Забыты сусед

Беларусь у кантэксьце пашырэньня Эўразьвязу на Ўсход

Гэты даклад — з сэрыі працаў, якія прадстаўляюць думку польскіх недзяржаўных колаў на істотныя міжнародныя праблемы. Ініцыятарам гэтай справы зьяўляецца фонд імя Сьцяпана Батуры. Даклад падрыхтаваны з дапамогай Усходнеэўрапейскага Дэмакратычнага Цэнтру — IDEE.

Беларусь — суседка трох дзяржаваў (Латвіі, Літвы, Польшчы), якія на працягу некалькіх год маюць папоўніць пашыраны Эўразьвяз. Дачыненьні з гэтай краінаю з больш як 10-мільённым жыхарствам будуць адной з важных праблемаў будучай замежнай палітыкі ЭЗ, гэтаксама як стасункі з Украінаю ці дыялёг з Расеяй па пытаньні Калінінградзкай вобласьці. Эўрапейскі Зьвяз на ўзроўні як Эўрапейскай камісіі, так і паасобных дзяржаваў, здаецца, яшчэ не да канца ўсьведамляе гэта.

Прычын адсутнасьці зацікаўленьня Беларусяй з боку ЭЗ некалькі. Па-першае, для цяперашніх краінаў Зьвязу гэтая дзяржава — “далёкі край”, зь якім ніхто не мяжуе. Вялікае значэньне мае таксама пашыранае перакананьне, што Беларусь — гэта, уласна кажучы, частка Расеі, пра што нібыта сьведчаць падпісваныя абедзьвюма дзяржавамі зь сярэдзіны 90-х інтэграцыйныя дамовы. Але найважнейшай, пэўна, прычынаю ігнараваньня Беларусі застаецца адсутнасьць палітычнай канцэпцыі ў адносінах з гэтай краінай. Эўрапейскі Зьвяз дагэтуль бездапаможны ў справе недэмакратычных дзеяньняў беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Усё памянёнае спрычынілася да таго, што ЭЗ не палічыў за патрэбнае выпрацаваць супольную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, аналягічную тым, што датычаць Расеі й Украіны. Ня толькі Зьвяз стаіць перад дылемаю, што зрабіць зь Беларусяй. Цяжкасьці з рэалізацыяй палітычнага курсу адносна гэтай дзяржавы відавочныя таксама ў выпадку Латвіі, Літвы і Польшчы. Названыя краіны, аднак, аддаюць Беларусі значна болей увагі, чымся ЭЗ.

Каб зразумець сытуацыю, што пануе ў Беларусі, канечне трэба прыгледзецца да беларускага грамадзтва, а таксама да палітычнай эліты гэтай краіны. Вось чаму першая частка дакладу прысьвечаная менавіта гэтай праблематыцы. Высновы зь яе дазваляюць сфармуляваць рэкамэндацыі, што складаюць другую частку дакладу.

 

I. Сацыяльная і палітычная сытуацыя ў Беларусі

1. Грамадзтва

Беларускае грамадзтва вельмі неаднароднае ў ацэнках усіх важных аспэктаў публічнага жыцьця. Лініі падзелу праходзяць часам на ўзроўні пакаленьняў, нярэдка, аднак, яны адлюстроўваюць магчымасьці доступу да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, а таксама ступень адукаванасьці канкрэтнага асяродзьдзя. Актуальным застаецца таксама падзел грамадзтва на людзей паходжаньнем з усходу і з захаду краіны. Асабліва ён праяўляецца ў палітычных падыходах.

Спосаб успрыманьня сьвету і сыстэма каштоўнасьцяў маладога пакаленьня, сьвядомасьць якога фармавалася ў пэрыяд распаду Савецкага Саюзу і стварэньня беларускай дзяржаўнасьці, істотным чынам розьняцца ад тых, якіх прытрымліваюцца людзі старэйшага і сярэдняга веку. Ужо вырасла пакаленьне, што ня ведае іншай бацькаўшчыны, акрамя незалежнай Беларусі, узьніклай у выніку распаду СССР у 1991 г. Цяжка цяпер напаткаць маладых беларусаў, якія настальгічна ўздыхаюць па няіснай краіне саветаў. Такая настальгія даволі пашыраная сярод людзей сярэдняга і старэйшага веку. Сказанае, аднак, не азначае, што моладзь скрозь атаясамлівае сябе з апазыцыяй. Грамадзтва ў цэлым не выказвае даверу да палітычнай клясы. І гэты скептыцызм асабліва прыкметны сярод маладога пакаленьня.

