Ці можа Домаш узначаліць БНФ?

У сьнежні, на VII Зьезьдзе руху БНФ “Адраджэньне” (разам з VI Зьездам партыі), адбудуцца выбары новага кіраўніцтва. В.Вячорка пакуль разглядаецца як безальтэрнатыўны кандыдат на пасаду кіраўніка арганізацыі, хоць ягоны агульнанацыянальны рэйтынг так і ня вырас за два гады лідэрства. Калі ўлічыць паўсюль чутныя размовы пра абнаўленьне кадраў, дык што гэта: непахісны аўтарытэт унутры партыі, боязь новага расколу ці няздольнасьць Фронту на перамены?

Домаш мог бы стацца неблагім лідэрам любое партыі як чалавек, які ў чэрвені-ліпені набраў вялізную колькасьць подпісаў, як кандыдат у прэзыдэнты, чыя адсутнасьць у выбарчым сьпісе выклікала шкадобу ў многіх беларусаў. Наколькі гэта рэальна, ці думаюць пра гэта ў апазыцыі і, урэшце, ці прагне супрацоўніцтва з БНФ сам Сямён Домаш?

Сяргей Дубавец

галоўны рэдактар Радыё Балтыйскія Хвалі:

Сувязь паміж БНФ і Домашам відавочная. Хто найбольш актыўна падтрымліваў Домаша ў часе перадвыбарчай кампаніі? БНФ. Хто тады ж фактычна зросься з “Рэгіянальнай Беларусяй”? БНФ. Хто не хацеў, каб Домаш аддаваў свае галасы на карысьць Ганчарыка? БНФ. Такія лідэры, як Вячорка, могуць быць мазгамі партыі, але ня ейным тварам. Можа з часам Вячорка і прыдбае харызмы, але пакуль ён малады. БНФ згубіў свой твар, калі зьехаў Пазьняк. А каб зараз Домаш стаў на чале Фронту, дык той пазбыўся б рэшткаў экстрэмісцкай спадчыны і стаўся б саліднай парлямэнцкай партыяй. Домаш навёў бы ў БНФ парадак, бо зараз у фронтаўскіх структурах пануе разгільдзяйства. Каб пазьбегнуць палітычнага “закату”, БНФ мусіць паказаць людзям новы шлях, даць новыя твары. Калі ў Фронце дагэтуль ня думалі пра шчыльнае супрацоўніцтва з Домашам, дык пра што яны ўвогуле думаюць?

Леанід Заіка

палітоляг:

Домаш мог бы ўзначаліць памяркоўную частку БНФ, здольную да працяглае працы, дыялёгу, палітычнай актыўнасьці, але тады ён страціць шанец стацца агульнанацыянальным лідэрам. Выбар для палітыка дастаткова адназначны.

Юрась Карманаў

рэдактар Радыё Рацыя:

У Домаша няма палітычнай будучыні. Гэта разьдзьмутая пад выбары фігура. Выскачыў як Піліп з канапель і гэтаксама прападзе. Домаш прыняў прапанаваную яму пад выбары сыстэму каштоўнасьцяў, але не засвоіў яе. Таму ён ня можа ачоліць БНФ.

Мікола Статкевіч

старшыня Народнай Грамады:

Цяпер неабходныя перастаноўкі на правым флянгу, і Домаш можа стацца каталізатарам гэтых перастановак. БНФ ачольваць Домаш наўрад ці захоча, бо гэтай арганізацыі стварылі нэгатыўны імідж. Магчыма, Домаш аб’яднае АГП й БНФ, але ў выніку атрымаецца не адна арганізацыя, а тры.

Віктар Карніенка

намесьнік старшыні “Рэгіянальнай Беларусі”:

У нас з БНФ розныя мэты. Калі “Рэгіянальная Беларусь” выступае за шырокую дэмакратызацыю жыцьця ў рэгіёнах, БНФ мае найперш палітычныя задачы. Домаш застанецца ў “Рэгіянальнай Беларусі”.

Алесь Чобат

пісьменьнік:

Я яшчэ год таму казаў Домашу, каб ён ня лез у гэтую касу, і цяпер відаць, што год выдаўся пусты і бяздарны. Домаш толькі здароўе сабе падарваў. А БНФ даўно трэ было разагнаць. Ён скампрамэтаваў сябе, як і БНР, і БЦР, і розныя краёвыя абароны. Калі Домаш захоча застацца ў палітыцы, яго трэба школіць і школіць, бо ён шмат чаго ня ведае. Паглядзіце ягоную праграму — гэта “справа аднае ночы”, як у часы майго студэнцтва казалі. А арганізацыя, якую Сямён Мікалаевіч мог бы ўзначаліць, мусіла б быць цэнтрысцкай, не кульгаючы ані ўправа, ані ўлева.

Аляксандар Мілінкевіч

кіраўнік перадвыбарчага штабу С.Домаша:

Домаш ня будзе ўзначальваць БНФ. Гэта нерэальна. Ён будзе ўзначальваць “Рэгіянальную Беларусь” — моцны грамадзка-палітычны рух, у які ўваходзяць больш за 600 палітычных, прафсаюзных, грамадзкіх арганізацыяў.

Апытвалі Сьвятлана Курс

і Анатоль Прасаловіч

Вінцук Вячорка, старшыня БНФ “Адраджэньне”, мяркуе, што “Домаш на чале БНФ – гэта нерэальна”. Домаш, на ягоную думку, увесь час імкнуўся, каб яго не атаясамлівалі з БНФ, відаць, уважаючы, што супрацоўніцтва з БНФ пашкодзіць ягонаму палітычнаму іміджу. Дый увогуле, пасьля выбарчай кампаніі стала відавочна, што найбольшы ўплыў і пэрспэктывы ў Беларусі маюць палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, а не асобы, кажа Вячорка.

Сам Сямён Домаш адмовіўся даваць камэнтары, спаслаўшыся на хваробу і выкліканы ёю інфармацыйны вакуум.

Большасьць апытаных зьвязваюць Домашаву палітычную будучыню не з БНФ, а зь іншай палітычнай структурай — рэарганізаванай “Рэгіянальнай Беларусяй”. Аднак стварэньне такой сілы ці дапусьцяць яшчэ ўлады, ці зарэгіструюць. Прывабнай назвы сабе “рэгіяналы” пакуль не прыдумалі. А нэгатыўны імідж у вачах асобных слаёў насельніцтва ўлады могуць стварыць новай сіле за месяц.

Прыход у БНФ на гатовае гарантаваў бы Домашу пэўную палітычную будучыню на чале саліднай парлямэнцкай партыі. Хіба толькі пляны Домаша шырэйшыя?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0