З УСІХ СТАРОН

 

Польшча

Вяртаньне левых

29 млн. польскіх выбаршчыкаў учора абралі 460 дэпутатаў Сэйму і 100 сэнатараў. Апазыцыйны хаўрус Саюзу Лявіцы Дэмакратычнай і Уніі Працы (SLD-UP) перамог кіроўную “Салідарнасьць”, што вымушаная апошнім часам літаральна змагацца за сваё існаваньне.

 

Нават выбітныя асобы, кшталту прэм’ера Ежы Бузка, якіх “Салідарнасьць” выставіла сваімі кандыдатамі, не выратавалі сытуацыі. Заняпад “Салідарнасьці” тлумачыцца замяшанасьцю правых у шэрагу скандалаў. Вянцом усяму сталася справа зь дзіркай у дзяржбюджэце.

У адрозьненьне ад “Салідарнасьці”, шырокі хаўрус сацыял-дэмакратычнай арыентацыі (SLD-UP) здаецца людзям гарантыяй стабільнасьці, а бізнэс не баіцца яго, бо паказаў сваю здольнасьць і жаданьне праводзіць рэформы. Кіроўныя пасты ў SLD часта-густа займаюць колішнія камуністы — як кіраўнік Саюзу Лешак Мільлер. Але для новага пакаленьня камуністычная мінуўшчына некаторых палітыкаў значыць няшмат.

Апазыцыю леваму хаўрусу ў парлямэнце складуць лібэралы кшталту з Грамадзянскай плятформы (апытаньні абяцалі ёй прыкладна 14% галасоў) і аграрнікі зь Сялянскай партыі (каля 12%). Яны ж могуць стаць партнэрамі СЛД па ўрадавай кааліцыі ў выпадку, калі левыя самі ня будуць мець большасьці ў парлямэнце. “Салідарнасьць” і Унія Вольнасьці маюць шанцы патрапіць у Сойм. Сваю ролю можа адыграць і сялянскае аб’яднаньне “Самаабарона”, папулярнасьць якога апошнім часам расьце.

У Польшчы, як у большасьці эўрапейскіх краінаў, зьмяняюць адзін аднаго левыя, правыя, сярэднія, ствараюцца блёкі, хаўрусы, але хто б ні прыйшоў да ўлады, пагрозы для дэмакратыі, рынкавай эканомікі і атлянтычнага саюзу не ўзьнікае, і зьнікненьне з палітычнага далягляду нейкае партыі не азначае ўціску свабоды.

Язапат Змысла

 

Восем польскіх партыяў: хто за што

Свае партыйныя сьпісы на парлямэнцкіх выбарах у Польшчы зарэгістравалі 8 палітычных партыяў, што прадстаўляюць увесь палітычны спэктар. Парадак разьмяшчэньня партыяў у бюлетэні вызначаўся лёсаваньнем, і жэрабя, здаецца, сапраўды цягнула рука лёсу, настолькі адметным атрымаўся гэты парадак.

Пад першым нумарам – пераможца. Бачачы пэўнасьць сваёй перамогі, SLD-UP, чым бліжэй да выбараў, рабіла свае лёзунгі ўсё больш унівэрсальнымі (“дзяржава – справядлівая і танная”), а абяцанкі больш стрыманымі (“паспрабуем дапамагчы ўсім, але гэта нялёгка”). Ранейшыя радыкальныя прапановы – ліквідацыя Сэнату, скарачэньне колькасьці міністэрстваў, спыненьне прыватызацыі некаторых дзяржпрадпрыемстваў, чыстка спэцслужбаў – апошнім часам прыціхлі. Праграма атрымалася без сэнсацыяў – у ЭЗ пойдзем, але на выгадных для нас умовах; сялянам, шахцёрам, настаўнікам дамо дзяржаўную падтрымку; створым умовы для разьвіцьця айчыннага бізнэсу й замежных інвэстыцыяў.

