Амэрыканская трагедыя

Адразу пасьля падзеяў у Амэрыцы інфармацыйныя каналы сьвету перапоўніліся да краёў. На тле ўстойлівае тупое нуды, якую заўсёды выклікаюць паведамленьні пра сьмерць, вылучаліся дзьве тэмы. Першая — гэта сьведчаньні ахвяраў, якія тыя пасьпелі перадаць з борту захопленага самалёта або з-пад развалінаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру. Другая тэма — гэта пошукі выканаўцаў злачынства.

Магчыма, вядома, у дыме разгледзець твар дэмана, але імёны бандытаў у кожным разе цяпер можна толькі дадумаць — больш ці менш доказна і пераканаўча. Непераканаўчая, хоць і зусім зразумелая, хаатычнасьць першых дзён. Затрыманыя тэрарысты, праз гадзіну — адпушчаныя, аказалася, ня тыя. То ўзьнікае вэрсія пра залётных арабаў, што проста ў аэрапорце чыталі курс пілятажу па-арабску, то яна абвяргаецца іншай: гэта былі прафэсіяналы, рыхтаваліся гадоў пяць. Натуральна, вялізныя ведамствы мусяць выконваць сваю работу і даваць адказы. Яшчэ больш натуральная іхная прага адплаты. І публіка прагне, сьвядома ці не, разумеючы, што імя аўтара ў гэткай сытуацыі можа зьмяніць калі ня ўсё на сьвеце, дык маё прыватнае стаўленьне да многіх рэчаў, маю асабістую філязофію жыцьця.

Чытаючы пра ньюёрскую катастрофу, я згадаў нядаўнюю менскую трагедыю на Нямізе. Тады ўлады адрэагавалі, як адрэзалі: ня трэба шукаць вінаватых. Хоць мала хто паверыў, што галоўны вынаваты ў масавай пагібелі моладзі — травеньскі дожджык.

У Амэрыцы задача знайсьці і адплаціць была пастаўленая адразу. Злачынства прагучала як выклік цывілізацыі, але фізычных выканаўцаў не існуе ў прыродзе. Гэта значыць, што адплаціць трэба зьяве. Яе назвалі міжнародным тэрарызмам. Магчыма, яна шырэйшая і больш складаная, чым толькі гэтыя групкі непрымірымых ісламістаў у аўганскіх гарах.

Самымі пераканаўчымі з усіх фактаў выглядаюць сьведчаньні загінулых, што званілі з мабільнікаў з борту самалёта перад самай сьмерцю.

“Арабская” вэрсія выглядае найпрасьцейшай, але яна патрабуе доказаў, якіх няма. Ні ў адным званку з захопленых самалётаў не называліся арабы. Насьцярожвае і тое, што такую маштабную акцыю наўрад ці можна было ў Амэрыку прыўнесьці звонку — больш праўдападобна, што яна высьпела ўсярэдзіне.

Мне запомнілася сьведчаньне 25-гадовай Тацяны. У часе першага выбуху яна была на 29-м паверсе Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку:

“Працаваць у адной зь вежаў-блізьнятаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру было ня толькі прэстыжна, але й прыемна. Раніцай, калі ў падземным паверсе адкрываліся шматлікія буцікі, а народ сьпяшаўся на цягнікі ў бок Нью-Джэрзы, у натоўпе можна было заўважыць мноства турыстаў. Адныя кіраваліся да хуткасных ліфтаў, каб з пляцоўкі на версе паўднёвай вежы пад назваю “Вяршыня сьвету” паглядзець на захапляльную панараму Нью-Ёрку. Іншыя разглядалі маладых “япі” — жанчын у бездакорна белых блюзках і мужчын з масіўнымі кейсамі — супрацоўнікаў самых вядомых кампаніяў сьвету, офісы якіх разьмяшчаліся ў двух 110-павярховых будынках. А тыя, абмяняўшыся прыветным Morning з аховай, імкнуліся ў свае ўтульныя кабінэты. Да 9-й гадзіны прыбіральшчыкі акурат сканчалі сваю працу. І можна было, наліўшы кубачак кавы, каторы раз акінуць вокам, як прачынаецца горад і зноў зьдзівіцца бурлівай энэргіі і вечнаму руху. Потым прыняць электронную пошту, даведацца навінаў, пабалбатаць з калегамі”.

25-гадовая Тацяна працавала фінансавым аналітыкам аднаго з найбуйнейшых банкаў. Раніца 11 верасьня была для яе зусім звычайнай. Прыйшоўшы на працу крыху раней за дзявятую, яна ўзьняла тэлефонную слухаўку, але тут будынак раптам гайдануўся. У першы момант Тацяна вырашыла, што пачаўся землятрус, але зараз жа адчула жудасны чад, а дым стаў разьядаць вочы. Ва ўнісон зьвінелі супрацьпажарная сыстэма і сыстэма бясьпекі, людзі кінуліся ў калідоры. Ліфт не працаваў. Увесь народ скупіўся на лесьвіцы запаснога выхаду. Тацяне ўдалося дабрацца да падземнага гаража да таго моманту, як абрынулася вежа. Адтуль, зьнямелую ад жаху, яе разам зь іншымі адводзілі па нейкіх лябірынтах у памяшканьне, падобнае да бамбасховішча і далі магчымасьць затэлефанаваць сваякам.

