З усёй краіны

 

Прайшлі 140 км лясамі

Злодзеі з Івацэвіччыны тояцца ад міліцыі ў лесе. Так, два жыхары вёскі Няхачава абрабавалі тутэйшы магазын, выцягнулі тавараў на 521 тыс. рублёў і амаль тыдзень балявалі ў лесе. Схапілі іх, калі яны выйшлі ў вёску.

А мужчына і жанчына зь вёскі Квасевічы абакралі крамы ў вёсках Бронная Гара і Лазаўцы і, “запакаваўшыся”, амаль тыдзень бадзяліся па лесе. Выйшлі аж у Столінскім раёне — за 140 км ад Броннай Гары. Яны пасьпелі нават уладкавацца пастухамі ў тамтэйшым калгасе, але празь некалькі тыдняў міліцыя іх арыштавала.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

РАНА беларусізуе садок

У Менску зьявіўся яшчэ адзін беларускі садок — №60, на вуліцы Волаха. Ініцыятыва ператварэньня належыць уладам. Маскоўскі РАНА пайшоў на гэта дзеля дасягненьня бесьперапыннасьці навучаньня: школа, што суседзіць з садком, беларускамоўная. Старэйшую групу, праўда, зрабілі пераходнай — дзьвюхмоўнай. Вельмі спрыяльна паставілася да беларусізацыі садка загадчыца, паступова пераходзяць на беларускую мову і выхавацелькі, для якіх зьбіраюцца зладзіць адмысловыя курсы пры аддзеле адукацыі. Пакуль што бракуе адпаведных мэтадычных матэрыялаў і іншай літаратуры па-беларуску.

Шкада, што стварэньне ўнівэрсытэтаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю Маскоўскага РАНА.

Прас.

Канадцы сыходзяць з гуты

Канадзкая фірма “Кансьюмэрз” выйшла зь ліку заснавальнікаў сумеснае беларуска-канадзкага шклозаводу “Ялізава” і хоча спрадаць свае акцыі за 7,5 млн. даляраў. Ужо сёлета шклозавод меўся распачаць выпуск прадукцыі на новай лініі. Справа ў малым — прывезьці з замежжа новае абсталяваньне коштам 10 млн. даляраў. Але на мяжы запатрабавалі мыты на 6 млн. даляраў, і канадцы адракліся супрацоўніцтва. Кажуць, іхныя акцыі зьбіралася купіць фірма “Лада-ОМС”, што таксама ўваходзіць у склад заснавальнікаў “Ялізава”. Належыць яна дэпутату палаты прадстаўнікоў Аляксею Ваганаву. Калі ў Ваганава альбо ў каго іншага ня знойдзецца неабходных грошай, гуту чакае банкруцтва.

“Азот” прадаецца

Аб’яднаньне “Азот”, на якім працуе 7 тыс. чалавек, можа перайсьці ў рукі расейскай кампаніі “Лукойл”, якая мае актываў на 38 млрд. даляраў і нібыта займае па прыбытках 60-е месца ў сьвеце. А страты гарадзенскага аб’яднаньня складаюць “усяго” 10 млн. даляраў у год. На самім «Азоце» хацелі б зладзіць адкрыты тэндэр і выбраць інвэстара, які прапануе найлепшыя ўмовы. Ня выключана, што ў такім узялі б удзел заходнія кампаніі, зь якімі супрацоўнічае “Азот”.

Паводле Радыё Свабода

Зачынілі беларускую клясу

У Горках зачынілі беларускамоўную клясу горацкай СШ №2, у якой была адзіная вучаніца — Марылька Каралькова. Бацькам прапанавалі вучыць дачку ў вясковай школе або перавесьці яе ў расейскамоўную клясу. Цяпер Марылька навучаецца дома сама.

Вiталь Дранiк, Горкі

Дзень сэрца

30 верасьня абвешчаны Сусьветным днём сэрца, ён прысьвечаны папярэджаньню сардэчных захворваньняў ды інфарктаў: кожны трэці ў сьвеце памірае менавіта ад іх. Віною тут — стрэсы, пасыўны лад жыцьця. Беражыце свае сэрцы!

Рэстаўрацыя “Менску”

Сёлета закрыўся на капітальны рамонт гатэль “Менск”. Рамантуюць яго турэцкая фірма “Інсаж” і інстытут “Менскпраект”. Дырэктар “Менску” Мікалай Жураўскі кажа, што пасьля аднаўленьня гасьцініца будзе адпавядаць чатырохзоркаваму эўрапейскаму ўзроўню. У гатэлі будзе спартова-аздараўленчы цэнтар, бізнэс-цэнтры, рэстарацыі, кавярні, бары, начны клюб, дыскатэка, салёны прыгожосьці, цырульня, мэдкабінэт, масажныя, трэнажорныя залі. У кожным нумары ўсталююць сыстэму кандыцыянаваньня, як у эўрапейскіх гатэлях. У лазенках будзе набор усіх неабходных прыналежнасьцяў. Самі нумары збольшага будуць аднамесныя і двухмесныя. Таксама — трыццаць восем люксаў, адзін V.I.P.-нумар і тры нумары для інвалідаў з спэцыялізаванымі лазенкамі й прыбіральнямі. Плянуецца пабудаваць таксама адмысловы ліфт для інвалідаў і ліфт, на якім будуць на замову вазіць ежу жыхарам. У гатэлі зьявіцца сыстэма выкліку пакаёўкі, а таксама “сыстэма відэаназіраньня” за супрацоўнікамі і наведнікамі.

У гатэлі будзе цэлая сыстэма скідак на паслугі: будзе ўлічвацца цана начнога госьця, дзённага госьця, сьвяточнага і г.д. Кошты ў “Менску” будуць такія самыя, як у якой “Беларусі” ці “Юбілейнай”.