Другі нумар – у Акcji Wyborczej Solidarność (AWS), якая ўжо даўно ня першая й не другая сіла ў краіне. За чатыры гады знаходжаньня пры ўладзе яна адштурхнула ад сябе хаўрусьнікаў – цэнтрысцкую Унію Вольнасьці, развалілася сама – з AWS выйшаў цэлы шэраг партыяў і асобных палітыкаў. Яе развалілі ўнутраныя супярэчнасьці паміж імкненьнем ейнага ўраду лібэралізаваць эканоміку і жаданьнем прафсаюзнага лобі забясьпечыць працоўным сацыяльныя гарантыі. Напярэдадні выбараў AWS сваёй задачай лічыла “ліквідацыю паталягічных зьяваў у грамадзкім жыцьці, хуткае й пасьпяховае ўступленьне ў ЭЗ, разьвіцьцё нацыянальнай навукі і культуры”. Галоўным козырам AWS быў “сямейны пакет” – шэраг законапраектаў, скіраваных на ўсебаковую дзяржаўную падтрымку шматдзетных, небагатых і беспрацоўных сем’яў. Найбольшая праблема правых у тым, што ім ніхто ня верыць. Лёзунг правых “Іншыя шмат гавораць – мы ж зьмяняем Польшчу”.

Трэці нумар – Унія Вольнасьці (UW). У ейных шэрагах – першы некамуністычны прэм’ер Тадэвуш Мазавецкі, “бацька польскіх пераўтварэньняў” Лешак Бальцаровіч, міністар замежных справаў Браніслаў Гэрэмак і г.д. Адзін час UW нават ахрысьцілі “партыяй улады”. Сьмяротны ўдар па UW нанесла зьяўленьне Грамадзянскай плятформы, што адабрала ў Уніі большасьць расчараванага электарату – “чыстых” лібэралаў і маладых прагматыкаў.

Чацьверты – наваствораная партыя “Самаабарона”. На пачатку 90-х гэта была прафсаюзная суполка сельскагаспадарчых работнікаў. Аснову яе складаюць фэрмэры, якія пасьля банкруцтва абралі шлях “сялянскага бунту” замест вяртаньня крэдытаў. Іхны правадыр Анджэй Лепэр вядомы тым, што зладзіў колькі гучных блякадаў аўтамагістраляў і пагражаў папрасіць прытулак у Лукашэнкі. Тады ён яшчэ не выдаваў сваіх намераў зрабіць палітычную кар’еру, называючы прэзыдэнта Квасьнеўскага “найвялікшым гультаём краіны”, а Лешка Бальцаровіча “эканамічным ідыётам і бандытам”. Сёньня Лепэр кажа, што “прыйшоў час разблякаваць Польшчу”. Галоўным аргумэнтам, які ён прыводзіць, заклікаючы галасаваць за сябе – “усе астатнія ўжо направіліся”. “Самаабарона” супраць уступленьня ў ЭЗ і за ўтрыманьне бедных коштам багатых. Самаабаронаўцы абяцаюць пасьля прыходу да ўлады шмат каго пасадзіць за краты.

Пятая – партыя “Права і справядлівасьць”. Назва партыі адначасова зьяўляецца ейным лёзунгам. Яе кіраўнікі – браты-блізьняты Лех і Яраслаў Качыньскія, добра вядомыя з часоў “Салідарнасьці” як “цьвёрда правыя”. У партыі высокі рэйтынг – 8%, дзякуючы іміджу “самотнага шэрыфа, барацьбіта з мафіяй і карупцыяй” Леха Качыньскага, які ён набыў за год працы на пасадзе міністра юстыцыі. Галоўны пункт праграмы можна выказаць слыннай фразай “Злодзей павінен сядзець у турме”. Партыя выступае таксама супраць эўтаназіі, абортаў, гомасэксуальных шлюбаў і зьніжэньня падаткаў, бо “ня тая сытуацыя”. Прапаноўваецца таксама часова аднавіць сьмяротнае пакараньне.

Шостая – Польская Сялянская Партыя (PSL). Адзіная клясавая партыя – сялянская. За 10 год пасьля падзеньня ПНР яна змагла захаваць свой электарат на ўзроўні 10–12% галасоў. Польскі палітоляг праф.Унук-Ліпіньскі назваў галоўным парадоксам існаваньня PSL тое, што партыя, якая абараняе інтарэсы беднага сялянства, сама зацікаўленая ў захаваньні гэтага слою грамадзтва, безь якога не было б і самой партыі. PSL і ейны лідэр Яраслаў Каліноўскі дэкляруюць “блізкасьць да людзкіх справаў”, г.зн. таго, што хвалюе людзей у дадзены момант, і кажуць, што ня варта абцяжарваць палякаў новымі клопатамі, кшталту рэформаў. PSL гаворыць пра “кантроль дзяржавы над галоўнымі сэктарамі эканомікі”, варожа ставіцца да “эканамічнага лібэралізму і філязофіі грамадзкага эгаізму”, выступае супраць “безумоўнай адкрытасьці” Польшчы для ЭЗ і патрабуе 18-гадовага мараторыю на продаж польскай зямлі іншаземцам пасьля ўступленьня ў ЭЗ.