“Я думала пра тое, што цяпер адбываецца на паверхні і сама сабе ўжо разьвітвалася са сваімі блізкімі. Праз чатыры гадзіны, выйшаўшы на вуліцу, я ўбачыла на месцы вежаў месіва з абгарэлых чалавечых целаў, кавалкаў мэталу, аскепкаў шкла і абгарэлай паперы. І тады я зразумела, што мой сьвет болей не існуе. Я зазірнула ў ацалелую вітрыну — адтуль на мяне глядзела сьсівелая зьляканая жанчына. Цяпер над горадам стаіць хмара ванітоўнага смуроду, падобнага да шклаваты, а вуліцы абляпілі мільёны папераў. Усё, што здарылася, не ўспрымаецца як рэальнасьць, а, хутчэй, як фінальная сцэна фільму “Байцоўскі клюб”.

На думку Тацяны, тэрарысты, якія зьнішчылі Міжнародны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку, нанесьлі ўдар па маладых славалюбцах, па тых, хто ўвасобіў амэрыканскую мару і атрымаў працу ў найбуйнейшых міжнародных кампаніях. Псыхалягічны ўплыў трагедыі на амэрыканскую нацыю будзе сакрушальным і страшным.

Кінафільм “Байцоўскі клюб” сапраўды па-свойму вытлумачвае тое, што адбылося. Прынамсі, такая вэрсія можа мець месца. Герой фільму — такі самы славалюбец з прэстыжнай фірмы. Але, у адрозьненьне ад Тацяны, яму мала гэтага ўтульнага сьвету ўсеагульнага руху і самасьцьверджаньня. Калі жыцьцё ідзе перадвызначанаю каляінай — гэта ўжо несвабода, бо няма адчуваньня ягонай паўнаты, і не пакідае думка, што хоць ты і гома сапіенс у белай кашульцы, але пры тым застаешся жывёлінай — валасатай малпай зь невядома якімі таемнымі вірамі на самым дне душы. Якім чынам тут раскрыцца?

Герой знаёміцца з такім самым, як і ён, чалавекам. Два нармальныя маладыя бізнэсмэны сустракаюцца, гавораць, намацваючы супольную мяжу жаданьняў. І аднойчы калега кажа герою: “Слухай, дай мне ў морду. Ну, праўда, дай”. — “Во проста так?” — “Проста так”...

Звычайнаму чалавеку цяжка даць іншаму ў морду. Нешта замінае. А інтуіцыя падказвае — ага, вось дзе твой бар’ер, твая несвабода, абмежаванасьць і немагчымасьць жыць напоўніцу.

Герой размахваецца і ня вельмі рашуча наносіць удар. І адбываецца штосьці незразумелае, але прыцягальнае. Істота адчула сябе поўнай і неабмежаванай. Цяпер чарга калегі... Словам, два зусім добрапрыстойныя дзецюкі знаходзяць сваё вызваленьне ў гэтым. Удзень яны ўлягаюць у сваіх прэстыжных фірмах, а па вечарох “адцягваюцца” ў бойцы. Каб знайсьці сваю свабоду, яны ня пішуць вершаў і не кахаюцца да зьнямогі, як гэта рабілі іхныя папярэднікі-гіпі. Яны намацалі той комплекс, які з маленства закладзены ці ня ў кожным мужчыну, і вырашылі яго разбурыць. Далей высьвятляецца, што такіх, як яны, — мора. Для мноства мужчын па ўсёй Амэрыцы пераадоленьне няўменьня даць іншаму ў морду становіцца ледзьве не рэлігіяй. Маленькі напачатку байцоўскі клюб нашых герояў ператвараецца ў сетку клюбаў па ўсёй краіне. Пасьля таго, як арганізацыя структуруецца, яна мусіць знайсьці сабе ідэалёгію. Калі ідэалёгіі няма, зьяўляецца жорсткая сыстэма падпарадкаваньня і грандыёзная мэта — зрабіць акурат тое, што мы пабачылі ў аўторак 11 верасьня.

Адзін авіядыспэтчэр зафіксаваў голас тэрарыста ў захопленым самалёце, адну толькі фразу: “Бяз глупстваў”. Яна была сказаная без акцэнту і акурат так, як гэта мог сказаць Брэд Піт у “Байцоўскім клюбе”.