Даволі высокі ўзровень адукацыі, доступ да Інтэрнэту, а таксама ўсё большая мабільнасьць беларускай моладзі, асабліва той, што жыве ў Менску, дазваляюць ёй параўноўваць этычныя падыходы і якасьць мысьленьня нацыянальнай палітычнай клясы з падыходамі і мысьленьнем эўрапейскіх палітыкаў. Маладое пакаленьне ўжо далёка адышло ад савецкага сьвету, тады як палітыкі, у тым ліку й апазыцыйныя, па-ранейшаму глыбока прывязаныя да мінуўшчыны. Нават прэзэнтуючы крайне антыкамуністычныя погляды, яны апэруюць паняткамі і ўяўленьнямі пра палітыку і грамадзтва, характэрнымі для савецкай палітычнай эліты.

Прарасейская арыентацыя Лукашэнкавага рэжыму не супярэчыць чаканьням беларускага грамадзтва. Перш за ўсё гэта вынікае зь сямейных повязяў грамадзянаў Беларусі, зь якіх звыш 30% маюць блізкіх сваякоў у Расеі. Многія беларусы атрымлівалі адукацыю ў расейскіх унівэрсытэтах або распачыналі ў Расеі сваю палітычную і прафэсійную кар’еру. Разам з расейцамі яны служылі ў Савецкай Арміі. Усе гэтыя чыньнікі фармуюць спэцыфічную сыстэму лучнасьці з грамадзянамі Расеі — лучнасьці, якой ня можа ігнараваць ніводзін палітык, што прэтэндуе на кіраўнічыя пасады ў Менску.

Гэта, аднак, не азначае, што Лукашэнкава палітыка інтэграцыі Беларусі і Расеі мае поўную грамадзкую падтрымку. Ухваляючы цеснае эканамічнае, палітычнае і вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй, беларусы не пагаджаюцца на абмежаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту сваёй краіны. Боязь выклікае галоўным чынам пэрспэктыва службы беларускіх салдатаў у Чачэніі або ў расейскіх гарнізонах у Цэнтральнай Азіі.

Існаваньне беларускай дзяржавы мае асаблівую каштоўнасьць прыблізна для 20% жыхароў Беларусі з моцным пачуцьцём нацыянальнай сьвядомасьці. Гэтая частка грамадзтва выказваецца між іншага за як мага шырэйшае ўжываньне беларускай мовы ва ўстановах і школах, апэлюе таксама да гістарычных традыцыяў, зьвязаных зь беларускай культураю і дзяржаўнасьцю. У вачах гэтай часткі грамадзтва Лукашэнкаў рэжым зь яго захадамі на карысьць расейскай мовы і ігнараваньнем фактаў беларускай гісторыі выглядае антынародным.

Большасьць з засталых 80% грамадзтва не адмаўляе патрэбы існаваньня беларускай дзяржавы. Прыхільнае стаўленьне да беларускай дзяржаўнасьці расьце ў грамадзтве разам са зьменаю пакаленьняў. Можна дапусьціць, што з адыходам пакаленьня, якое з настальгіяй успамінае СССР, праблема стаўленьня да незалежнасьці беларускай дзяржавы сыдзе на нішто.

На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя сотні тысячаў беларусаў пабывалі ў розных эўрапейскіх краінах. Параўноўваючы Эўропу і Расею, яны выказваюцца хутчэй за эўрапеізацыю Беларусі. Больш як палова беларускіх грамадзянаў падтрымлівае ўступленьне сваёй краіны ў Эўрапейскі Зьвяз. Праблемаю застаецца, аднак, паўсюдная нявера ў магчымасьць пераменаў, што маглі б вывесьці Беларусь на эўрапейскі шлях.

Дэмакратыя, падваліны якой будаваліся ў 1990—94 г., не была прынятая беларусамі. Да сёньняшняга дня для ладнай часткі грамадзянаў яна асацыюецца з анархіяй, інфляцыяй і пустымі паліцамі крамаў. Адсутнасьць інстытутаў самакіраваньня вядзе да таго, што адзінымі праявамі дэмакратыі ёсьць парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Аднак большасьць людзей успрымае іх як тэхнічную працэдуру, якая заключаецца ў фармальным ухваленьні раней ужо абраных дзяржаўных уладаў. Большасьць беларусаў верыць таксама ў дзейснасьць сыстэмы, угрунтаванай на аднаасобным кіраўніцтве правадыра, увасабленьнем якога выступае Аляксандар Лукашэнка. Адно сярод інтэлігенцыі і моладзі дамінуюць імкненьні дэмакратызаваць краіну паводле эўрапейскіх стандартаў.

Лукашэнкава ўлада толькі ўзмацніла няверу ў магчымасьць дэмакратычных пераўтварэньняў. Выбарамі і рэфэрэндумамі, што сталіся палітычным фарсам для апраўданьня аўтарытарнай формы кіраваньня, былі скампрамэтаваныя асноўныя інструмэнты дэмакратыі. У паўсюдную зьяву разраслося ў штодзённым жыцьці парушэньне закону, якое вынікае зь перакананьня ў фікцыйнасьці права. Зрэшты, наіўна было б прытрымлівацца юрыдычных нормаў, да якіх самі іх стваральнікі ня ставяцца сур’ёзна.

