Нацыянальны супраціў і духовае Адраджэньне

Стратэгія Маладога Фронту пасьля выбараў

 

Сёньня, пасьля маштабных фальсыфікацыяў ды татальнага гвалту над грамадзтвам, маладзёвы нацыянальны супраціў ёсьць практычна адзінай сілай, здольнай абараніць і выратаваць краіну. Ніякія тэхналёгіі й намэнклятурныя сувязі, ніякія грошы ня зробяць таго, што даюць ідэя і дух. За партай і ў транспарце, у тусоўцы й па дарозе ва ўнівэрсытэт, зь сябрамі й міліцыянтамі акцыямі нацыянальнага супраціву робіцца бел-чырвона-белы значак на грудзях, гучная беларуская мова, пікет або гульня, патрабаваньне свабоды й справядлівасьці, салідарная ўзаемная падтрымка.

За нацыянальным супрацівам павінна ісьці духовае Адраджэньне. Другім маладым фронтам мусяць стаць асьвета, культура, адукацыя, спорт, інфамацыя, музыка, кампутары — усё тое, што цікава сёньняшняй моладзі, праз што маладая нацыя прыходзіць да паўнавартаснага жыцьця. Толькі духовы ўздым, толькі сутнасна хрысьціянскае абуджэньне моладзі здольнае ператварыць насельніцтва ў здаровае грамадзтва. Расейская імпэрыя й рэжым Лукашэнкі ўжо прайгралі: беларуская моладзь ужо адчула родную зямлю пад нагамі й Госпада Бога над сабой. Моладзь пачала верыць і любіць – з гэтым ніякі страх і д’ябальскі гвалт, ніякія нянавісьць і падман ужо нічога зрабіць ня могуць.

Нацыянальны супраціў і духовае Адражэньне будуць толькі мацнець. Сёньняшняя задача Маладога Фронту ў тым, каб лукашэнкаўскай дыктатуры, абыякавасьці й злу сярод студэнтаў, школьнікаў і маладых рабочых проста не засталося месца. Ніякае боязі. Ніякае эміграцыі. Ніякае апатыі. Нас больш, мы мацнейшыя – і мы пераможам!

Павал Севярынец,
лідэр Маладога Фронту


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0