Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч

Уладзімер Содаль

 

У беларускім літаратуразнаўстве склалася думка, што Ядвігін Ш. не прымаў Багдановічавай паэзіі, лічыў яе дэкадэнцкай, паэзіяй чыстай красы. На самой справе, Ядвігін Ш. разумеў, што Багдановіч таленавіты паэт, толькі вось бяда — у Беларусі чытач яшчэ не падрыхтаваны да такой паэзіі. Самому ж Ядвігіну Ш. Багадановічавы вершы былі і сугучныя, і зразумелыя. Пра гэта сьведчыць не адзін факт.

 

Васількі

Да Ядвігіна Ш. прыйшла вестка, што ў Вільні аддрукавалі ягоны новы зборнік — “Васількі”. З часу выданьня “Дзеда Завалы” мінула чатыры гады. Выдаць свае “Васількі” раней Ядвігін Ш. ня мог — не ставала грошай. І калі б не княгіня Магдалена Радзівіл, не было б дагэтуль ні ягонай кніжачкі, ні Буйлянчынай, ні Максімавай, ні Коласавай. Такіх апякунак, як яна, у Беларусі былі адзінкі.

“Васількі” Ядвігіна Ш., як і Максімаў “Вянок”, вылецелі з-пад варштату друкарні Марціна Кухты. Але ня толькі выдавецкая суполка зрадніла “Васількі” і “Вянок”. Гэтыя кніжкі яднаў і творчы дух.

“Васількі закрасавалі... Не, не закрасавалі!

Дзе ж ім цяпер красаваць? Холад. Зіма. Сьнег. Не закрасавалі васількі: гэта толькі перад вачыма маімі мільганулі яны. Нават не перад вачыма, а так недзе: не то ў думках, не то ў душы ці сэрцы? Ня ведаю дзе. Мігнулі васількі ў жыце... неба, як васількі... як васількі, вочкі... мігнулі васількі і... счэзьлі!

* * *

У красе нашага жыцьця мы любім, як красуюць васількі...

А калі паблекнуць васількі, паблекне неба, паблекне на душы, на сэрца ляжа холад”.

Лявіцкі перачытаў імпрэсію яшчэ раз, і яму захацелася падзяліцца сваёй радасьцю з дачкой Вандаю, зь меншымі дзецьмі. Паклаўшы ў валізку колькі дзясяткаў “Васількоў” і “Нашае Нівы”, Ядвігін Ш. накіраваўся на вакзал. Ён пакідаў Вільню.

...У Карпілаўцы ягоную сям’ю больш за ўсё зацікавіла, чаму на тытуле “Васількоў” намаляваны ў арнамэнтавым коле лебедзь. Ядвігін Ш. патлумачыў, што лебедзь — герб княгіні Магдалены, якая ахвяравала грошы на кніжку. Такі ж горды птах упрыгожваў і Максімаў “Вянок”.

 

Сустрэчы

З восені 1916 г. да лютага 1917 г. Ядвігін Ш. і Багдановіч сустракаліся амаль штодня: у беларускай кнігарні, у “Беларускай хатцы”, на вуліцах Менску. Наведаў Багдановіч і маёнтак Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы, дзе летам 16-га месьціўся прытулак для дзяцей уцекачоў. Гэтая паездка адкрыла Максіму вялікую ахвярнасьць Ядвігіна Ш. Мог бы сядзець сабе ў фальварку, весьці гаспадарку і нябедна жыць. А ён кінуў-рынуў усё дзеля беларускай ідэі. Сям’ю сваю сьцясьніў і даў гаротным дзецям прытулак у сваёй хаце. А іх жа больш за трыццаць! Звычайна Максім пры сустрэчах зь Ядвігіным Ш. пачуваў сябе ніякавата, разгублена. І ня дзіва — Лявіцкі быў ці не найстарэйшы сярод менскіх беларускіх дзеячоў, меў вялікі жыцьцёвы і творчы досьвед. І яшчэ адно змушала Максіма пачувацца перад Ядвігіным Ш. ніякавата. Ён сябраваў зь ягонаю дачкой Вандай. Доўгні час яны між сабою ліставаліся. Але, калі сустрэліся, ня ўсё між імі пайшло гэтак гладка, як у тых лістах. Ядвігін Ш. ведаў пра Максімавы адносіны зь ягонаю Вандаю. Але выгляду не падаваў. “Самі разьбяруцца!” — думаў ён.

Новы, 1917 год яны сустракалі разам. Максім тады рупіўся пра чытанку для дзяцей. Гаварылі пра яе, пра тое, што хутка, можа, дачакаюцца беларускіх школ, і ўсім будзе шмат радаснай працы.

