Беларусь праз 100 гадоў

Кіраваць будуць разумныя

З-за таго, што Эўропа з кожным годам будзе ўсё больш арабскай, праз 100 гадоў і ў нашай краіне зноў пачнуць пісаць арабіцай, ці так званым Аліфам. Новай абэцэдай будуць выдавацца клясыкі сучаснасьці. Кірылічны правапіс застанецца адно ў цэрквах.

Праз 100 гадоў у пашпартах грамадзянаў Беларусі ня будзе даты нараджэньня. Яе зьменіць дата сьмерці (генная інжынэрыя дасьць магчымасьць дакладна гэта вызначыць пры зьяўленьні немаўляці на сьвет). Карыстаючыся зьвесткай аб сьмерці, людзей будуць прымаць або не прымаць на працу, абіраць ці не абіраць прэзыдэнтам... Многія злачынцы пазьбегнуць адказнасьці за свае дзеі толькі праз тое, што на час суду амаль скончаць свой зямны шлях.

Яшчэ ў пашпарце зьявіцца спэцыяльны разьдзел, дзе будзе вызначацца IQ уладальніка на пэўны момант жыцьця. Дзякуючы ёй, зьнікнуць ранейшыя невырашальныя пытаньні кшталту “чаму дурны кіруе разумным?”.

А газэта “Наша Ніва” будзе існаваць і тады. Паколькі яна будзе разглядацца помнікам гісторыі і культуры Беларусі, яе наклад будзе штучна стрымлівацца на сёньняшняй мяжы 5 тыс. экзэмпляраў — каб захаваць колішнюю элітарнасьць. Падпісчыкі будуць адбірацца праз конкурс. Трапіць у лік выбраных будзе лічыць за гонар кожны, а чытачы “НН” у другім і трэцім пакаленьні аўтаматычна стануць ганаровымі сябрамі Акадэміі краіны.

Усевалад зь Вялейкі


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0