Большасьць насельнікаў Беларусі жыве ў нястачы. Заробкаў, эквівалентных некалькім дзясяткам эўра, не стае для нармальнага пражыцьця, дарма што па-ранейшаму нізкімі застаюцца платы за кватэры і камунальныя паслугі. У асабліва драматычным становішчы вяскоўцы. Без ураджаю зь невялікіх дзялянак ці гародчыкаў яны б папросту ня выжылі. Большасьць гарадзкіх жыхароў, ад унівэрсытэцкіх прафэсараў да рабочых, таксама ўрабляе такія дзялянкі. Гэтая праца дае каля 30% усіх спажываных у Беларусі прадуктаў.

Значная частка беларускіх грамадзянаў валодае, аднак, грашовымі рэсурсамі, у колькі разоў вышэйшымі за афіцыйныя даходы. Гэта эфэкт спэцыфічнага ў Беларусі стаўленьня да закону. Ніводзін фінансавы аддзел няздатны вызначыць даходы тысячаў людзей, якія займаюцца прыгранічным гандлем. Паводле такіх правілаў функцыянуе ўвесь беларускі бізнэс. Супрацоўнікі прыватных фірмаў, каб пазьбегнуць празьмернага падаткаабкладаньня, афіцыйна атрымліваюць зазвычай толькі частку заробленай сумы. Іншую частку працадаўцы аддаюць ім, не пакідаючы ніякага сьледу ў дакумэнтах, які б сьведчыў пра такую грашовую апэрацыю.

Чорны рынак у беларускай эканоміцы (пры існаваньні разгалінаванай сеткі службаў фінансавага кантролю) — гэта рэакцыя на празьмерны фіскалізм дзяржавы. У прынцыпе, усякая гаспадарчая дзейнасьць без парушэньня закону была б стратнай. У агульным парыве беларусы імкнуцца схаваць свой сапраўдны маёмасны стан. Часта людзі, дэкляруючы даходы на ўзроўні 50 эўра за месяц, могуць выявіцца ўладальнікамі новых аўтамабіляў і найсучаснай кампутарнай тэхнікі, аматарамі адпачынку на знакамітых курортах Эўропы. Дэманстрацыя заможнасьці непрыхільна ўспрымаецца суграмадзянамі. Большасьць лічыць багацьце вынікам несумленных дзеяньняў. Таму з ухвалаю прымаюцца заявы Лукашэнкі пра барацьбу з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, а асабліва — эфэктныя арышты дырэктараў вялікіх прадпрыемстваў у прысутнасьці тэлекамэраў. Сярэдні беларус жыве ў перакананьні, што яго бесьперастанна абкрадаюць — несумленныя чыноўнікі, камэрсанты і працадаўцы; пры гэтым ён ніколі не задумваецца пра ўласныя паводзіны, якія не выключаюць абыходжаньня ці парушэньня закону.

Палітычная сьвядомасць грамадзянаў Беларусі фармуецца галоўным чынам пад уплывам расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Тое, што дзеецца ў сьвеце, беларусы ацэньваюць найчасьцей катэгорыямі камэнтатараў папулярных расейскіх тэлеканалаў; болей таксама цікавяцца тым, што адбываецца ў Расеі, а не ў Беларусі. Сытуацыя ва ўласнай краіне рэгулярна разглядаецца як вынік маскоўскай палітычнай гульні. Нудная беларуская тэлевізія не складае ніякай канкурэнцыі некалькім прывабным расейскім тэлеканалам. Існая ў Беларусі інфармацыйная сыстэма, у якой дамінантную ролю адыгрываюць расейскія тэлеканалы, з аднаго боку, прывучае людзей ставіцца да свайго краю як да расейскай правінцыі, з другога боку, цягам некалькіх год забясьпечвала мінімум ведаў пра асновы дэмакратыі і элемэнты рынкавай эканомікі.

Больш прарасейская, прасавецкая і пралукашэнкаўская — Усходняя Беларусь. Жыхары гэтай часткі краіны больш рашуча выказваюцца за інтэграцыю з Расеяй. У Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях на захадзе краіны, дзе ладная частка грамадзянаў Беларусі жыве з прыгранічнага гандлю з Польшчаю, са страхам успрымаюцца зьвесткі пра пэрспэктывы ўвядзеньня візаў і магчымасьць абмежаваньня пасажырскага руху. У заходняй частцы краіны даступныя два каналы Публічнай польскай тэлевізіі, якія інфармуюць пра Польшчу, арыентаваную на адаптацыю заходнеэўрапейскіх стандартаў. Відавочная воля грамадзянаў Беларусі захаваць адкрытыя межы з Польшчаю як акно зь відам на ўвесь сьвет, можа, не да канца зразумелы, гледзячы з постсавецкай прасторы, але зваблівы бачнай пэрспэктывай дабрабыту і свабоды.