Сёмая – “Грамадзянская Плятформа” у апытаньнях набірае прыкладна столькі ж, колькі і PSL. Плятформай кіруе трыюмвірат: бізнэсмэн Анджэй Аляхоўскі, які на прэзыдэнцкіх выбарах увосені 2000 г. набраў 18% (другое месца пасьля А.Квасьнеўскага), Дональд Туск, віцэ-маршалак сэнату, дысыдэнт з Уніі Свабоды і Мацей Плажыньскі, маршалак Сэйму, які выйшаў з AWS. Яны стварылі Грамадзянскую Плятформу, каб “даць Польшчы шанец”. А для гэтага ёй мусяць кіраваць кампэтэнтныя людзі, дзяржава не павінна душыць прыватную ініцыятыву, а даць грамадзянам доступ да адукацыі, гарантаваць бясьпеку і стварыць аднолькавыя магчымасьці для разьвіцьця.

Апошнім нумарам ідзе самы маргінальны грамадзкі рух “Аlternatywa”, што ўтварыўся ў сакавіку, калі з AWS выйшла група радыкальна настроеных дэпутатаў, якія не прымалі лібэральнай палітыкі ўраду Ежы Бузка. “Зьмяні сваю долю – альтэрнатыва ёсьць” – гаворыць іхны лёзунг, над якім бела-чырвоныя стужкі польскага нацыянальнага сьцягу перакрэсьліваюць зорачкі Эўразьвязу. Фармальны лідэр Яніна Краўс, нефармальны – Тамаш Карвоўскі. Яны патрабуюць “спыніць злачынную прыватызацыю”, “аддаць пад суд міністра дзяржаўнае маёмасьці”, “захаваць усеагульную вайсковую павіннасьць” і, вядома ж, сказаць Эўропе “не”. Гэты рух аб’яднаў 47 розных суб’ектаў – пераважна дробных праварадыкальных партыяў, што паасобку ня мелі ніякіх шанцаў трапіць у Сэйм. У рэйтынгах “Альтэрнатыва” набірае ня больш за 1%.

Сяргей Рак


Эстонія

Вяртаньне экс-камуніста

Прэзыдэнтам Эстоніі быў абраны 73-гадовы Арнольд Руйтэль. Ён калісьці ўзначальваў Вярхоўны Савет Эстонскай ССР, стаяў на чале першага парлямэнту незалежнай Эстоніі, двойчы спрабаваў скласьці канкурэнцыю на выбарах 72-гадоваму Ленарту Мэры, які займаў пасаду прэзыдэнта з 1992 г. Новы эстонскі прэзыдэнт — доктар сельскагаспадарчых навук, ён быў рэктарам Сельскагаспадарчай акадэміі. Ленарт Мэры выказаў занепакоенасьць абраньнем экс-камуніста.

Я.З.


Сусьветная вайна з тэрарыстамі

Амэрыканцы ня маюць шанцаў, а талібы — будучыні

Аўганістан зноў прыцягнуў да сябе ўсеагульную ўвагу. Каб не паўтарыць памылкі, якую ўжо ня раз рабілі іншыя ворагі Аўганістану, амэрыканцы зыходзяць з таго, што адкрытая вайна не прынясе ім перамогі.

І аніякая перавага ў тэхніцы ці людзкой сіле не дапаможа, бо, напрыклад, са 100 тысячаў жаўнераў савецкага войска, якія стаялі ў Аўганістане, у баях бралі ўдзел толькі 15 тысячаў, а астатнія ахоўвалі дарогі, базы, вузлы сувязі і іншыя аб’екты інфраструктуры.

