Паштовая скрынка апазыцыі

Абы з рук

Беларусы маюць адмысловае пачуцьцё стылю. Гэтым мы розьнімся нават ад найбліжэйшых суседзяў — у Менску не пабачыш дзяўчыны ў доўгай спадніцы й красоўках. Стыль мусіць прысутнічаць ня толькі ў адзеньні, але й у выказваньнях, адносінах, палітыцы.

 

Папулярнасьць Лукашэнкі таксама не ў апошнюю чаргу абумоўленая тым, што ён ні пад кога не падладжваецца й застаецца сабой у любой сытуацыі. Беларусы інстынктыўна адчуваюць нават добра замаскаваную бяздарнасьць. Няшчырасьць, нявызначанасьць выклікаюць у беларусаў недавер і нудоту. Менавіта таму тужаньні апазыцыі, якая колькі апошніх месяцаў імкнулася спалучыць быка й індыка, капіюючы імпартаваныя ўзоры бяз кроплі свайго, нацыянальнага, прапалі дарма. Стылёвая нявызначанасьць – вось што кідалася ў вочы падчас нядзельнае акцыі ля Палацу прафсаюзаў – кульмінацыі выбарчае кампаніі. Расейскамоўныя прамовы ўражвалі ўнівэрсальнасьцю: зьмяняй Беларусь на Расею – і выступай у Маскве на танку ў 91-м, зьмяняй Беларусь на Сэрбію – і выступай у Бялградзе ў 2000-м. Рэвэрансам у бок “сьвядомых” звычайна быў лёзунг “Жывёт Беларусь!”. Прамовы па-беларуску несьлі на сабе адбітак натужнасьці й пачуцьця абавязку – як, зрэшты, уся дзейнасьць нашых правых сілаў на карысьць “адзінага кандыдата”. Нават музыку ў паўзах паміж прамовамі ставілі якую была – бяз пэўнае арыентацыі – ад Кабзона (песьня “Дзе Ганчар?”, вытрыманая ў ягонай стылістыцы) да “NRМ” і “Modern Talking”.

Рашучыя заявы лідэраў рабіліся няўпэўненым тонам (бралі б прыклад з Лукашэнкі, які заўсёды верыць у тое, што кажа). Увогуле, агульная няўпэўненасьць панавала ў штабах і офісах “трэцяга сэктару” апошнія месяцы. Спраўджваючы па тэлефоне, ці сапраўды патрапіў у штаб Ганчарыка, можна было пачуць у адказ “Ну, ціпа таво…”. Дый рэвалюцыю аб’яднаная апазыцыя ладзіла як прафсаюзнае мерапрыемства – абы з рук. Міжволі ўзьнікае думка, што Домаш “захварэў” адмыслова, каб ня браць у ёй удзелу. Думаў, відаць, пра сваю палітычную будучыню.

Сяргей Мікулевіч, Будслаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0