагоршыць пэрспэктывы росту й сытуацыю на рынку працы — беспрацоўе перавысіць 20%, людзі, чый заробак паменшыцца, будуць менш працаваць, а таму лепш скараціць выдаткі і ня рушыць падаткаў.

Новая міністарка фінансаў Галіна Васілеўская-Трэнкнэр і ўрад пастанавілі, што дэфіцыт ня можа перавысіць 40 млрд. злотых (10 млрд. даляраў). Падвышэньня падаткаў ня будзе, але кожны, хто адмовіцца скарачаць свае выдаткі, будзе павінен запрапанаваць іншую крыніцу ашчаджэньняў. Урад таксама не зьбіраецца выпускаць новыя эўрааблігацыі.

Палякі заўважылі крызыс на этапе, калі зь ім яшчэ можна змагацца. Гэта найлепшы доказ жыцьцёвасьці польскіх пераўтварэньняў.

Сяргей Рак


Віленскія шыльды

У Вільні зьбіраюцца ўшанаваць памяць друкара Пятра Мсьціслаўца. Між тым за лета зьніклі некалькі беларускіх памятных шыльдаў

 

Віленская мэрыя паведаміла, што неўзабаве на доме 19 па вуліцы Вялікай (былы палац бурмістра Якуба Бабіча) зьявіцца шыльда ў гонар Мсьціслаўца. З просьбай усталяваць гэткую дошку зьвярнуліся да Міністэрства культуры Літвы прадстаўнікі... Калінінградзкай вобласьці. Калінінградцы паабяцалі прывезьці шыльду і аплаціць яе выраб. Таму надпіс будзе зроблены толькі па-расейску і па-літоўску.

Дом на Вялікай абраны таму, што, як мяркуецца, менавіта там у канцы XVI ст. працавала друкарня Мсьціслаўца. Мсьціславец пражыў тутака гадоў дзесяць.

На сьцяне гэтага дому ўжо вісіць дошка ў гонар Скарыны. Два беларускія друкары будуць суседзіць на адной сьцяне... Калі, праўда, мэмарыяльная табліца Скарыну не прападзе. Бо, напрыклад, бронзавы барэльеф Рыгора Шырмы, што вісеў на ягоным доме каля Прачысьценскага сабору, скралі яшчэ ўвесну. Гранітныя табліцы па-літоўску й па-беларуску пакінулі, а барэльеф з бронзы, бадай, ужо й пераплавілі. Хоць Шырма на рэльефе быў болей падобны да якога казахскага акына, чым да беларускага кампазытара, усё адно шкада.

А вось зьнятае мармуровае шыльды памяці Кастуся Каліноўскага, што была на вуліцы ягонага імя, колішняй Малой Пагулянцы, не шкада... Яе ўсталявалі яшчэ за савецкім часам і расейскі надпіс на ёй сьведчыў, што “Костас Калинаускас — руководитель овободительного восстания в Литве”. За рогам таго ж дому, дзе вісела згаданая шыльда Каліноўскага, была мэмарыяльная табліца Вацлаву Ластоўскаму. На жаль, не прабыла яна тут і году. Гэтым летам прапала. Хоць была са звычайнага чыгуну й наўрад ці каму спатрэбілася на мэтал. Разважалі з калегам, хто б такое мог учыніць. Прыйшлі да думкі, што зусім не абавязкова літоўцы. Мог і які беларус — вэтэран партыі. Бо ж і ў Менску ніхто цяпер не дазволіць шанаваць Ластоўскага. Дык на што наракаць? Хіба на тое, што літоўская паліцыя ня сочыць за зьберажэньнем у Вільні памяці пра беларускага акадэміка.

Зрэшты, у Менску не ўшанаваны ня толькі Ластоўскі. Гарвыканкам ня даў дазволу на ўсталяваньне шыльды ў памяць Фэрдынанда Рушчыца да ягонага леташняга юбілею на будынку былое гімназіі, дзе будучы мастак, прафэсар Варшавы, Кракава й Вільні, правёў свае школьныя гады й дзе пачынаў маляваць. А вось у Вільні яму мэмарыяльную табліцу з барэльефам усталявалі-такі ўвесну. Натуральна, надпісы па-польску й па-літоўску. Беларусы ж не азываюцца...

