Адам Глёбус

Ты нарадзіўся ня тут* 

Язерская

Вось каб экс-тэлевядучая Элеанора Язерская воляю лёсу працавала б ня ў Менску, а ў Амстэрдаме, яна не займалася б сумнеўнай і сумнай музыкаю, а весела бавіла б час у квартале чырвоных ліхтароў, у якім-небудзь утульна-ружовым інтымна-бэзавым сэкс-шопе, сярод скураных апранахаў для садамазахістаў і цацачных полавых органаў для сарамлівых імпатэнтаў. А над ёю вісеў бы лёзунг: “Не бывае непрыгожых надзіманых жанчын, бываюць слабыя лёгкія!!!”

Барадулін

Каб жа Барадулін — пераносчык лірыкі Лоркі ў матчыну мову — нарадзіўся ў Мадрыдзе, дык зрабіўся б самабытным мыйшчыкам вітрынаў. Езьдзіў бы на працу на матаролеры, выставіўшы наперад клінок сівой барады-эспаньёлкі, і ўтрапёна б газаваў.

Зянон

Калі б лёс вызначыў Зянону жыць у Бухарэсьце, ён працаваў бы штатным фатографам у паліцыі, а ў часе скіданьня дыктатуры першы б сфатаграфаваў труп Чаўшэску для гісторыі.

Дубавец

Во каб нацыяналіст Дубавец быў сапраўдным маскалём і працаваў на імпэрыялістычную ідэю, дык вокамгненна ператварыў бы Беларусь зь Віленшчынай у Паўночна-Заходні край. А так ён пакутліва ладзіць адваротны працэс.

Мулявін

Каб лёс дазволіў песьняру Мулявіну нарадзіцца ў Лёндане, ён стаў бы швайцарам у пяцізоркавым гатэлі, прагульваўся б па ганку ў малінавым камзоле й ціха насьвістваў у бухматыя вусы песенькі бітлоў…

Касіў Джон канюшыну,

Паглядаў на дзяўчыну.

Ёка Она жыта жала

І на Джона паглядала.

Ці ты Джон? Ці ты не?

Спадабаўся ты мне…

Марцаў

Нарадзіўся б рэдактар Пятрусь Марцаў ня ў Менску, а ў сталіцы мадэрнізму Барсэлёне, не займаўся б ён інфармацыйным фіглярствам, а стаяў бы за барнай стойкаю ў тапасе Qu-Qu, варыў cafй ruso i cafй irlandйs, наліваў whiskies ды vodkas. Жыраваў бы Пятрусь у нармалёвым жыцьці… П’яных падманваць лягчэй, чым цьвярозых.

І не прыдумляў я такога, а ўбачыў бармэна з тварам Марцава, толькі чарнявага й без бародкі.

Бяляцкі

Вось каб бацькі змагара за правы чалавека Бяляцкага не прывезьлі свайго сына ў Беларусь, а пакінулі ў Расеі! Ён працаваў бы выратавальнікам у Сочы, на пляжы каля марпорту, ляжаў бы пад парасонам у дарагіх плаўках і зрэдку б сапраўды ратаваў людзей ад стыхіі.

Алексіевіч

А калі б шукальніца праўдадзікунства Алексіевіч засталася жыць у хлебадайнай Украіне, дык усё адно прыяжджала б у Беларусь, каб на чыгуначным вакзале гандляваць наперчанымі шматкамі сала. Сьмяялася б на поўны рот і ня думала б, якое аблічча ў вайны, жаночае ці мужчынскае, бо абое рабое і любяць яечню з салам.

Акудовіч

Быў бы філёзаф Акудовіч грамадзянінам Чэхіі, а не Беларусі, дык капаў бы магілы на Праскіх могілках. Рэальнае далакопства прыносіла б добрую колькасьць кронаў і гарэлкі моцаю ў 51 градус. Валянцін разабраўся б, хто ёсьць, а каго няма, хто можа глынуць сьпірытусу, а каго тым сьпіртам можна толькі абмыць. А халоднымі раніцамі на жыдоўскіх могілках каля сынагогі ён складаў бы вершы пра кветкі, якім паадломвалі сьцябліны, ратуючы букеты ад злодзеяў.

Бабкоў

Парыж, а ня Гомель мусіў выхоўваць Бабкова. І вырас бы не паэталягічны мысьляр, а прадавач з самай шыкоўнай крамы дзіцячых цацак. Не пісаў бы Ігар артыкулаў у энцыкляпэдыі, а заахвочваў бацькоў набываць сваім пестунам караблікі. Дзятва Парыжу Бабкова абагаўляла б. А дакладныя копіі “Тытаніка” ў маштабе 1 да 1000 разыходзіліся б з Ігаравых рук сотнямі.

Камоцкая

Рок-баранэса Кася па ўсіх прыкметах даўно павінна была перабрацца ў Дэлі. Яна спрабавала пераехаць у Вільню, але выбрала памылковы вэктар. Касю чакае Індыя, дзе самаахвярна жыла і памерла маці Тэрэза. Месца вакантнае. Беларускі нічым ня горшыя за альбанак. І рокерша пераўвасобілася б у сястру міласэрнасьці — маці Касю. Ты чуў, як яна вымаўляе “бе-е-едны”? Мёд! Гоіць бязь лекаў.

Арлоў і Сагановіч

Аўтары дзіцячай гісторыі Беларусі са сваімі сярэднявечнымі бародамі кепска ўпісваюцца ва ўрбаністыку Менску. А ўсё з-за таго, што мусілі жыць і працаваць сабакаводамі на Алясцы. “Ага-га!” — крычаў бы Арлоў, “Угу-гу!” — адгукаўся б Сагановіч. А белахвостыя лайкі несьлі б іх па бяс- крайніх сьнягах. А дыямэнты-ільдзінкі зіхацелі б на вусах, бародах і бровах Сагановіча і Арлова.

Фядута

Запойны чытач расейскай літаратуры пазаімшэлых часоў і аматар пахарчавацца на фуршэтах Фядута колькі ні спрабаваў знайсьці адпаведнае сваёй ладнай паставе месца, а так і не знайшоў. Месца было побач, рукой падаць ад Горадні, дзе камсамоліў таварыш Ф., — на беластоцкай бойні. Там бы ён біў токам кабаноў, жэр штодня сьвежаніну. А тушы замардаваных жывёлін ільсьніліся б у таўсьценных Фядутавых акулярах.

Віньнікава

Экс-банкірэса Віньнікава, якая ў сьлізкіх інтэрвію спрабуе апраўдаць уласную разяватасьць на пасадзе галоўнага фінансіста Беларусі, выклікае ў паспалітых людзей агіду. Невядома, нашто яе саджалі ў турму, а яшчэ больш няясна, нашто выпускалі. А каб жа яна зазірнула ў аб’ектыўнае люстэрка, дык убачыла б, што ейнае месца ў грамадзкай прыбіральні, у зашклёнай будачцы. І сядзела б яна там спакойна, і разумела б, што грошы пахнуць, і што іх сапраўды можна абменьваць на шматок мяккай паперы.

Азаронак

Тэлекарыкатурыст Азаронак нарадзіўся ня ў свой час і не ў сваёй краіне. Спазьніўся небарака. Эх, каб туды, дзе ствараўся СССР, дзе складаў дрындушкі Дзям’ян Бедны, дзе можна было ня толькі папісваць, а й пастрэльваць… Там бы ён закрасаваў на поўнамэтражную шырыню і даўжыню… А так адно шматкі ды кавалачкі.

 

 

* Ідэя назвы напалову належыць Лявону Баршчэўскаму.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0