 

2. Палітыка

Беларусь — краіна з аўтарытарным рэжымам, збудаваным на нетрывалых асновах. Рэч у тым, што функцыянаваньне рэжыму зьвязанае выключна з пэрыядам кіраваньня харызматычнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які, карыстаючыся паўнамоцтвамі, што дае яму дапоўненая зь ягонай ініцыятывы канстытуцыя, прымае найважнейшыя рашэньні ў сфэры як унутранай, так і замежнай палітыкі. Зь вялікай доляю праўдападобнасьці можна прадбачыць, што магчымая зьмена на пасадзе прэзыдэнта немінуча мела б вынікам заняпад пабудаванай Лукашэнкам сыстэмы.

Функцыянаваньне Лукашэнкавага рэжыму і эфэктыўнае з гледзішча яго інтарэсаў кіраваньне краінаю магчымыя дзякуючы існаваньню цэнтралізаванай структуры дзяржаўнай адміністрацыі, якая верна выконвае прэзыдэнцкія пастановы. Гэтая цэнтралізаваная сыстэма ўлады ідэальна апраўдвала сябе ў часе ўсіх ранейшых выбараў і рэфэрэндумаў, эфэктыўна забясьпечваючы перамогу на іх прэзыдэнту і ягонаму палітычнаму лягеру. Аднак падпарадкаваньне чыноўнікаў прэзыдэнту не вынікае ані зь іх асабістай адданасьці, ані з ідэйнай падтрымкі прэзыдэнцкай палітыкі. Яно — хутчэй вынік звычайнага канфармізму і боязі страціць пасады ў выпадку краху Лукашэнкавага рэжыму. Можна, такім парадкам, насьмеліцца сьцьвярджаць, што непрыхільнай да Лукашэнкі бюракратыі не хапае пакуль імпульсу для бунту супраць свайго патрона. Пры пэўных акалічнасьцях, аднак, тое, што сёньня іграе на руку прэзыдэнту — канфармізм і безыдэйнасьць, магло б хутка стаць ахілесавай пятою ягонага рэжыму. Прынамсі частка сёньняшніх саюзьнікаў Лукашэнкі схілялася б да выхаду зь яго лягеру, каб жа ў Беларусі зьявіўся кандыдат, які карыстаўся б дастаткова вялікай падтрымкаю ў грамадзтве і меў шанцы як роўны павесьці з Лукашэнкам змаганьне за пост прэзыдэнта. Бо хоць Лукашэнка ўвесь час і лідзіруе ў сацыялягічных апытаньнях, яго папулярнасьць сыстэматычна падае, тады як грамадзкая падтрымка апазыцыйных палітыкаў хоць нязначна, але расьце. І калі б у Беларусі адбыліся свабодныя і дэмакратычныя выбары, пераабраньне Лукашэнкі ўжо не было б, як дагэтуль, наперад прадвызначана.

Стаўленьне беларускай бюракратыі да Лукашэнкі залежыць найперш ад пазыцыі Расеі. Бюракратыі бракуе веры ў свае сілы, а таксама здольнасьці да самастойнага палітычнага дзеяньня. Мала таго, яна прытрымліваецца ўсеагульнага ў Беларусі меркаваньня, што ключ ад далейшага лёсу Лукашэнкавага рэжыму знаходзіцца ў Маскве. Вось чаму таксама нават незадаволеная Лукашэнкам частка бюракратыі чакае магчымага выразнага сыгналу з Крамля. Гэта не азначае, што беларуская бюракратыя цалкам ідэнтыфікуе свае інтарэсы з інтарэсамі Расеі. Сьведчаньнем гэтаму ёсьць хоць бы той факт, што многія былыя прэзыдэнцкія чыноўнікі (сярод іх таксама некаторыя з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта) дакараюць Лукашэнку за вядзеньне прарасейскай палітыкі, якая шкодзіць інтарэсам Беларусі (у прыватнасьці, за продаж расейцам па заніжаных коштах беларускай дзяржаўнай маёмасьці наўзамен за падтрымку на выбарах).

Беларускую бюракратыю жахаюць факты выцісканьня яе расейцамі з адміністрацыяў, службаў бясьпекі, кіраўнічых пасадаў у войску, а таксама перайманьня банкамі і фірмамі з Расейскай Фэдэрацыі беларускага нацыянальнага набытку. Аднак беларускія эліты паралізуе страх перад маргіналізацыяй — палітычнай і прафэсійнай, які не дазваляе ім актыўна процідзеяць напору расейцаў.

