Асаблівасьці цэнтральнаэўрапейскага спорту
Ці стаў бы Сыльвіё Бэрлюсконі прэм’ер-міністрам Італіі, каб не ягонае прэзыдэнцтва ў футбольным клюбе Milan?
Палітыкі любяць наведваць стадыёны. Чэмпіянаты сьвету і Эўропы па футболе, хакейныя мерапрыемствы, тэніс… Францускі прэзыдэнт Жак Шырак аж заплакаў ад шчасьця, калі ў 98-м, у фінале футбольнага Кубку сьвету, француская зборная перамагла бразыльскую. Футбалісты ўсьцягнулі прэзыдэнта на імправізаваны подыюм і танчылі разам зь ім у гонар перамогі. Наўрад ці ў тыя хвіліны Шырак думаў пра свой рэйтынг, які пасьля таго фіналу значна вырас, у адрозьненьне ад рэйтынгу ягонага суперніка, абыякавага да футболу інтэлігента-сацыяліста Ліянэля Жаспэна.
У тым самым 98-м, у чвэрцьфінале Кубку сьвету, харвацкія футбалісты перамаглі Нямеччыну — 3:0. Уся Харватыя выйшла на вуліцы. Такога не было з часоў абвяшчэньня незалежнасьці. А прэзыдэнт Харватыі Франё Туджман, што прысутнічаў на гістарычным матчы ў Ліёне, ноччу па тэлебачаньні павіншаваў грамадзянаў маладое дзяржавы з выхадам у паўфінал. Віншаваў суайчыньнікаў ён і праз тыдзень, калі Харватыя ў матчы за трэцяе месца адолела галяндцаў.
Брытанская каралеўская сям’я заўсёды прысутнічае на Ўімблдонскім турніры, а Біл Клінтан увесь час наведваў матчы НХЛ і НБА ў Вашынгтоне. Вэнэсуэльскі дыктатар-папуліст Уга Чавэс — фанат бэйсболу.
Спартовыя спаборніцтвы — гэта двубой ня толькі паміж спартовымі камандамі, але й паміж краінамі, гэта шанец даказаць сваю перавагу або ўзяць рэванш за ранейшыя палітычныя крыўды. Лішне згадваць пра тую “футбольную вайну” паміж суседнімі Сальвадорам і Гандурасам, што ў свой час перарасла ў сапраўдную, забраўшы 3000 жыцьцяў.
Пасьля распаду югаслаўскай фэдэрацыі футбольныя, баскетбольныя ці гандбольныя матчы Славеніі ці Харватыі зь Югаславіяй ператвараліся ў супрацьстаяньне двух сьветаў. Славенцы помсьцілі за сапсаваны ў 1991 г. Дзень Незалежнасьці, а харваты — за зьнішчаны Вукавар. Заўзятары абодвух бакоў высьвятлялі адносіны паміж сабой на трыбунах ці па-за імі.
Пасьля крывавай праскай вясны 1968-га чэская хакейная зборная выходзіла на матч з савецкай лядовай дружынай максымальна змабілізаванай і літаральна клалася касьцьмі на пляцоўцы, абы не прайграць саветам. А перамогі над “рускімі” ўспрымаліся як нацыянальнае сьвята. Калі ў футбольных чэмпіянатах СССР 70—80-х віленскі “Жальгірыс” (што ў перакладзе пазначае, дарэчы, Грунвальд — Дуброўна, Зялёны Лес) перамагаў расейскія каманды, літоўцы выходзілі на вуліцы Вільні з нацыянальнымі сьцягамі й воклічамі “Жыве незалежная Літва”. Дый талерантныя беларусы скакалі пасьля леташняй перамогі над расейскай зборнай на хакейным першынстве сьвету ў Санкт-Пецярбургу.