Асобную ўвагу трэба зьвярнуць на “хаўрусьнікаў” ЗША: Пакістан і Іран сёньня на амэрыканскім баку, але ж у іх актывізуюцца моцныя ісламісцкія партыі, а ў Пакістане таксама значная колькасьць пуштунскага насельніцтва. Тэрарыстычная вайна можа распаўзьціся за межы рэгіёну.

Можна, зразумела, войскаў у горы ня слаць, абмежавацца ракетна-бомбавымі ўдарамі. Але эфэкт будзе нулявы — у Аўганістане няма чаго нішчыць, бо там нічога няма наагул. Так, у 1998 г., помсьцячыся за ўзарваныя бэн Ладэнам пасольствы ЗША ў Танзаніі і Кеніі, амэрыканцы выпусьцілі па Аўганістане 80 ракетаў — толькі ў 6 разоў меней, чым па Сэрбіі. А талібам хоць бы што.

У амэрыканскай энцыкляпэдыі, выдадзенай у ХІХ ст., ёсьць артыкул Фрыдрыха Энгельса пра Аўганістан, які распачынаецца словамі: “Аўганцы ўжо даўно сталі б вялікім народам, калі б ня іхная любоў да свабоды і нянавісьць да ўсялякай цэнтралізаванай улады”. Нават калі амэрыканцы перамогуць і, скажам, скінуць талібскі ўрад, цяжка ўявіць, як яны здолеюць упарадкаваць краіну. Гэта ня Косава, тут і насельніцтва шмат большае, і культура іншая. Аўганцы наўрад ці захочуць засвойваць амэрыканскія дэмакратычныя каштоўнасьці. У гэтым сэнсе Аўганістан прымушае ўспомніць Самалі і няўдалую амэрыканскую апэрацыю там на пачатку эры Клінтана.

Талібаў можна толькі пашкадаваць. Большасьць зь іх — маладзёны, што не памятаюць мірнага жыцьця. Яны ня ведаюць нацыянальных традыцыяў і гісторыі, апроч традыцыяў сваёй вёскі, дый ад іх спрабуюць пазбавіцца, калі тыя супярэчаць прымітыўнаму ісламу правадыроў руху. Яны цёмныя нават у параўнаньні з маджагедамі, што ваявалі з СССР і пасьля ўзяцьця Кабулу ў 1992 г. глядзелі з захапленьнем мульцікі зь Мікі-Маўсам у холах нечувана панскіх для гэтых вяскоўцаў гатэляў. Талібы ніколі не жылі ў чалавечых умовах, бо савецкая агрэсія выбіла з каляіны жыцьця яшчэ іхных бацькоў. Многія зь іх наагул вырасьлі сіротамі на чужыне. Пасьля — прымітыўнае навучаньне, войска, аўтамат. Усё. Многія зь іх твару жаночага ня бачылі, бо аўганскія жанчыны ходзяць цалкам захутаныя, пакідаючы толькі дзіркі для вачэй.

Дарэчы ў Кур’ане ані слова няма пра абавязак жанчынаў закрываць твар: гэтае “дапаўненьне” давялі да “дасканаласьці” ў Аўганістане. Зь цемрашальствам трэба змагацца любымі сродкамі. Нельга толькі апускацца да ўзроўню цемрашала.

Сяргей Радштэйн


Нью-Ёрку

Магчымасьці паваяваць

За мінулы тыдзень, нягледзячы на прытоенае радаснае чаканьне часткі сьвету, Амэрыка не паляцела ў прорву, не пацярпела эканамічнай паразы, ня ляснула. Адзінымі дэфіцытнымі таварамі ў амэрыканскіх крамах застаюцца нацыянальныя штандары, якія цяпер вісяць ледзьве не на кожным доме, упрыгожваюць машыны, курткі, тэчкі, а таксама плякаты “Я ганаруся, што я амэрыканец”, “Так, мы пераможам”.

Амэрыканская трагедыя згуртавала амэрыканскі народ. Пагроза помсты, як на маю думку, справядлівай і, спадзяюся, хуткай, гуртуе народ аўганскі.

Што мусіць адбыцца, каб згуртаваліся беларусы?