Падтрымка Масквы мае сёньня для Лукашэнкі ключавое значэньне. Цана гэтай падтрымкі — усё большая яго падлегласьць Расеі. Масква, выкарыстоўваючы няўпэўненасьць Лукашэнкі напярэдадні выбараў, стараецца прымусіць яго пайсьці на саступкі ў пытаньнях, якія лічыць для сябе істотнымі. Найбольш яскравым прыкладам гэтага сталася падпісаньне пры канцы мінулага году пагадненьня пра ўвядзеньне супольнай валюты і спыненьне крытыкі расейскага патрабаваньня стварыць адзіны эмісійны цэнтар у Маскве. На практыцы гэта пазначае страту Беларусяй аднаго з атрыбутаў сувэрэнітэту.

Маскоўская падтрымка мае для Лукашэнкі асаблівае значэньне таксама й таму, што дасюль яна гарантавала яму дастатковае замежнае прыкрыцьцё. Расея — адна зь нямногіх дзяржаваў, якая цалкам прызнае Лукашэнкаў рэжым і, выконваючы ролю ягонага заступніка і „адваката” на міжнароднай арэне, спрычыняецца такім чынам да ягонага захаваньня. Ранейшая стратэгія заходніх дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, угрунтаваная на дапушчэньні, што лібэралізацыю Лукашэнкавага рэжыму ўдасца „абладзіць” пры пасярэдніцтве Масквы, зазнала фіяска. Больш за тое, гэтая стратэгія ўмацоўвае ня толькі Расею, але й беларускую грамадзкую думку ў перакананьні, што лёс Беларусі па-ранейшаму вырашаецца найперш у Маскве. Ізаляцыя Захадам беларускіх уладаў паглыбляе комплекс беларускай бюракратыі перад „старэйшым братам” з Усходу і паралізуе патэнцыял хоць якіх яе дзеяньняў супраць Лукашэнкі. Тым часам Расея, насуперак спадзяваньням заходніх дзяржаваў, не выстаўляе прэзыдэнту Беларусі ніякіх патрабаваньняў лібэралізацыі ягонага рэжыму, скажам, правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў. Вельмі праўдападобна, што Крэмль, рэалізуючы сваю палітыку інкарпарацыі Беларусі, будзе схільны прызнаць перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, нават калі яны пройдуць у варунках, якія не забясьпечваюць электарату аўтэнтычнай свабоды выбару або калі іх вынікі будуць папросту сфальсыфікаваныя. Лукашэнка ж у сваю чаргу, адчуваючы своеасаблівую згоду Масквы на бяспраўныя дзеяньні і імкнучыся любой цаною захаваць уладу ў краіне, не рызыкне праводзіць выбары згодна з прынятымі ў дэмакратычных дзяржавах стандартамі. Пра гэта сьведчыць увесь ранейшы ход выбарчай кампаніі.

Беларуская апазыцыя, выкараненая зь дзяржаўных структураў і адсунутая на пэрыфэрыю палітычнага жыцьця пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 г., ня мае фактычна ніякіх магчымасьцяў узьдзеяньня на рэжым Лукашэнкі. Нават тыя нешматлікія саступкі, на якія беларускія ўлады пайшлі ў дачыненьні да апазыцыі, былі перадусім вынікам міжнароднага ціску. Дзяржаўная манаполія на электронныя СМІ абмяжоўвае поле актыўнасьці апазыцыйных асяродкаў. Хоць гэтыя асяродкі карыстаюцца невялікай у цэлым грамадзкай падтрымкаю, менавіта дзякуючы іх актыўнасьці міжнародная супольнасьць паінфармаваная пра выпадкі парушэньня законаў і абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў у Беларусі. Дарма што дэмакратычныя асяродкі скрозь ацэньваюцца як слабыя, акурат яны ўяўляюць самую актыўную частку беларускага грамадзтва. Яны ніколі не пагодзяцца з фактычным паглынаньнем іх краіны мацнейшым суседам. Гэтая акалічнасьць — асноўны, відаць, фактар, які часткова стрымлівае рэалізацыю імпэрскіх плянаў Масквы ў Беларусі.

Сур’ёзным рэзэрвам апазыцыі — і гэта вылучае Беларусь на прасторах СНД — ёсьць шырока разгалінаваная сетка няўрадавых арганізацыяў, у якіх знаходзіць прытулак і шмат хто з апазыцыйных палітыкаў. Наступствамі кіраваньня беларускіх уладаў, заклапочаных захаваньнем свайго манапольнага становішча ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, сталася апазыцыйнасьць і палітызацыя беларускага „трэцяга сэктару”. У адрозьненьне ад апазыцыйных палітычных партыяў, актыўнасьць якіх канцэнтруецца перш за ўсё ў сталічным Менску, няўрадавыя арганізацыі ахопліваюць сваёй чыннасьцю таксама й правінцыю. Яны спрыяюць будаваньню падвалінаў незалежнай ад дзяржаўных структураў грамадзянскай супольнасьці. Гэта дазваляе меркаваць, што працэсы фармаваньня беларускага грамадзтва і нацыі будуць ісьці далей, нягледзячы на панаваньне ў Беларусі аўтарытарнага і індыфэрэнтнага ў нацыянальным пляне рэжыму.