Хадзілі чуткі, што “Байцоўскі клюб” забаронены да публічнага паказу ў ЗША. Можна зразумець, чаму. Там прырода тэрарызму выводзіцца на сучаснай амэрыканскай глебе і тэрарыстамі робяцца такія зразумелыя клеркі з офісаў і развозчыкі піцы. Камікадзэ можа выгадавацца і ў нетрах самай звычайнай амэрыканскай публікі, на глебе знаёмай амэрыканскай мары і маскультуры, у фантазіі стваральнікаў якой пасажырскія самалёты ўжо не аднойчы таранілі вежы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру.

Цяпер — пра выратаваньне, пра тое, што магло зьмяніць хаду падзеяў.

Тэрарысты паведамілі пасажырам летака, які ўрэзаўся ў Пэнтагон, што перад сьмерцю яны могуць затэлефанаваць сваякам. З тых званкоў не вынікае, хто такія былі захопнікі. Вядома толькі, што яны былі ўзброеныя нажамі і сагналі пасажыраў у заднюю частку машыны. І вось там, сярод гэтага натоўпу, у якім кожны імкнуўся выглядаць непрыкметным, апынулася жонка намесьніка міністра юстыцыі ЗША Тэадора Олсана. Былі там таксама супрацоўнікі сэнату, тры школьныя настаўнікі з Вашынгтону. Ня кажучы пра іншых, ужо толькі зь пералічаных можам дапусьціць, што гэта былі людзі, здольныя цьвяроза ацаніць сытуацыю і паспрабаваць нейкім чынам распарадзіцца ўласным лёсам ды паўплываць на лёсы іншых. Усім ім далі загад затэлефанаваць сваякам і паведаміць, што яны зараз памруць.

Барбара Олсан, якая некалі была фэдэральным пракурорам і вядомай тэлекамэнтатаркай, затэлефанавала мужу двойчы. Два разы па адной хвіліне. Першы раз яна сказала: “Наш самалёт захоплены”. Муж тэрмінова зьвязаўся зь Міністэрствам юстыцыі, дзе яму адказалі, што афіцыйным асобам нічога не вядома пра захоп. За некалькі хвілінаў Барбара зноў зьвязалася з сужэнцам і спытала: “Што я павінна сказаць пілёту?” Гэта былі яе апошнія словы.

Журналісты высьветляць, што яна мусіла ляцець ня гэтым рэйсам, забранявала квіток на іншы час, але ў мужа быў дзень нараджэньня і ёй манілася прыляцець раніцай, каб пасьпець пасьнедаць разам.

Апошні званок сьведчыць, што разумная і відавочна валявая жанчына не зьмірылася зь лёсам і не жадала склаўшы рукі чакаць сьмерці. “Што я павінна сказаць пілёту?” Адказу на гэтае пытаньне мы ня знойдзем у інструкцыях, не знайшоў гэтага адказу і яе муж. Што ён мог сказаць ёй? Хіба словы суцяшэньня? Але гэта ня той выпадак, калі суцяшаюць безнадзейна хворага. Жонка прасіла ў мужа таго слова, якое магло паўплываць на пілёта і зьмяніць хаду падзеяў. Верагодна, калі яна пыталася пра гэта, яна мела ўжо нейкую размову з захопнікамі, прынамсі мела доступ да таго, хто вёў самалёт у сьмерць. Магчыма, яна нават паабяцала нешта сказаць яму. Вось толькі адзін званок — і адтуль ёй перададуць гэтае самае запаветнае. “Што я павінна сказаць пілёту?”

Мне чамусьці здаецца, што калі б тэрарысты былі ісламскімі фундамэнталістамі, дык тут сытуацыя магла б выглядаць прасьцей. Ня ведаю, якім словам спыніць мусульманіна, але дапускаю, што такое слова ёсьць. Гэтая вера, якая б фанатычная яна ні была, рэгулюецца словам. У мужа спадарыні Олсан было некалькі хвілінаў, каб падумаць у гэтым кірунку. “Што я павінна сказаць пілёту?”

А калі гэта не мусульманін? Калі ўчынак тэрарыстаў не афарбаваны ніякімі культурнымі ці культавымі фарбамі? Калі гэта і сапраўды — байцоўскі клюб? Нават тады, на пачатку ўсяго гэтага ляжала ідэя, задума, выказаная словам. Вось яна і прасіла СЛОВА. Паэтычнага, магічнага, фантастычнага...

“Што я павінна сказаць пілёту?”

Тут усё — ад дзіцячага “чароўнага слова” да талстоўскага “Што я павінен сказаць сьвету?” — ёсьць калясальная вера ў сілу слова, якое здольнае зьмяніць бачаньне ўсяго навокал і адвярнуць трагедыю. Але маўчыць муж на тым баку сувязі. Маўчыць інструкцыя палкоўніка ФСБ. Маўчаць Шэксьпір і Дастаеўскі, маўчаць Цыцэрон і Чэрчыль, маўчаць Купала і Колас. Маўчыць наша паважаная цывілізацыя.

Гэтым разам яна прайграла.

Гэтым разам яна прамаўчала.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0