Станіславу Лему – 80

Лем бурчыць

Калісьці ён верыў, што пісьменьнік можа палепшыць сьвет...

Лем бурчыць. І ўжо даўно. Усім, бачыце, ён незадаволены. Усё яму не падабаецца. Напрыклад – папулярная на Захадзе, а цяпер і ў Польшчы тэлеперадача Big Brother. Гэта так званае reality show, гульня-сэрыял, у часе якой звычайныя людзі некалькі тыдняў жывуць у спэцыяльна абсталяваным доме, дзе за імі ўвесь час назіраюць камэры – на кухні, у ложку, ванным пакоі... Кожны тыдзень, у выніку глядацкага галасаваньня, хтосьці выбывае з гульні. Апошні, найбольш упадабаны, робіцца пераможцам і атрымлівае буйны грашовы прыз.

Лем ніколі ня бачыў гэтай перадачы, толькі чытаў пра яе ў друку. Ён называе яе “вычварэньнем, хваравітай схільнасьцю падглядаць за іншымі людзьмі”.

Анджэй Вайда і былы міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Гэрэмак запрашалі яго ў Варшаву – на канфэрэнцыю, прысьвечаную праблемам польскай культуры. Лем не паехаў: культуру трэба ратаваць не канфэрэнцыямі, а стварэньнем мастацтва высокага ўзроўню. Лем лічыць, што “высокая культура скацілася ўніз, усё стала банальным, пляскатым, аднолькавым”.

Здаецца, яшчэ нядаўна, сьледам за аўтарам “Эдэму” і “Салярысу”, мы верылі ў перамогу розуму. У апошняй кнізе Лема “Вокамгненьне” – страх перад homo sapiens. Зрэшты, сам Лем тлумачыць, што баіцца ня розуму, а хутчэй, чалавечага глупства. Выраз Шэксьпіра: “Гора сьмяротным, якія апынуліся паміж мячоў гігантаў, што фэхтуюць”, – ён перайначвае на: “Гора мудрым, што апынуліся сярод натоўпу ідыётаў”.

Магчыма, якраз такім – мудрым сярод ідыётаў – ён лічыць сябе апошнія гады. Таму так упарта адмаўляецца ад інтэрвію. Дый пытаюць усё пра адно й тое самае – пра біятэхналёгію, пра робатаў, космас і несьмяротнасьць. Лему ўсё гэта абрыдла. Ён лічыць, што ахайная хатняя гаспадыня абыдзецца ў дзесяць мільёнаў разоў таньней за любога робата і што дэмана тэхналёгіі, які вырваўся на волю, ужо не стрымаеш. Ён ня верыць у штучны інтэлект, да якога яшчэ мільёны гадоў, і ня ўмее карыстаецца кампутарам, а ў кабінэце Лема ганаровае месца займае старая друкарка.

Лем – прыхільнік памяркоўнага лібэралізму і пратэстуе супраць неабмежаванай свабоды. Ён нават за разумнае абмежаваньне прагрэсу. Асваеньне космасу, на яго думку, мае найперш вайсковае значэньне, і чалавеку няма чаго шукаць у космасе. А праблема несьмяротнасьці – гэта “ўсё абяцанкі, якімі нас корміць прэса, колькі разоў урачыста абяцалі, што навука перамагла рак і чорт ведае што... А ўсё гэта нікуды не падзелася”.

Ужо 12 год Лем ня піша аповесьцяў, апавяданьняў, раманаў. Мяркуе, што ў галіне science fiction зрабіў усё, што мог. “Астранаўты”, “Зорныя дзёньнікі”, “Аповесьць пра пілёта Піркса”, “Салярыс”, “Эдэм”, “Сума тэхналёгіяў”… 40 кніг, перакладзеных на 37 моваў. Паступова бэлетрыстыка саступала месца напружаным развагам. Лем-філёзаф адцясьняў Лема-празаіка. Прагрэсіўна-цывілізацыйныя надзеі саступалі месца яўнаму скептыцызму. Цяпер ён толькі эсэіст, якога можна чытаць у такіх выданьнях, як Tygodnik Powszechny, Odra, Przekrój.

У адной з апошніх гутарак пісьменьнік прызнаўся: “Мае футуралягічныя чаканьні сутыкнуліся з рэчаіснасьцю”. Ён многае вельмі дакладна прадказаў у той самай “Суме тэхналёгіяў” (1961): і кланаваньне людзей, і віртуальную рэальнасьць, і разьвіцьцё біятэхналёгіяў.

Пясьняр будучай прыўкраснай тэхнагеннай цывілізацыі стаў горкім, скептычным камэнтатарам яе, калі яна прыйшла. Ён піша ў “Марнай засьцярозе”: “Калісьці я верыў, што пісьменьнік можа хоць бы крыху палепшыць наш сьвет, але цяпер ня веру ў гэта”.

Сямён Букчын

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0