Вартая адзначэньня і стаўленьне да Эўразьвязу, распаўсюджанае сярод апазыцыйнай палітычнай эліты і нават часткі людзей цяперашняга апарату ўлады. ЭЗ ёсьць для іх сымбалем дабрабыту. Важнай таксама зьяўляецца ацэнка краінаў-сяброў Эўразьвязу як дзяржаваў, у якіх выконваюцца законы.

 

II. Рэкамэндацыі

Эўрапейскі Зьвяз і краіны-кандыдаты на ўступленьне ў яго павінны ўсьведамляць, што іх дзеяньні дачынна Беларусі могуць не прынесьці ў кароткім часе меркаваных вынікаў. Трэба хутчэй настроіцца на працяглыя захады, не расчароўваючыся адсутнасьцю імгненнага пераканаўчага эфэкту. Нельга, разам з тым, выключыць магчымасьць раптоўных палітычных пераменаў у Беларусі, якія зрабілі б рэальным усталяваньне Эўрапейскім Зьвязам паўнацэнных кантактаў з гэтай краінаю. Вось чаму належыць ужо цяпер выпрацаваць узгодненую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, каб ня быць засьпетымі зьнянацку магчымым разьвіцьцём падзеяў.

 

1. Новая палітыка ЭЗ адносна Беларусі

З боку ЭЗ вельмі важна было б разглядаць Беларусь як суб’ект у міжнароднай палітыцы Зьвязу. Дачыненьні зь Беларусяй ня могуць весьціся ў кантэксьце сувязяў ЭЗ з Расеяй. Беларусь павінна стаць часткаю новай усходняй палітыкі ЭЗ, што мусіць зважаць на этнічную разнастайнасьць прасторы, зь якой Саюз будзе непасрэдна межаваць пасьля пашырэньня на ўсход. Недапушчальна разглядаць Беларусь як частку расейскай сфэры ўплыву, як гэта характэрна для некаторых краінаў ЭЗ. (Прыкладам тут — супольны аналіз дэпартамэнтаў плянаваньня міністэрстваў замежных справаў Нямеччыны і Францыі. У ім адкрыта сказана пра Маскву як натуральны цэнтар цяжару для краінаў СНД і выключаная магчымасьць уваходжаньня ў будучыні ў склад ЭЗ між іншых краін і Беларусі.)

Зыходзячы з палажэньня пра суб’ектнасьць Беларусі ў замежнай палітыцы Саюзу, Брусэль павінен уплываць на сытуацыю ў гэтай краіне не праз Маскву, а праз прамыя дыпляматычныя захады ў Менску. У ведзеных з Расеяй размовах ЭЗ мае выразна падкрэсьліваць, што Маскве ня варта падтрымліваць недэмакратычны рэжым Лукашэнкі. Падтрымка расейскімі ўладамі гэтага рэжыму зьяўляецца для разьвіцьця дачыненьняў ЭЗ—Расея такой самай праблемаю, якой нядаўна было пытаньне расейскай падтрымкі рэжыму Слабадана Мілошавіча.

ЭЗ павінен афіцыйна заявіць, што ён не выключае ў будучыні ўступленьня Беларусі ў Зьвяз. Адным з галоўных палажэньняў памянёнай новай усходняй палітыкі ЭЗ, у якой бы знайшлося месца й для Беларусі, было б падтрыманьне праэўрапейскіх дзеяньняў уладаў гэтай краіны. Умоваю залучэньня Беларусі ў будучыні ў лік кандыдатаў была б воля на ўваходжаньне ў склад ЭЗ, выражаная дэмакратычна абранымі ўладамі дзяржавы, а таксама прызнаньне імі абавязковай патрэбы адпаведнасьці Беларусі капэнгагенскім крытэрам. Робячы выснову з ранейшай практыкі, цяжка сабе ўявіць, каб гэтую ўмову мог выканаць Лукашэнка. Такім чынам, пастулят скіраваны хутчэй да наступных кіраўнікоў Беларусі.

Паказ Саюзам эўрапейскай пэрспэктывы для Беларусі процідзеяў бы стэрэатыпу „нас ніхто ў Эўропе не чакае”, пашыранаму ў гэтай краіне, у тым ліку і ў асяродзьдзі палітычнай эліты.