Гэтым летам віленскі дом Рушчыца ў двары на Замкавай быў адрэстаўраваны і ўпрыгожаны кветнікам. Гэтым самым летам быў (каторы раз!) адрамантаваны й перафарбаваны дом з майстэрняю іншага беларускага мастака, Пётры Сергіевіча. Ягоная мэмарыяльная табліца — таксама каторы ўжо раз — прапала, цяпер ужо незваротна, недзе ў чэрвені. Упоперак усяго колішняга дому Сергіевіча транспарант — “Прадаецца”...

Сяргей Харэўскі


Рознае

Падтрымка Тыбэту

Польскі Сойм прыняў дэклярацыю салідарнасьці з тыбэцкім народам. Такім чынам Польшча падтрымала права тыбэцкага народу на самавызначэньне.

Беларускае пытаньне ў Кіеве

На сьвяткаваньні 10-й гадавіны ўкраінскае незалежнасьці ў Кіеве на сустрэчы Квасьнеўскага й Пуціна паміж іншых пытаньняў абмяркоўвалася й праблема Беларусі. “Нас засмучае ўтварэньне своеасаблівага востраву пад назвай Беларусь, які пачынае не пасаваць да свайго атачэньня. Ня толькі да заходняга, але і да ўсходняга”, — сказаў дарадца прэзыдэнта Польшчы па замежнапалітычных пытаньнях Станіслаў Цёсак. Лукашэнку ў Кіеў не запрасілі.

Няма каму рабіць

З-за сёньняшняй дэмаграфічнай сытуацыі Расея мае патрэбу ў мільёне работнікаў-мігрантаў зь ліку расейскамоўнага насельніцтва СНД. Штогод насельніцтва Расеі зьмяншаецца на 700 тысячаў чалавек і на сёньня складае прыблізна 140 млн.

 

Ня зьнішчыш!

Міністэрства абароны Ізраілю зьбіраецца стварыць банк спэрмы ўсіх вайскоўцаў. Гэта робіцца для таго, каб нават у выпадку гібелі салдата можна было працягнуць ягоны род. Нявыкарыстанае ж семя будуць перадаваць у распараджэньне дактароў. Паколькі ў Ізраілі ў войску служаць і дзяўчаты, дык яны патрабуюць, каб стварылі таксама банк яйцаклетак.

Дэмакратычная канстытуцыя

У Сэрбіі рыхтуецца новая канстытуцыя. Яна адновіць аўтаномію Ваяводзіны, 10 гадоў таму скасаваную Мілошавічам. Напалову каталіцкая Ваяводзіна — самы заможны рэгіён Сэрбіі.

 

 

Ачомаліся

Расейская вайсковая пракуратура патрабуе ад літоўскіх уладаў выдаць дэзэрціраў, што паўцякалі з савецкага войска ў 1990—91 гадох. У той час літоўская моладзь ухілялася ад прызыву, а літоўскі парлямэнт заклікаў байкатаваць армію СССР, як войска чужой дзяржавы. Літоўскія ўлады запэўніваюць сваіх грамадзянаў, што нікога ня выдадуць Расеі.

 

Палітыкі на абразах

Партрэты Міхала Гарбачова, Джорджа Буша-старэйшага і Яна Паўла ІІ зьмешчаныя на абразе ў праваслаўнай царкве Сэрэс. Каля выяваў надпіс: “Гэтыя тры мужы зьмянілі бег гісторыі”. У іншай частцы сьвятыні намаляваная фрэска з выявамі ўніяцкага, пратэстанцкага й праваслаўнага біскупаў. Каля іх выбітыя словы: “Oйча, маліся, каб усе былі адно”.

 

Жыды дапамогуць

У Вільні прайшоў кангрэс жыдоў-літвакоў. У ім бярэ ўдзел больш за 300 чалавек з 12 краінаў. Будуць думаць, як дапамагчы Літве эканамічна, паскорыць ейную інтэграцыю з Эўразьвязам і NАТО. Закрануць таксама праблему вяртаньня колішняй габрэйскай маёмасьці.

 

Няма вяртаньня

Узбэкістан ня вернецца ў Дамову аб калектыўнай бясьпецы, — заявіў прэзыдэнт Карымаў. Згаданую дамову падпісвалі Расея і ейныя сатэліты: Беларусь, Таджыкістан, Кыргыстан, Казахстан і Армэнія.

 

Забарона Інтэрнэту

Талібы забаранілі грамадзянам карыстацца Інтэрнэтам. Рэлігійная паліцыя будзе караць непаслухмяных.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0