Рукапіс, пакінуты ў гатэлі

Кожны з нас за жыцьцё ўсялякія бачыць гатэлі: ад амэрыканскіх “Рэдысанаў” са штучнаю пазалотаю дзе трэба й дзе ня трэба да расейскай “Масквы”, дзе некалі пасярод лета ў лесьвічны пралёт упаў найвялікшы беларускі паэт. “Фае гатэлю — па-расейску разьлеглае і па-савецку няўтульнае”, — згадваю фразу з апавяданьня Вінцэся Мудрова. Згадваю таксама мурашнік-“Форум” у цэнтры Варшавы альбо малюпасенькі драўляны местачковы будынак, дзе з аднаго боку ўваход вёў у гатэль, а з другога — у трупярню. Раніцою з гатэльнага акна можна было назіраць, як на падворку зьбіраюцца далакопы. Чакаюць працы. Хоць мястэчка настолькі маленькае, што за ноч, магчыма, ніхто й не памёр.

 

Станіслаў Шушкевіч нядаўна сказаў: найлепшае, што засталося сёньня ў Беларусі — гэта гасьціннасьць нашага народу. Другая назва гатэлю — гасьцініца. Выглядае, што беларускія гатэлі мусілі б быць эпіцэнтрамі гэтай самай нацыянальнай гасьціннасьці. Але гэта не зусім так. Гатэлі ў Беларусі — для камандзіровачных (цяпер, праўда, яшчэ пад офісы і для паседжаньняў апазыцыйнае намэнклятуры). У кожным разе, больш для працы, чым для адпачынку. Гэтую выснову пацьвярджаюць турыстычныя каталёгі. Да прыкладу, ні ў водным каталёгу буйных расейскіх турагенцтваў ня тое што які гатэль, але сама Беларусь ня згадваецца ні разу. Гэта ня месца для турызму.

Гісторыі, пачутыя ды пабачаныя ў гатэлях, можна пераказваць бясконца. Яны сапраўды часьцяком ператвараюцца ў апавяданьні. Згадваю страшнаваты трылер Адама Глёбуса пад назваю “Прымусь сябе жыць у Лагойску”. Студэнт мастацкага інстытуту прыяжджае на эцюды і спыняецца ў лагойскім гатэлі. Глядзі, не перапэцкай фарбамі бялізну, — папярэджвае яго гатэльная служка. У адзін нумар да нашага героя падсяляюць двух камандзіровачных — фінінспэктара і ягонага прыяцеля, сабутэльніка, якога інспэктар возіць з сабою, каб ня піць зь мясцовымі і каб ня піць адному. Два дзядзькі сядаюць і без адзінага слова выпіваюць бутэльку гарэлкі. Так паўтараецца штовечар. У поўным маўчаньні. А аднога разу пасярод ночы сабутэльнік бярэ ды забівае інспэктара. Дзікі лямант, гатэльны пакой, заліты крывёю. Вось табе і эцюды, і незапэцканая бялізна. Вось і прымусь сябе жыць у Лагойску.

Мала думаюць у Беларусі пра пэрспэктыву ў два бакі — пра гісторыю і будучыню. А таму ўсё існаваньне нібыта гатэльнае, не зусім тваё. Ты не спыніўся ў заезным двары па дарозе ад бацькоў дахаты. Ты ў гэтым заезным двары жывеш. І ўсё жыцьцё — нібы камандзіроўка.

Камандзіровачныя прыстанкі сапраўды ніколі не разглядаліся ў нас як месцы адпачынку. І як месцы працы таксама. Яны былі месцам адрыву ад аднастайнае рэальнасьці штодзённага жыцьця, дзе дазвалялася выйсьці за рамкі, прайсьці па лязе. Гэта ўжо пасьля камандзіроўкі можна было перавесьці дых, згадваючы ці то небясьпечную прыгоду, ці рызыкоўны флірт, ці беспрабудную п’янку. Камандзіровачны — казённы чалавек. Гэта асоба, у якой максымальна выражаная залежнасьць ад начальства і дзяржавы спалучаецца з максымальнай свабодаю ад сям’і і маралі таго асяродку, адкуль асоба прыехала.

Фантастычная ідэя — вызначыць характэрныя рысы і філязофію беларускіх гатэляў, скажам, семдзясятых гадоў і, маючы ў руках гэткі інструмэнтар, прааналізаваць літаратурны працэс адпаведнага пэрыяду. Кажу пра семдзясятыя як пра давершаны ва ўсіх сэнсах этап. У наступныя часы ўсё нібы паплыло — і ў літаратуры і ў гатэльнай гаспадарцы.

А сёньня заўважныя ўжо зусім іншыя тэндэнцыі. Да прыкладу, ня раз даводзілася чуць, што нейкая сямейная пара выбіраецца куды-небудзь у Клецак ці Нясьвіж на пару дзён, без усялякае мэты. Ён і яна спыняюцца ў тамтэйшым гатэлі, робяць выхады ў горад да мясцовых прыкметнасьцяў, а вяртаюцца адтуль з мноствам найлепшых уражаньняў і поўныя новых сілаў. Гэтак, паступова, нягледзячы на неспрыяльныя для гатэльнага бізнэсу і турызму ўмовы, нашы часовыя прыстанкі пачынаюць абслугоўваць ня толькі камандзіровачных, але й тых, хто прыяжджае адпачыць.

Што такое, па сутнасьці, гатэль? Тая ж бібліятэка — толькі жывая. Тыя ж калідоры і ячэйкі. Але ў гатэльнай тумбачцы каля ложку дазваляецца быць толькі адной кнізе — Бібліі.

Летам у жыцьці становіцца болей літаратуры. Болей дарог, краявідаў, людзкіх вобразаў. Ты толькі пасьпявай занатоўваць, і пад рукою самі сабою будуць складацца такія апавяданьні, што ніколі не прыдумаеш наўмысна. Іншы раз нават асэнсаваць ня здолееш таго, пра што пачуў, бо надта ж чужое табе тое жыцьцё. Альбо наадварот, параўнаеш са сваім і пра сябе зразумееш такое, што раней у галаву не прыходзіла. А назаўтра — зноў выпраўляешся ў шлях, пакінуўшы свае запісы на століку гатэльнага нумару.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0