Ужо цяпер Саюз павінен падрыхтаваць праграму канкрэтнай дапамогі (напр., ільготы пры доступе на рынак ЭЗ беларускіх тавараў) на выпадак пазытыўных пераменаў у Беларусі. У пэўным сэнсе гэта было б паўтарэньнем сэрбскага варыянту.

У асяродзьдзях экспэртаў у краінах цяперашняга ЭЗ можна сустрэцца з асьцярогаю, што праэўрапейскія захады ў дачыненьні да Беларусі будуць трактавацца Масквою як палітыка антырасейская. Большасьць расейскай палітычнай эліты ўспрымае Беларусь або як частку Расеі, або як краіну, натуральным чынам прыналежную расейскай сфэры ўплываў. Такі падыход з пункту погляду ЭЗ ня йдзе на карысьць, бо гэта праява імпэрскага мысьленьня расейскай эліты, зважаючы на якое цяжка сабе ўявіць добрыя сувязі ЭЗ і Расеі. Шанцам на прынамсі частковую зьмену ранейшага непазытыўнага спосабу мысьленьня расейскай палітычнай эліты было б перакананьне яе ў тым, што толькі цеснае супрацоўніцтва з Саюзам такіх краін, як Беларусь, а таксама самой Расеі можа прывесьці да паляпшэньня эканамічнай сытуацыі на постсавецкай прасторы.

2. Процідзеяньне ізаляцыі

Вялізнае значэньне для фармаваньня ў Беларусі грамадзкіх падыходаў, пазытыўных з гледзішча ЭЗ, мае магчымасьць свабодных паездак жыхароў у краіны Эўразьвязу. Вось чаму трэба максымальна спрасьціць парадак выезду грамадзянаў Беларусі ў ЭЗ у рамках acquis Schengen. Гэта будзе важна асабліва пасля ўваходжаньня ў Эўразьвяз беспасярэдніх суседзяў Беларусі — Латвіі, Літвы і Польшчы. У будучыні, як мага бліжэйшай, ЭЗ павінен разгледзець магчымасьць выключэньня Беларусі з чорнага сьпісу краінаў, грамадзянам якіх патрэбныя візы для ўезду на тэрыторыю Зьвязу.

Кантакты з суседзямі, што стануць чальцамі ЭЗ, для беларусаў асабліва важныя, улічваючы магчымасьці выездаў у гэтыя краіны вялікай колькасьці грамадзянаў Беларусі. Паездкі ў Латвію, Літву і Польшчу дапамагаюць беларусам на свае вочы пераканацца ў карысьці, якая вынікае з эўрапейскай інтэграцыі.

Каб прадухіліць ізаляцыю Беларусі, варта інвэставаць у пабудову праэўрапейскай эліты. Асабліва важныя стыпэндыяльныя праграмы для моладзі. Беручы пад увагу моўную блізкасьць, значную частку гэтых праграм можна было б рэалізаваць у Польшчы. Навучаньне маладых людзей паблізу Беларусі дае большую гарантыю, што ладная іх частка ня страціць кантактаў з бацькаўшчынаю і туды вернецца. Пры выездах на большую адлегласьць многія людзі хочуць застацца ў аддаленых ад Беларусі краінах, адначасна трацячы кантакт з бацькаўшчынаю.

Веды пра тое, што такое ЭЗ, у Беларусі далёкія ад здавальняючых. Таму належала б правесьці інфармацыйную акцыю пра Эўразьвяз. Варта было б, напрыклад, зарганізаваць эўрапейскія дні ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі. Больш актыўную ролю ў папулярызацыі ЭЗ у Беларусі маглі б адыграць пасольствы дзяржаваў-чальцоў Зьвязу.

ЭЗ не павінен пазьбягаць дыялёгу зь Беларусяй на ніжэйшым узроўні. Кантакты зь беларускай бюракратыяй, якая сёньня падтрымлівае Лукашэнкаў рэжым, але ў будучыні можа стаць на бок іншых прэтэндэнтаў на ўладу, могуць мець ключавое значэньне для будучых стасункаў Эўразьвязу і Беларусі. Многія ж ініцыятывы, ухваленыя на найвышэйшых узроўнях, могуць, як вядома, эфэктыўна тармазіцца ўсюдыіснай мясцовай бюракратыяй.

 

3. Узаемадзеяньне зь няўрадавым сэктарам
і прафсаюзамі

Ва ўмовах абмежаваных кантактаў зь Беларусяй на дзяржаўным узроўні асаблівае месца павінна заняць узаемадзеяньне зь беларускім няўрадавым сэктарам і прафсаюзамі. Кантакты паміж няўрадавымі арганізацыямі Беларусі і аналягічнымі структурамі зь дзяржаваў ЭЗ і краін-кандыдатаў на ўступленьне ў Зьвяз дазволілі б пераламаць нарастаючы псыхоз ізаляцыі і варожасьці да чужых, на якім грунтуецца цяперашні недэмакратычны рэжым.