Зь Беларусі чуваць рознае. Нейкі Кастусь пакідае ў нашаніўскай кнізе “водгукаў і прапановаў” на Інтэрнэце: “Вось вам i Амэрыка. Усё за грахi, а ЗША ў іх уперадзе плянэты ўсёй. Калiсьцi гэта павiнна было здарыцца. Працуе бiблійнае “аз воздам”. А нашым нацыяналам трэба меней захапляцца гэнай iмпэрыей”. Дзе людзям так галовы напякае?

Вось што дзівіць: пры ўсёй спагадзе, спачуваньнях плебейская радасьць: нехта большы ад цябе паваліўся. Значыць, ня толькі ты слабы, і моцныя могуць быць слабымі. Але й мне гэтымі падзеямі ў галаве нешта зварухнула. Прыкладам, у 80-я гады, калі хлапцоў майго веку бралі ў войска, казалі: няхай у маракі, на тры гады, абы не ў Аўганістан. Там ішла вайна, там савецкія войскі на сваіх аўтаматах Калашнікава падтрымлівалі ўрад, а амэрыканская дэмакратыя дапамагала маджагедам. Прыкладна гэтак тады яно гучала. Сёньня атрымоўваецца, што тыя самыя маджагеды пагроза і Амэрыцы, і ўсяму неісламскаму сьвету, і няправільным мусульманам. Дык хто ж тады, дваццаць гадоў таму, меў рацыю?!

Я не патрапіў у Аўганістан. Мяне і яшчэ дзясятак гэткіх жа спалоханых, толькі з-пад мам, хлапцоў, кінулі ў асобны пакой, куды зьбіралі кандыдатаў для адпраўкі ў Сырыю. У Сырыі Савецкі Саюз вайны ня вёў. Аднак сталася так, што малады лейтэнанцік, наш вэрбоўшчык, загуляў і трапіў на гаўптвахту, і нас ізноў раскідалі па камандах. Два гады праслужыў я пад Масквой, у супрацьпаветранай абароне, якая запомнілася адным: гэта мы прапусьцілі самалёцік на Красную плошчу.

Цяпер у мяне зноў ёсьць магчымасьць апынуцца ў Аўганістане, ужо з амэрыканскага боку, але супраць тых самых ворагаў. Небагата зьмянілася?..

Лявон Юрэвіч

Made in China

Тэкстыльныя фабрыкі ў Кітаі працуюць 24 гадзіны ў дзень, каб задаволіць патрэбу на сьцягі ў ЗША, дзеля чаго нават спынілі шыць уласныя штандары на ўжо блізкае кітайскае нацыянальнае сьвята. Сьцяг сярэдняга памеру абыходзіцца амэрыканцам прыблізна ў $1.


Пяцігодка ўстрыманьня

У мэтах змаганьня са СНІДам, улады Свазыленду забаранілі маладым грамадзянкам на працягу пяці год жыць полавым жыцьцём. Дзяўчаты, старэйшыя за 19 гадоў, а таксама тыя, хто на дадзены момант ужо меў сэксуальныя зносіны, павінны насіць на вопратцы адмысловыя чорна-чырвоныя шарсьцяныя кутасікі, тады як на вопратцы нявіньніц яны мусяць быць жоўта-блакітнымі. Апошнім на працягу 5 год забаронена ня толькі губляць нявіннасьць, але й насіць штаны ды паціскаць рукі мужчынам. А тым, хто паспрабуе спакусіць цнатлівіцу, пагражае штраф, роўны цане адной каровы (крыху болей за 150 даляраў). Зь мільёна свазылендцаў больш за 50 тыс. ужо памерлі ад хваробаў, выкліканых ВІЧ.

Маркес з малатка

Ніхто не купіў на аўкцыёне ў Барсэлёне вёрстку раману Маркеса “Сто год адзіноты” з 1026 папраўкамі аўтара (стартавая цана — паўмільёна даляраў), якую ЮНЭСКА абвясьціла помнікам літаратуры. Урады Калюмбіі і Гішпаніі адмовіліся яе купіць, спаслаўшыся на адсутнасьць грошай, а амэрыканскія ўнівэрсытэты і антыквары ня бралі ўдзелу ў аўкцыёне з-за пагаршэньня эканамічнага становішча пасьля тэрактаў 11 верасьня. Іншыя рэчы Маркеса, выстаўленыя на тым самым аўкцыёне, разышліся без праблемаў.

С.Р.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0