Дзьмітры Гарэлікаў

Міква на Камуністычнай

У кватэры на другім паверсе аднаго з двухпавярховых дамкоў “генэральскага” кварталу па вул.Камуністычнай (за Опэрным тэатрам) адна зь юдзейскіх грамадаў Менску зладзіла сабе басэйн для рытуальных абмываньняў глыбінёй 2 м, аб’ёмам 9 м3. Была там сыстэма ачышчэньня вады ды душавыя кабіны. Шум вады, гамарня, аблупленыя ад вільгаці столі ды гнілая мэбля — вось ад чаго пакутавалі суседзі, ад імя якіх падаў у суд на габрэяў тамтэйшы ЖЭС. Ваду і газ у кватэры перакрылі.

Паводле Белорусской газеты

Прыватызацыя магчымая

На мінулым тыдні Лукашэнка ўпершыню дапусьціў, што можа пагадзіцца на прыватызацыю шэрагу прадпрыемстваў краіны. Буйны расейскі капітал ужо даўно паглядае на наваполацкія “Нафтан” і “Палімір”, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, “Беларуськалій”, гарадзенскі “Азот” і магілёўскае “Хімвалакно”.

Паводле статыстыкі, у жніўні сярэдні па Беларусі заробак складаў 145.852 рублі ці 99,3 даляры. Аднак надалей ён будзе меншаць. Міністэрства эканомікі плянуе, што пры канцы 2002 г. сярэдні заробак дасягне 178000 рублёў, або 93,7 даляра, кошт якога ўздымецца да 1900 рублёў. (А ў Расеі мяркуюць, што ў наступным годзе сярэдні заробак спыніцца на 123 далярах.)

Берасьцейскі аблвыканкам абвясціў, што мясцовыя банкі знаходзяцца ў цяжкім стане, таму крэдыты на заробкі атрымаюць толькі тыя прадпрыемствы, якія ў стане вярнуць пазыкі. А на Менскім трактарным заводзе, дзе зарплату затрымалі на два тыдні, адбыўся першы пасля выбараў страйк — людзі спынілі рух на вуліцы Даўгабродзкай.

Хутка зьнікнуць дробныя купюры ў 1 і 5 беларускіх рублёў — выдаткі на друк перавышаюць іхную намінальную вартасьць. Адпаведна, “пакруглеюць” і цэтлікі ў крамах.

Дзяржава можа абвясціць манаполію на зборку й продаж кампутараў. Калі гэта здарыцца, застануцца бяз працы з паўсотні фірмаў, а кошты на кампутары ўздымуцца.

Новае мыта, згодна зь якім танныя імпартовыя цыгарэты падаражэюць на 12%, не датычыць расейскае прадукцыі. Навязаны Масквой вынятак з агульнага правіла можа перакрэсьліць усе намеры ўраду па падтрымцы беларускіх тытунёвых вытворцаў.

Рэканструкцыя Прывакзальнай плошчы ў Менску скончыцца ў лістападзе. Да гэтага часу тут зладзяць новы пераход да вуліцы Кірава. На чарзе — плошча Незалежнасьці. Над гарвыканкамам і ўправай мэтрапалітэну зьбіраюцца дабудаваць па некалькі паверхаў, а пад зямлёй у цэнтры плошчы зрабіць вялікі гандлёвы цэнтар. Праект будзе каштаваць недзе 150—200 тысяч даляраў.

Сяржук Іваноўскі

Барацьба газэт

Стала вядома, што Бялькевіч з Хацкевічам у Валію ня едуць. Можа, гэта і лепш. Каманда, якая мерыцца трапіць на чэмпіянат сьвету, павінна перамагаць валійцаў (больш чым соты нумар сусьветнага рэйтынгу) у любым складзе.

Не хацелася б камэнтаваць канфлікт Малафеева з Валікам і Сашам, які ў хуткім часе будзе спакойна вырашаны на карысьць Беларусі – вернуцца нашыя лепшыя футбалісты ў зборную, а мо нават і ў менскае “Дынама”. Але дазвольце даць камэнтар да камэнтару.

18 верасьня я набыў Спортивную панораму (былы Физкультурник Белоруссии) з артыкулам “Давайце пакінем у спакоі Малафеева”. Пра Малафеева – толькі ў другой палове тэксту. Маўляў, толькі ён “адкажа”, дык ніхто больш ня сунься. Але Малафееў таму і ёсьць вялікім трэнэрам, што не адгароджвае сябе ад крытыкі – хай часам і несправядлівай.

Галоўная ж задача названага тэксту – абліць гразёй канкурэнта, незалежную газэту Прессбол, які, на думку рэдактара СП, “аганізуе”. Яшчэ там ёсьць і такі во пэрл: “Дасюль, як пападзе ў рукі якое-небудзь з так званых апазыцыйных выданьняў, рукі потым даводзіцца вельмі доўга адмываць”.

Камэнтары, відаць, не патрэбныя. А СП я, дарэчы, купіў, бо Прессбол расхапалі, ледзьве ён трапіў у шапік.

A.U., Гомель

Пацярпелыя за Беларусь

У Берасьці 19 жніўня была затрыманая Паліна Панасюк, якая раздавала газэту “Наша Свабода” і “выражала свае адмоўныя адносіны да абраньня прэзыдэнтам А.Лукашэнкі”. Цяпер суд Берасьця даў ёй 5 ночаў арышту. Супраць Паліны ўзбуджаная шчэ адна адміністрацыйная справа – за непавагу да суду: яна не атрымала позвы й не зьявілася на паседжаньне 7 верасьня. За гэта надбужанскай Жаньне д’Арк пагражае яшчэ да 15 ночаў арышту.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0