Ніякія прадпісаньні ня могуць прыпыніць росту ў Беларусі грамадзкай актыўнасьці. Абмежавальныя захады ўладаў у дачыненьні да праяваў грамадзкай актыўнасьці, а таксама адсутнасьць падтрымкі для такога роду дзейнасьці могуць стрымаць непасрэднае супрацоўніцтва дзяржаваў ЭЗ зь беларускімі арганізацыямі. Усё гэта, аднак, ня можа перашкодзіць грамадзянам краінаў Зьвязу і прадстаўляным імі няўрадавым арганізацыям ажыцьцяўляць неадкладную гуманітарную дапамогу і шырыць веды з розных галінаў жыцьця.

Пабудова грамадзянскай супольнасьці, якая была б не прадметам маніпуляцыяў улады, а суб’ектам унутранай палітыкі, — гэта адзіны спосаб зьмяніць грамадзкую, палітычную і эканамічную сытуацыю ў Беларусі і забясьпечыць далейшае разьвіцьцё гэтай краіны. Зразумела, патрэбная пры гэтым перадача досьведу і ведаў, важных для будаваньня грамадзянскай супольнасьці. Пры рэалізацыі праектаў, скіраваных на Беларусь, патрэбнае таксама блізкае супрацоўніцтва няўрадавых арганізацыяў краін ЭЗ з аналягічнымі структурамі зь дзяржаваў-кандыдатаў на ўступленьне ў Зьвяз, найперш зь Літвы, Латвіі і Польшчы. У выпадку праектаў няўрадавых арганізацыяў краінаў ЭЗ з удзелам беларускіх партнэраў варта было б забясьпечыць лягчэйшы доступ да грошай ЭЗ.

Рост актыўнасьці мясцовых асяродкаў можа стымуляваць працэс стварэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Вось чаму рэалізацыя многіх міжнародных лякальных праектаў магла б адыграць значную ролю ў фармаваньні грамадзкіх падыходаў у Беларусі, стрымліваньні няўхільнага зьбядненьня беларускага насельніцтва і пераадоленьні ізаляцыі, якая спараджае ксэнафобію.

Яшчэ адзін важны пастулят — разьвіцьцё ЭЗ супрацоўніцтва прафсаюзаў краін ЭЗ і краін-кандыдатаў на ўступленьне ў Зьвяз з прадстаўнікамі розных прафсаюзных арганізацыяў Беларусі. Для папулярызацыі дэмакратычных падыходаў у беларускім грамадзтве велізарнае значэньне мае выхад на рабочае асяродзьдзе.

 

4. Падтрымка незалежных СМІ

Асноваю функцыянаваньня недэмакратычнага рэжыму ў Беларусі застаецца ізаляцыя краіны і абмежаваньне доступу грамадзянаў да інфармацыі. Тэлевізійныя станцыі, акрамя расейскіх, знаходзяцца пад кантролем рэжыму. Адсутнічаюць айчынныя незалежныя электронныя СМІ. Існаваньне ў Беларусі некалькіх камэрцыйных FM-радыёстанцыяў не дае доступу да нецэнзураванай інфармацыі.

Таму якраз асаблівую ролю адыгрывае беларуская незалежная прэса. Дасьледаваньні паказваюць, што адзін асобнік незалежнай газэты чытае ў сярэднім ад 5 да 10 чалавек. Вось чаму, хаця супольны наклад незалежнай прэсы складае каля 250 тысяч асобнікаў, рэальна яна мае значна шырэйшае поле ўзьдзеяньня. Паўмільённы наклад галоўнай афіцыйнай газэты “Советская Белоруссия” пры дзясятках іншых афіцыйных выданьняў сьведчыць, аднак, пра манапалізацыю СМІ рэжымам. Таму падтрымка свабоднай прэсы як адзінага сродку, які гарантуе грамадзтву доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі, канечне патрэбная для пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

 

У сэрыі справаздачаў „Пра будучыню Эўропы” раней выйшлі даклады “Перамагчы варожасьць: Калінінград як анкляў Расеі ў межах Эўразьвязу” (http://www.batory.org.pl/ftp/program/europejski/raport1/rtf) і “Адчыненыя дзьверы. Усходняя мяжа пашыранага Эўразьвязу”, http://www.batory.org.pl/ftp/program/europejski/Raport_Schengen_pl.rtf, “Праэўрапейскія атлянтысты. Польшча і іншыя краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы пасьля ўваходу ў Эўразьвяз”, http://www.batory.org.pl/ftp/program/europejski/raport3.rtf

 

Падрыхтавалі Ганна Навумчук, Яўген Мірановіч, Павал Казанэцкі, Гжэгаж Грамадзкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0