Спалучэньне спорту з палітыкай характэрнае ня толькі для краінаў з камуністычнай спадчынай. Футбольныя матчы Рэал (Мадрыд)—Барсэлёна ці матчы мадрыдзкіх клюбаў з баскамі зь Більбао альбо Сан-Сэбаст’яну нясуць адбітак даўніх палітычных рахункаў, гэтаксама як і матчы Англія—Шатляндыя, Англія—Валія, альбо Ірляндыя—Англія. Бо жыве гістарычная памяць, і лепей высьвятляць адносіны на футбольным полі, чым узброеным шляхам.
У краінах Цэнтральнай Эўропы дзяржава часта засяроджвае ўвагу на нейкім пэўным відзе спорту, укладае ў яго грошы, з разьлікам на палітычныя дывідэнды.
Харватыя на пачатку 90-х мела тры моцныя віды спорту: футбол, баскетбол, гандбол. Узровень харвацкіх футбалістаў традыцыйна высокі. Большасьць, яшчэ зь цітаўскага часу, грала за межамі краіны. Так і цяперашнія: Давар Шукер, Горан Влавовіч, Мар’ё Станіч, Робэрт Ярні, Алёша Асанавіч, Ален Бокшыч, Званімір Бобан, Робэрт Прасінэчкі.
Харвацкая фэдэрацыя футболу і прэзыдэнт Туджман вырашылі зламаць гэтую традыцыю, стварыўшы мясцовы супэрклюб на базе загрэбскай “Краацыі”. Вялікія субсыдыі, пошук новых “зорак”, захаваньне старых кадраў. Прыкладам, брамнік клюбу і зборнай Харватыі Драган Ладзіч меў гадавы кантракт у 1,5 мільёна нямецкіх марак. Ладзіч каштаваў тых грошай. Але “Краацыя”, якая ўвесь час была чэмпіёнам краіны, у Лізе Чэмпіёнаў выглядала ніякавата, часьцей спыняючыся на групавым турніры. Потым Франё Туджман памёр, цікавасьць да “Краацыі” зьменшылася, пачаліся фінансавыя праблемы. Цяпер у Харватыі спрабуюць вярнуць былы бляск спліцкаму “Гайдуку” — укладаюць грошы, запрашаюць харвацкіх гульцоў з Эўропы. Так, Ігар Шцімац з “Уэст-Гему” і Алёша Асанавіч з “Аўстрыі” ўжо падпісалі кантракты. Час пакажа, што будзе з харвацкім футболам далей, але ў гэтай маленькай краіне лічаць, што ім не абысьціся без сваіх спартовых герояў. Прычым у сваёй айчыне.
У Баўгарыі і Румыніі футбол квітнеў пры Жыўкаву ды Чаўшэску. І нават посьпех баўгараў на чэмпіянаце сьвету 1994 г. быў адгалоскам той камуністычнай эпохі. Гульцы былі старой загартоўкі, з жыўкаўскага ЦСКА. Дзеля задавальненьня амбітнасьці кіраўнікоў балканскіх дзяржаваў рабілася ўсё магчымае і немагчымае. У 1987 г. нападніку бухарэсцкага “Дынама” Кэмэтару не ставала 7 мячоў, каб стаць лепшым бамбардырам у Эўропе. Была дадзеная адпаведная каманда, і ў апошнім матчы чэмпіянату Румыніі той праявіў цуды футбольнага майстэрства і “дабіў” неабходную колькасьць мячоў.
У суседняй Славеніі, узоры дэмакратыі для Ўсходняй Эўропы, палітыкі не дэкляравалі сваіх прыхільнасьцяў да нейкага пэўнага віду, а паціху разьвівалі ўвесь спорт. Грошы ўкладаліся і ў хакей, і ў гандбол, і традыцыйныя для гэтай горнай краіны лыжныя віды спорту. Краіна багацела, зьяўляліся ўкладаньні ў футбол. І чэмпіянат Эўропы 2000 г. паказальны. Славенія, памерам з нашую Гарадзеншчыну, хоць і не пайшла далей групавога турніру, але паказала прыстойны футбол. А ў мінулую суботу яшчэ і перамагла расейцаў зь лікам 2:1.
