Нэаказакі ў краіне Радзівілаў

Цяперашнія казакі ў Беларусі спрабуюць давесьці, што казацтва тут ёсьць гістарычный зьявай і мае старадаўнія карані.

У 1995 г. была зарэгістраваная першая казацкая арганізацыя ў Беларусі — Беларускае казацтва на чале зь Вярхоўным Атаманам Мікалаем Улаховічам. Хадзілі чуткі, што Ўлаховіч — сваяк славутага атамана Булак-Булаховіча, які ў 1927-м абвесьціў на Палесьсі 2-ю БНР. Але патрыятызм “нашчадка” быў крыху іншага кшталту: Мікалай Улаховіч стаўся сузаснавальнікам газэты Личность, што атрымала ад Дзяржкамдруку папярэджаньне “за распальваньне міжрэлігійнай і міжнацыянальнай варожасьці”, а зараз па сумяшчальніцтве ўзначальвае Беларускую патрыятычную партыю, створаную генэралам Баранкевічам на базе Саюзу Афіцэраў. Улаховіч пасьпяхова спалучаў атаманства з камэрцыйнай дзейнасьцю.

У 1995—97 г. пад зваротамі ў прэсе ён падпісваўся як кіраўнік фонду “Нерухомасьць”.

У Віцебску існавала асобная казацкая арганізацыя “генэрала” Афанасьева, зь якой улахоўцы канфліктавалі, вінавацячы ў выкарыстаньні іхных рэквізытаў.

Аднак хутка лякальныя канфлікты тутэйшых атаманаў спыніла ўмяшальніцтва звонку. У Беларусі было створанае Пасольства Расейскага казацтва, а паслом прызначаны генэрал-маёр казацкіх войскаў Мікалай Ярковіч. Апошні быў як бы прадстаўніком беларускай дыяспары на Кубані — ён паходзіў ад тых магілёўцаў, зь якіх у ХІХ ст. фармавалі палкі для барацьбы з румынскімі баярамі, і ідэальна падыходзіў на ролю кіраўніка і арганізатара беларускага казацтва.

Непасрэдным начальнікам Ярковіча быў генэрал-лейтэнант (не казацкіх, а самых сапраўдных войскаў) Мікалай Ярохін, 1-ы намесьнік кіраўніка Саюзу Казацкіх Фармаваньняў Расеі, кіраўнік Прадстаўніцтва Кубанскай Казацкай Асацыяцыі ў Рэспубліцы Беларусі.

Крутыя атаманы пачалі змагацца з анархіяй на беларускім казацкім полі. Паўстаў шэраг пытаньняў: чаму Ўлаховіч раздае саматужныя мэдалі, тады як, паводле закону, грамадзкая арганізацыя можа карыстацца хіба значкамі? Чаму сябры Берасьцейскай абласной арганізацыі ЛДПБ адначасова зьўляюцца казакамі, хоць статут забараняе казаку ўступаць у палітычныя партыі?..

А пасьля праверкі званьняў высьветлілася, што Ўлаховіч быў зусім не генэрал-палкоўнікам, як сьцьвярджаў спачатку, і нават не генэрал-маёрам, як казаў пасьля, а проста палкоўнікам. Афанасьеў, які хадзіў у генэральскім шынэлі, таксама выявіўся самазванцам. Пасьля візыту ў Віцебск Ярковіча і Ярохіна ягоная арганізацыя распусьцілася.

У верасьні 1997-га адбыўся 1-ы зьезд беларускіх казакоў, на якім Мікалай Ярковіч з пасла нечакана ператварыўся ў Вярхоўнага Атамана тамсама ўтворанага Ўсебеларускага Адзінага Казацтва.

Бацька Ярковіч прылюдна дэкляраваў вернасьць сьвятым ідэалам казацкага статуту. Штопраўда, згодна са статутам, казацкія арганізацыі закрытыя для староньніх асобаў, а ва Ўсебеларускае Адзінае Казацтва ўвайшлі, чамусьці, “аўганцы” і нават асацыяцыя пэдагагічных працаўнікоў, кіраўнік якой, Мікалай Фамічоў, стаў 1-м намесьнікам Ярковіча.

Усебеларускае Аб’яднанае Казацтва (так яно стала называцца пасьля зьезду ўвосень 98-га) стварыла на базе сярэдняй школы №21 кадэцкі корпус. УАК арганізавала ансамбль “Казакі Белай Русі” з студэнтаў кансэрваторыі і Ўнівэрсытэту культуры. Узначальвае яго вайсковец Сяргей Хрушчоў.

УАК запрашала на свае зьезды атаманаў з Расеі і Ўкраіны, якія выказвалі падтрымку А.Лукашэнку. Штаб-кватэру ЎАК рэгулярна наведвае колішні сакратар Суслава, брэжнеўскага “шэрага кардынала”, а цяпер кіраўнік казацтва Поўдня Ўкраіны, генэрал-маёр, Герой Савецкага Саюзу Ўладзімер Маркоўскі-Цярэшчанка.

Нягледзячы на канфрантацыю, Беларускае і Ўсебеларускае казацтва ўвайшло ў Рэспубліканскую Каардынацыйную Раду, якая займалася падтрымкай прэзыдэнта на выбарах.

Апроч гэтых арганізацыяў, у Менску існуе Прадстаўніцтва Краснадарскага краю ў Рэспубліцы Беларусі, пры якім ёсьць казацкія структуры. Іхны “Казачы двор” вызначыўся тым, што браў удзел у сходзе з нагоды атрыманьня кампэнсацыяў ад Нямеччыны за другую сусьветную, які ладзіла Сусьветная Асацыяцыя Беларускіх Габрэяў, узначальваная Якавам Гутманам. Павінны былі яшчэ ўдзельнічаць цыганы, але яны ў апошні момант адмовіліся. Я пацікавіўся ў Якава Гутмана аб прычыне такога экзатычнага складу і атрымаў адказ: “Мы запрашалі ўсіх, але адгукнуліся толькі казакі”. Што ж, даводзілася чытаць, як у Азове данцы прымалі ізраільскіх бізнэсоўцаў у гульбяныя казакі, церскія казакі крычалі “Люба!” Беразоўскаму, а кубанскія ў 95-м прынялі ў свае шэрагі Аляксандра Лукашэнку.

Цяпер паспрабуем праліць сьвятло на тое, што горача адстойваюць казакі і што адмаўляюць сьвядомыя беларусы. А менавіта: ці ёсьць у Беларусі гістарычныя традыцыі казацтва.

Слуцкія казакі, чальцы ЎАК, сьцьвярджаюць, што яны спадчыньнікі слуцкага казацкага гетмана Сакалоўскага. Слуцкі шляхціц Сакалоўскі ўцёк некалі ў Сеч. Багдан Хмяльніцкі паслаў яго з загонам у родныя мясьціны падымаць мужыкоў. Казакі баламуцілі народ, палілі фальваркі. У баі каля вёскі Пагост у 1639 г. войскі Януша Радзівіла разьбілі атрад Сакалоўскага. Былі забітыя сам самазваны гетман і вайсковы пісар Турчыновіч. Другім “папярэднікам” сёньняшнія слуцкія казакі лічаць атамана Платава. Яны нават ладзілі ў Міры раскопкі на месцах ягоных баёў з французамі ў 1812 г. і знайшлі нейкія гузікі, якія адпавядаюць казацкай форме тых часоў.

Нэаказакі, якія могуць быць толькі тэмай для показак, засланілі сёньня казацтва сапраўднае.

Сяргей Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0