Юльян Сергіевіч

Зачэпкай для напісаньня гэтага артыкулу стаўся ліст ад Г.Тарасевіча з Горадні:

 

“Дасылаю Вам верш Юльяна Сергіевіча, прысьвечаны дню 25 сакавіка. Верш гэты надрукаваны лацінкаю ў брашуры, якая была прысьвечаная 25-м угодкам БНР.

Перапісваў я яго недзе ў канцы пяцідзясятых. Ужо тады арыгінал быў моцна пашкоджаны, а цяпер ён зусім рассыпаўся, а таму прыкладаю толькі копію фрагмэнту арыгіналу, а дакладней — пачатак верша.

І яшчэ дасылаю перапісаную ў той жа час лістоўку (ці афішку, як у нас тады называлі), прысьвечаную тагачаснаму Беларускаму Народнаму Гімну — “Адвеку мы спалі” і яго варыянту, апрацаванаму паэтам Юльянам Сергіевічам.

Хто быў аўтарам тых лістовак, ня ведаю. Мо хто зараз адгукнецца праз “Нашу Ніву”.”

 

Імя Юльяна Сергіевіча доўгі час было пад замком забыцьця. Ягонае зламанае жыцьцё — яскравы прыклад таго, як карае Савецкая дзяржава за “грахі” маладосьці.

Нарадзіўся Сергіевіч 5 жніўня (па іншых зьвестках — 23 верасьня) 1910 г. у в.Юраўшчына Беніцкай воласьці Ашмянскага павету (сёньняшні Маладэчанскі раён) у беднай сялянскай сям’і. Чатыры гады (1921—1924) правучыўся ў пачатковай школе ў суседняй Ленкаўшчыне, дзе да рэформы 1924 г. трывала беларускамоўнае навучаньне.

Ягоным настаўнікам быў Мікола Абрамчык, будучы прэзыдэнт Рады БНР (1947—1970). Напэўна, Абрамчык і паўплываў на фармаваньне сьветапогляду Юльяна. Аднак ад беднасьці хлопцу давялося кінуць вучобу і дапамагаць бацьку па гаспадарцы. У 1932 г. яго прызвалі ў войска, аднак з-за слабога здароўя праз колькі месяцаў камісавалі.

Сергіевіч сачыў за нацыянальным кнігадрукам, выпісваў беларускія газэты і пісаў вершы. Ягоны першы верш “Музыка”, зьявіўся ў паэтычным зборнічку “Рунь веснагоду” (Вільня, 1928). Потым Сергіевіч зрабіўся сталым аўтарам “Шляху моладзі”.

Лета 1939 г. карэнным чынам зьмяніла жыцьцё маладога паэта. Перад вайной рэзэрвіст Сергіевіч быў мабілізаваны. Пасьля некалькіх дзён упартых баёў зь немцамі трапіў у палон. Прайшоў некалькі лягераў, у адным зь якіх быў разам зь Міхасём Васільком і Янкам Брылём. Пасьля Юльян працаваў на тартаку ў нямецкага баўэра ў Баварыі.

У 1940 г. у Бэрліне быў заснаваны Камітэт Беларускай Самапомачы, які ў хуткім часе займеў філіі па ўсёй Нямеччыне. Ягонай галоўнай мэтай была апека над беларусамі, былымі жаўнерамі польскага войска, што трапілі ў нямецкі палон. А такіх было 70 тысяч.

Бэрлінскі Камітэт Самапомачы ўзначальваў Мікола Абрамчык. Мусіць, ён і ўспомніў свайго былога вучня. Сергіевіча выкупілі й перавезьлі ў Бэрлін. Ён атрымаў працу ў Камітэце Самапомачы і ў газэце “Раніца”.

23 жніўня 1943 г. менская “Беларуская газэта” зьмясьціла артыкул “Для Цябе, беларускі народ! Малады паэта Юльян Сергіевіч”. Аўтар пад крыптонімам Я.Ш. пісаў: “На Бацькаўшчыне зусім малаведамы малады беларускі пясьняр Юльян Сергіевіч, паэтычны талент якога асабліва выявіўся апошнімі гадамі на балонах бэрлінскае беларускае газэты “Раніца”. І з выгляду, і з усяго духовага складу паэта — тыповая беларуская натура. Ціхі, сьціплы, непрэтэнцыёзны, удумлівы, з гарачай патрыятычнай і палкай душой, грамадзкі, ідэёвы. Належыць да катэгорыі людзей, што свае прыродныя здольнасьці самаасьветай, упорыстай працай над сабою разьвілі й разгарнулі ў службе дарагой справе Беларусі, ейнай культуры, і маюць ужо немалыя дасягненьні... Сёньня паэта... завалены беларускай грамадзкай працай і мала зьвяртае ўвагі літаратурным творам і далейшаму разьвіцьцю свайго таленту, тым больш, што мае цэлы чарод сшыткаў вершаў і іншых твораў, яшчэ не надрукаваных”.

