Беларусь праз 100 гадоў

Бацькаўшчына на антыподах

Ідэя гэтая наагул не мая. Упершыню пра магчымасьць існаваньня іншай краіны беларусаў мне расказаў за кілішкам-другім мой калега Сяргей Крапівін. Аднойчы ён задумаўся: а што гэта можа быць на супрацьлеглай Беларусі кропцы зямнога шару? Адшукаў глёбус, узяў сьпіцу і працяў яго наскрозь, акурат праз “пуп” Зямлі. Недзе ў Акіяніі сьпіца выйшла роўна каля двух незаселеных астравоў. Ён і назваў тую краіну наадварот: Суралеб Акілбупсэр. Клімат там — копія беларускага, падобна як і ляндшафт…

 

У бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі ў Рэспубліцы Беларусі наўрад ці нешта істотна зьменіцца да лепшага. Уладу трывала захапілі цынікі-іншаземцы, якім зручна мець за правадыра люмпэна-шырму. Таму лепшыя з беларусаў — нешматлікія інтэлектуалы і працаўнікі, чыноўнікі ды вайскоўцы — мусяць зьвярнуцца ў ААН з просьбай аддаць тыя астравы пад патранат Суралеб Акілбупсэр, каб зьберагчы беларусаў як нацыю, а не як электарат. Невялічкая частка лепшых людзей адсюль пасьля строгага адбору выедзе на тыя астравы. Сярод іх будуць самыя прыгожыя жанчыны, самыя разумныя і сумленныя мужчыны, найбольш працавіты люд — тысяч зь дзесяць, ня больш. Прыедуць яны на пустое месца, маючы ад сусьветнай супольнасьці ўсё неабходнае, каб распачаць будаўніцтва новай краіны. Гэтак у свой час абжываліся беларусы ў Сібіры.

Яднаць іх будзе Суралеб Акілбупсэр, краіна продкаў, хоць і на зусім іншым абшары. Там будуць адно беларускія школы й унівэрсытэт, там ня будзе расейскай папсы і ангельскамоўнай рэклямы, Советской Белоруссии, будзе беларуская тэлевізія, а не героі сэрыялу “Жахі вуліцы Макаёнка”. Прэзыдэнт будзе адно прымаць гасьцей краіны, усьміхацца ім і разам з прыгожаю жонкай весьці афіцыйныя і ня дужа гутаркі. Парлямэнт будзе невялікі па колькасьці, бо практыка сьведчыць: чым большы кагал, тым менш ладу. Там будзе паліцыя зь вялікімі заробкамі, а дзяржаўных служачых за парушэньне закону без папярэджаньня будуць высылаць у Рэспубліку Беларусь, да сваіх. Там будуць выходзіць розныя газэты: і “Акілбупсэр”, і “Ямі”, і “Авін Ашан”. Там будуць помнікі не Уваровусу, а Умаксўонілаку. Там люд будзе хварэць за ўласнае “Аманыда” і піць сапраўднае авіп, а не “Любіцельскае” ад Криницы ці набітую кансэрвантамі Балтику, а лыжы на асфальце забароняць як зьяву, небясьпечную для псыхікі. Туды перанясуць магілы найбольш знаных беларусаў, каб на радзіме іх не паскудзілі сваёй прысутнасьцю тыя, каму ўсё адно, як жыць. І паветраныя шары там будуць запускаць, а не зьбіваць, і людзі будуць нараджацца, а не зьнікаць. А вараную кілбасу забароняць для ўвозу на астравы як наркотык для тых, каму няма чаго губляць, апрача ланцугоў.

У камісіі, што будуць даваць дазвол на ад’езд у Суралеб Акілбупсэр, увойдуць выключна маладыя, што не азначае, быццам людзі сталага веку не атрымаюць магчымасьці пакінуць Краіну вечнага балота: маладым лягчэй адчуць, хто роўны зь імі па духу. Новыя эмігранты ў краіну продкаў адновяць усе звычаі, будуць сябраваць з усімі краінамі, не адчуваючы пагрозы нейкіх інтэграцый і саюзаў. А ў сталіцы дзяржавы горадзе Укснему ня будзе вуліц імя Берута й Мясьнікова, а будзе праспэкт Атўатіва і акадэміка Аварахаса, і на сьценах дамоў будзе дазволена пісаць усё, што заманецца. І гмахі таксама будуць усьміхацца.

Усё гэта — ня проста жарты. Стварыць такую аўтаномію сапраўдным беларусам на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі ніхто не дазволіць. Хіба ва ўласнай душы. Але чым унутраная эміграцыя лепшая за рэальную? Значыць, неабходны мужны ўчынак, інакш маім праўнукам ня будзе куды паехаць зь Беларусі, каб пабачыць зямлю продкаў. А тыя, хто ня трапіць у Суралеб Акілбупсэр, будуць бясконца есьці адно аднаго ў краіне іх мары — Рэспубліцы Беларусі.

Зьміцер Падбярэскі


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0