 

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

1916 год. У менскай “Беларускай хатцы” сабралася творчая моладзь. Былі скокі, сьпевы, розныя забавы. На той вечарыне быў і Аркадзь Смоліч — паводле словаў Зоські Верас, найбліжэйшы Максімавы сябар. Багдановіч нават давяраў яму першаму чытаць ці паказваў свае новыя вершы. Вось і гэтым разам, калі вечарына ўвайшла ў азарт, Смоліч папрасіў усіх суцішыцца, супакоіцца, сесьці.

“Я хачу прачытаць новы верш, — сказаў ён. — Аўтар прасіў не называць яго імя...” І пачаў дэклямаваць:

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах,–

Успомню Вострую Браму Сьвятую

І ваякаў на грозных канях...

Пачалі гадаць, хто аўтар. Называлі імёны Гальяша Леўчыка, Алеся Гаруна, Якуба Коласа... І толькі адзін Ядвігін Ш. сказаў: “Гэта можа быць або Янка Купала, або наш Максім!”. Ён заўжды зваў яго “наш Максім”. У гэтым азначэньні — і цеплыня, і гонар за Максіма як паэта, павага і любоў да яго самога і ягонай паэзіі.

 

Максім Крыніца

Калі зь Яраслава прыходзілі новыя вершы Багдановіча, у “Нашай Ніве” заўсёды было шмат гаманы. Аднаго разу Максім разам з уласнымі творамі прыслаў і колькі перакладаў зь Сьвятагора. На арыгінальных творах рэдактар “Нашай Нівы” Аляксандар Уласаў чамусь адразу напісаў: “У архіў”. А на перакладах пазначыў: “Можна надрукаваць пад псэўданімам”. Падрыхтаваць пераклады да друку і прыдумаць псэўданім перакладчыку даручылі Ядвігіну Ш.

“Кожны сваім псэўданімам вызначае сваё крэда, свой кірунак, — думаў Лявіцкі. — А што за душою гэтага юнака, ліцэіста, эстэта? Яму гэтыя Бядулі ды Гаруны не падыдуць. Яму трэба чысты-чысты псэўданім, ясны, як юнацтва. Хай будзе Крыніца! Гэта будзе псэўданім-падказка: з народных крыніц яму трэба чэрпаць свае вершы!” Задаволены сваімі развагамі, Ядвігін Ш. паставіў пад перакладамі псэўданім Максім Крыніца.

Багдановіч абурыўся на свавольства рэдакцыі. Хоць, папраўдзе, сам псэўданім яму спадабаўся. “У родным краі ёсьць крыніца”, — напіша сам Максім у адным вершы. Але ён хацеў, каб думкі, словы, народжаныя ў ягонай душы, нават пераўвасобленыя празь пераклады, былі Багдановічавымі, а ня нейкага невядомага Крыніцы.

 

Багдановіч пра Ядвігіна Ш.

Максім Багдановіч пільна сачыў за творчым ростам беларускіх пісьменьнікаў. Так, пра Ядвігіна Ш. у лісьце ў рэдакцыю “Нашай Нівы” “З шасьцю гадамі, паночкі!”, ён пісаў:

“... Зь Ядвігіна Ш. вырабіўся такі пісьменьнік, што ня можна яго ставіць ніжэй крупных прадстаўнікоў таго ж жанру ў іншых літаратурах: гляньце, напрыклад, на казкі Шчадрына або гэткія ж апавяданьні Горкага, на байкі Ляманьскага, — няўжо ж Ядвігін Ш. горшы ад іх? А калі і горшы, дык ці нашмат?”

Багдановіч нават перакладаў на ўкраінскую мову творы Ядвігіна Ш.: “Зарабляюць”, “З бальнічнага жыцьця”, “Падласы”, “Рабы”, “Вясельле”, “Скакатушка”, “Васількі”, “Гадунец”, “Чортава ласка”, “Дачэсныя”, “Ліст сабакі да рэдакцыі “Нашай Нівы”, “Сіло”, “Награда”, “Сабачая служба”. А Ядвігіна Ш. ня так проста і перакладаць. Трапіцца якое-небудзь ядвігінаўскае “праз лад” — “праз лад добры”, “праз лад рупны”, “праз лад гутарлівы” ці які “конь убоісты” — вось і думай, як гэта перадаць на іншай мове. Але затое запаміналася — раз і назаўсёды, і ўжо самому Максіму хацелася пры нагодзе пакарыстацца гэтымі слоўкамі. Дый стыль пісьма ў Ядвігіна Ш. быў лёгкі, гнуткі, па-беларуску зграбны і жывы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0