У тым артыкуле былі зьмешчаныя тры вершы паэта, сярод якіх верш-песьня “Мы выйшлі ізь цемры мінулага веку”, на матыў беларускай “Марсэльезы” — “Адвеку мы спалі”. Магчыма, таму ён таксама займеў пазьней назву “Беларуская Марсэльеза”.

Верш гэты паставіў у нумар тагачасны рэдактар “Беларускай газэты” Антон Адамовіч. Нямецкая цэнзура спачатку прапусьціла “Марсэльезу”, аднак нейкі пільны беларус-прапагандыст, што скончыў адпаведныя курсы ў Бэрліне, угледзеў крамолу ў радках: “Мы дружна паўстанем з касамі, сярпамі,/ Прагонім зь зямлі палачоў!”. І данёс у СД. Антону Адамовічу было прапанавана неадкладна пакінуць Менск і выехаць у Бэрлін. Той адмовіўся і празь нейкі час знайшоў у сваім пісьмовым стале міну. Паліцыянт-фальксдойч, што выносіў яе, выбухам быў разарваны на кавалкі (гэта апісаў у сваіх нататках пра Менск у “Беларускім голасе” Францішак Аляхновіч. Нататкі пазалетась перадрукаваў часопіс “ARCHE”).

Прыйшоў 1945 г. Нямеччына капітулявала. На ейных абшарах знаходзілася блізу 500 тыс. беларусаў. Хто-ніхто зь іх выяжджаў у заходнія раёны Нямеччыны, каб унікнуць савецкай акупацыі й канцлягераў, а Сергіевіч вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Ленкаўшчыне настаўнікам. У 1946 г. яго арыштавалі. Яму прыпомнілі і працу ў “нацыянал-фашысцкім” Беларускім Камітэце Самапомачы, і публікацыі ў “Раніцы” і “Беларускай газэце”. Далі 25 год. Пасьля амністыі ён вярнуўся ў Беларусь, але таўро мінулага не дазволіла займацца інтэлектуальнай працай. І да пэнсіі Юльян Сергіевіч адпрацаваў калгасьнікам у Ленкаўшчыне. Перапісваўся зь беларускімі літаратарамі — Ларысай Геніюш, Канстанцыяй Буйло.

Сергіевіч маляваў пэйзажы, размалёўваў насьценныя кілімы. Ягоныя працы экспанаваліся на рэспубліканскіх мастацкіх выставах.

Памёр Юльян Сергіевіч увосень 1976 г. Жонка паставіла на могілках помнічак з надпісам па-беларуску і зьехала зь Ленкаўшчыны.

Згадалі пра Сергіевіча толькі пры канцы 80-х. У 1989 г. у Менску, да 50-годзьдзя “ўзьяднаньня” Заходняй Беларусі з БССР, быў выдадзены зборнік заходнебеларускіх паэтаў “Ростані волі”, у які ўвайшлі й вершы Юльяна Сергіевіча. Барыс Сачанка надрукаваў іх разам з творамі Базыля Камароўскага, Янкі Палоннага, Караля Шаняўскага і інш. у “Полымі” (1992, №9) у падборцы “Вершы з фашысцкай няволі”. Сергіевіч быў уключаны ў даведнік “Беларускія пісьменьнікі”. Прыязна напісаў пра яго ў аповесьці “Wilio, w głębokościach morza” польскі пісьменьнік Зьбігнеў Жакевіч. Сергіевічу прысьвяціў частку ўспамінаў краязнаўца Генадзь Каханоўскі, які актыўна ліставаўся зь ім. (Адносіны Каханоўскага зь Сергіевічам — асобная тэма, вартая цэлага артыкулу.)

Драбніцы, драбніцы, драбніцы... Ніводнага цэльнага дасьледаваньня. Аскалепкі жыцьця, распыленыя па выпадковых публікацыях. Лёс дзясяткаў і сотняў беларускіх інтэлігентаў, для якіх адзіная магчымасьць працы на карысьць Краю была непарыўна зьвязаная з выбарам паміж двума драпежнікамі.