Астатнія краіны робяць стаўку на пэўны від спорту і пасьпяхова з гэтага карыстаюцца. Чэхія ўкладае ў хакей такія сродкі, што беларусам і ня сьніліся. Адсюль і масавае прадукаваньне гульцоў экстра-клясы, і магчымасьць стварыць хакейную зборную, маючы ў рэзэрве колькі дзясяткаў добрых хакеістаў хоць з НХЛ, хоць з Эўропы, хоць зь мясцовых.
Літва разьвівае моцны з савецкіх часоў баскетбол. Прычым грошы ў яго ўкладаюць ня толькі бізнэсоўцы, але й легендарныя баскетбалісты (Сабоніс, Марчулёніс, Хомічус ды Курцінайціс, які нядаўна яшчэ быў міністрам спорту). Як вынік — перамога ковенскага “Жальгірысу” на Кубку Эўрапейскіх Чэмпіёнаў два гады таму. Нейкі час жаночую фэдэрацыю баскетболу краіны ўзначальвала Казімера Прунскене, але нічога тут экстраардынарнага няма. У маладосьці яна мела самыя непасрэдныя адносіны да гульні.
Украіна хварэе на футбол яшчэ з часоў супрацьстаяньня ў чэмпіянаце СССР паміж кіеўскім “Дынама” і расейскімі клюбамі. Гульні Ўкраіна—Расея — сапраўдныя бітвы і відовішчы. А ўкраінскія палітыкі спрабуюць падвышаць уласны рэйтынг праз прыхільнасьць да пэўных камандаў. Зь сярэдзіны 90-х блізкія да Кучмы алігархі пачалі ствараць супэрклюб на базе кіеўскага “Дынама”. Круціліся шалёныя грошы. Прыкладам, Давар Шукер, пакінуўшы лёнданскі “Арсэнал”, абіраў паміж “Міланам”, “Уэст-Гемам” і “Дынама”. Аднак пасьля сыходу Шаўчэнкі, Раброва і Лужнага гульня кіеўскіх дынамаўцаў, і без таго ня дужа прывабная, канчаткова паблякла. Адразу ж пайшоў уніз і Кучмаў рэйтынг. Увесну, падчас матчу Ўкраіна—Беларусь на кіеўскім стадыёне, дыктар абвясьціў, што на матчы прысутнічае прэзыдэнт. Трыбуны гучна асьвісталі Кучму.
Лукашэнка таксама спрабаваў падвышаць рэйтынг на спартовых дасягненьнях Беларусі. У 1997 г., калі беларуская зборная па хакеі заваявала пуцёўку на Алімпіяду-98 у Нагана, ён экстрана паляцеў у Японію, каб “падтрымаць хакеістаў”. І расейцам, і швэдам, і канадцам нашыя тады з трэскам прайгралі. Аднак, насуперак здаровай лёгіцы, было вырашана зрабіць зь Беларусі хакейную дзяржаву. Набудавалі лядовых палацаў, якія патрабуюць вялікага фінансаваньня. У Гомель, Віцебск, Магілёў, якія ніколі ня мелі ўласных хакейных камандаў, перакідалі хакеістаў зь Менску. Між тым, на адну хакейную форму трэба мінімум 100 даляраў, і далёка ня кожная сям’я можа сабе гэта дазволіць. Увага сканцэнтравалася на беларускай хакейнай зборнай, гульцы якой ня мелі канкурэнцыі, бо зьмена не падрастала.
Падчас тэлевізійных трансьляцыяў камэнтатар Уладзімер Навіцкі сьпяваў асану беларускай фэдэрацыі хакею і прэзыдэнту асабіста. Аднак на сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў Нямеччыне зборную Беларусі спасьціг поўны разгром. Па іроніі лёсу нашы прайгралі латышам, якіх Навіцкі, камэнтуючы, усё шкадаваў: і краіна ў іх бедная, і хакей увагай дзяржавы абдзелены, дый народ ледзьве канцы з канцамі зводзіць. Сьцьверджаньні даволі сумнеўныя. Так, на матчы Латвія—ЗША прысутнічала крыху болей за 8 тыс. заўзятараў, зь іх 7 тыс. прыехалі з Латвіі. Беларуская “група падтрымкі” на матчах нашай зборнай складала колькі дзясяткаў чалавек (зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, дарэчы).