 

Алег Гардзіенка

Да дня
25 сакавіка

Сягоньня распалім сьвятло ўспамінаў,

Пайшоўшых у неварач розных часінаў.

Як многа падзеяў калісь галасьлівых

Разьвеяла рэха абшараў драмлівых,

І толькі ясьнеючай славы сьляды

Ня змогуць зацерці вякамі гады.

Калісьці ў хвалях зьвінячых прадвесьня

Імкненьне, як быццам прызыўная песьня,

Сабрала пад кліч змагароў за свабоду

Абвесьціць грамадна днём гэтым народу

Ад роднай краіны свой першы прывет,

Што грымнуў магутна – “няхай будзе сьвет!”

З усёй Беларусі вялікае веча

За праўду ў жыцьці барацьбой чалавечай

Нарэшце пісала агністае імя,

Якое тварыла цярпеўшай краіне

У досьвітках лепшага заўтра зару,

Як лёзунг магутны – “Жыве Беларусь!”

Народ, перажыўшы ўсе гвалты прыгонаў

І царска-жандарскіх рэжымаў-законаў,

Аддаўшы пад бой і пажары краіну

Народ у пагібелі той не загінуў,

Ён меў яшчэ сілу паўстаць зь небыцьця,

Абвесьціць на сьвет сваё права жыцьця.

Панурыя хмары варожых нам сілаў

Аднак вартавалі курганаў—магілаў,

Адкуль спадзяваліся зь мёртвых устаньне,

Каб гвалтаў сваіх даказаць выкананьне...

Іржаваю стальлю зьвінелі ізноў

Пракляцьце і ганьба чужых кайданоў...

За тым скрыжаваньнем вялікай дарогі

Ізноў напаткаліся ссылкі, астрогі,

Што мелі згасіць нашы іскры, надзеі,

Ды толькі ня можна згасіць той ідэі,

Якая калісь гэтым памятным днём

Успыхнула ў нас незгасімым агнём.

Якая парой метушні ўсенароднай

Паслужыць нам зоркай сьвятой пуцяводнай,

Прызыўна зьбярэ Крывічоў пакаленьне

Пад сьцяг барацьбы за сваё адраджэньне,

Якое прадбачыць сягоньня народ,

Як сьветлы і радасны сонца ўсход.

Сягоньня з нас кожны павінен прызнацца,

Ці мае ўстаць, ці бяздушна схавацца,

Як дух нашай волі ўзьнясецца на крыльле,

Каб чуцца нам пэўным з рахункам на сіле

І сіле варожай даць пэўны адпор

За свой родны край, за свабодны прастор.

Сыдзіце з дарогі, варожыя цені,

Бо далей ня змоўчаць вам нашы цярпеньні!

Даўнейшых прыгоньнікаў вольныя дзеці

Яшчэ вас паклічуць за крыўды і зьдзекі,

Каб далі прад судам на гэта адказ:

Чаго вы заўсёды хацелі ад нас?

Сягоньня, у часе вялікага сьвята,

Няхай будзе высака імя ўзьнята

Таго, хто калісьці цярпеў паніжэньне,

І зь верай у справу свайго вызваленьня

Мы скрышым мінулых вякоў ланцугі

За волю тваю, наш народ дарагі.

Цяпер няма часу на жальбы—стагнаньні

Нам трэба злучацца ў дружным змаганьні,

Каб хутка на нашых папаленых нівах

Ізноў зарунела багатае жніва

Той доўгачаканай шчасьлівай пары,

Дзе будзем мы вольныя гаспадары.

1942 г.

 

Беларуская Марсэльеза

Мы выйшлі ізь цемры мінулага веку,

Пазналі, што трэба рабіць,

Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,

Ў змаганьні дзяржаву здабыць.

Што гэта за марная доля такая –

Для нечай карысьці працуй.

На нашых абшарах чужынец гуляе,

А ты ў родным краі гаруй.

Даволі служыць, пакарацца прыблудам,

За крыўду панамі іх зваць –

Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня будзем,

Пайдзем лепшай долі шукаць.

Палямі, лугамі прылучацца з намі

Грамадна рады Крывічоў.

Мы дружна паўстанем з касамі, сярпамі

Прагонім зь зямлі палачоў!

Сьляды паняверкі, няволі, прынукі

Затопча Вялікі Паход.

І злуча ў працы свабодныя рукі

Увесь беларускі народ!

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0