І беларуская ўлада імкліва перавяла стрэлкі на футбол. Нашая зборная, якая два гады таму прайгравала нават такім аўтсайдэрам, як Андора і Эстонія, з прыходам трэнэра Эдуарда Малафеева пасьпяхова пачала турнір. Перамога над Уэльсам, Нарвэгіяй, Армэніяй, нічыя ў гасьцях з Украінай запалілі надзею ў душах заўзятараў. Мы паверылі, што трапім на сусьветнае першынства.
Вызначальнай мусіла стаць гульня з Украінай на менскім стадыёне “Дынама”. Інтрыгавала й даўняе супрацьстаяньне трэнэраў: прагматыка Лабаноўскага і рамантыка Малафеева, і магчымасьць рэваншу за прайграны кубак СССР у 1987 г. Гэткага матчу заўзятары чакалі колькі год. Але дарэмна яны выстойвалі ночы ля касаў “Дынама”: у продаж была пушчаная толькі палова квіткоў, блізу 20 тысячаў. Астатнія, па асабістым загадзе мэра Паўлава, былі зьнятыя з продажу. Мэр абвясьціў, што яны будуць распаўсюджаныя між прадпрыемствамі, грамадзкімі арганізацыямі і г.д. То бок між вэтэранамі працы, БПСМаўцамі, знанымі грамадзянамі... Простыя сьмяротныя куплялі квіткі ў спэкулянтаў, пераплочваючы ўтрая. Увесь гэты “сацыялізм” — каб Лукашэнку ня зладзілі такой самай абструкцыі, якую ў свой час зладзілі ў Кіеве Кучму.
Пазаўчора на футболе не відаць было ні сівых вэтэранаў, ні перадавікоў вытворчасьці, затое залішне фактурных твараў, якія звычайна можна пабачыць у раёне Карла Маркса 38—40 у часе апазыцыйных дэманстрацый.
Зрэшты, у Менску, аказваецца, не набралася 20 тыс. бэпээсэмаўцаў, сэксотаў і іншых палітычна добранадзейных, і падчас тэлетрансьляцыі трыбуны стадыёну зеўралі пустымі крэсламі.
Гульня мела палітычнае значэньне: трэ было напярэдадні выбараў паказаць сьвету ўсенародную падтрымку Лукашэнкі. Плянавалася нават раздаць каму трэба чырвоныя і зялёныя капялюшыкі і ў выпадку голу зрабіць зь іх чырвона-зялёны сьцяг. Не атрымалася, нашы прайгралі 2:0. Абодва галы забіў Андрэй Шаўчэнка, а імпэту балельшчыкаў хапіла толькі на палову першага тайму. Расейскі тэлекамэнтатар Васіль Уткін даў такі дыягназ гульні зборнай Беларусі: “Тут думаць ня трэба, трэба біць па варотах”.
У ложы VIP найбольш жвава паводзілі сябе два чалавекі: Аляксандар Лукашэнка ў спартовым гарнітуры й бэйсболцы і Ўладзімер Канаплёў з фанацкім шалікам на плячох. Прынамсі, гэтыя двое шчыра хварэлі, у адрозьненьне ад атачэньня, якое напружана імкнулася зразумець, што адбываецца на полі. На гэтых двох і ўпаў жмут перадвыбарчых улётак Уладзімера Ганчарыка, які нехта ўсё ж здолеў пранесьці на стадыён, нягледзячы на татальны кантроль на ўваходзе (абшуквалі да шкарпэтак).
Эдвард Людовіч