Welcome МТС!

Пачынаецца вайна тарыфаў

25 верасьня расейскае ААТ Мобильные Телесистемы (МТС) выйграла тэндэр на атрыманьне другой ліцэнзіі на забесьпячэньне лічбавай сотавай сувязі ў Беларусі. Кампанія плянуе давесьці да 2005 г. колькасьць сваіх абанэнтаў да паўмільёна. Дзеля гэтага яна абяцае зьнізіць тарыфы ўдвая ўжо сёньня.

 

Сярод іншых удзельнікаў тэндэру фігуравалі расейскія Северо-Западный GSM і Альфа-Эко, аўстрыйская Dr.Karl J.Pisec Gmbh, савудаўская Saudi Oger Ltd. За ліцэнзію МТС мусіць падкінуць у беларускі бюджэт 21 млн. даляраў — 15 у гэтым месяцы, а яшчэ шэсьць — да 2005 г. Але рэальная дзейнасьць кампаніі на абшары Беларусі пачнецца толькі ад 17 красавіка 2002 г., калі скончыцца тэрмін ліцэнзійнай дамовы паміж Міністэрствам сувязі Беларусі і СП Мобильная цифровая связь (МЦС), ведамым тут пад гандлёвымі маркамі Velcom і Privet. Новы ж апэратар будзе гаспадарыць як сумеснае прадпрыемства: кантрольны пакет застанецца за беларускай дзяржавай у асобе ўнітарнага прадпрыемства “Міжнародная сувязь”, і толькі 49% будуць расейскімі. Дый ці расейскімі? Акцыі МТС цяпер падзеленыя паміж расейцамі з Акцыянэрнай фінансавай карпарацыі Система, якім належыць кантрольны пакет, ды нямецкай бізнэс-акулай Deutsche Telecom (DeTeMobil), у кішэнях якой асела крыху больш за 40%. У выніку, прэзыдэнтам кампаніі зьяўляецца Міхаіл Сьмірноў, а старшынём Рады дырэктараў — Райнэр Геніке.

Тое ж маем і зь іншымі расейскімі апэратарамі. Прыкладам, Северо-Западный GSM — гэта расейска-скандынаўскі праект: грошы там ёсьць і фінскія, і швэдзкія, і нарвэскія.

Першы ж беларускі апэратар — кампанія “Белсэл” — быў утвораны яшчэ да Лукашэнкі, у 92-м, прадпрыемствамі сувязі Беларусі і брытанскай кампаніяй Cable & Wireless Plc. Цяперака 50% акцыяў фірмы належыць нідэрляндзкай CIB BV, што ўваходзіць у склад транснацыянальнай карпарацыі Metromedia International Group Inc., 45% — “Менскай гарадзкой тэлефоннай сувязі”, 5% — “Менскаблтэлекаму”. GSM-аўская Мобильная цифровая связь — сумеснае прадпрыемства з удзелам швайцарскай SB-Telecom, беларускага манапаліста “Белтэлекам” і ваенізаванай кампаніі “Белтэхэкспарт”.

Так што праціўнікі пранікненьня расейскага алігархічнага капіталу могуць супакоіцца: інвэстары напалову эўрапейскага паходжаньня. Але невядома яшчэ, каму заўтра будуць належаць яны самі альбо каму заўтра, з чагось запанікаваўшы, прададуць свае пакеты.

Беларусь ня можа пахваліцца шырокім выкарыстаньнем мабільных сродкаў сувязі: на верасень 2001 г. агульны лік абанэнтаў ледзьве перавышае 100 тыс. (1% ад усяго насельніцтва): больш за 85 тыс. у лічбавага апэратара Velcom і пад 20 тыс. у “Белсэлу”. Дэкляраваная Мобильными телесистемами стратэгія палягае ў напорыстай экспансіі па ўсёй Расейскай Фэдэрацыі: атрымліваюць ліцэнзіі ў яшчэ не асвоеных сотавай сувязьзю рэгіёнах, скупляюць дробных правінцыйных апэратараў: омскіх, удмурцкіх, цьвярскіх. Яшчэ ўвесну кіраўніцтва кампаніі ясна не паказвала свайго намеру распачаць падзел беларускага пірага, у рэкляме акцэнт рабіўся на піянэрскасьць, кшталту: “Мы первые в N-ске!” Дасёньня на першай старонцы афіцыйнага сайту МТС ні слова пра Беларусь, а толькі радаснае паведамленьне пра адкрыцьцё МТС у Ніжнім Ноўгарадзе 26 верасьня.

Ёсьць і іншыя клопаты стратэгічнага характару. Сёлета МТС знаходзіяцца ў стане халоднай вайны зь іншым прэтэндэнтам на беларускі вулей — кампаніяй з сымбалічным назовам Северо-Западный GSM, які набыў ліцэнзію на права забесьпячэньня сотавай сувязі ў паўночнай сталіцы Расеі, прыўлашчыўшы тамтэйшага апэратара Телеком ХХІ. У Пецярбургу, як і ў Беларусі, козырам МТС абвяшчаецца істотнае заніжэньне тарыфаў, лягічнае пры дуаполіі** на рынку. Для МТС пранікненьне ў піцерскі рэгіён двукроць больш ласае, чым экспансія ў Беларусь: там за ліцэнзію Мобильные Телесистемы аддалі 50 млн. даляраў проці нашых 21 млн. Экспэрты адзначаюць, што ў Пецярбургу МТС выбіцца ў лідэры будзе значна цяжэй, чым у Маскве: GSM ужо захапіў 70% існага рынку, мае лепшае абсталяваньне (камутатары* і базавыя станцыі), і, самае галоўнае, маскоўцы тут ня маюць важкіх “падвязак” ва ўладных структурах, як у Маскве: асноўны акцыянэр МТС АФК Система — вельмі блізкі да лужкоўскага ўраду, таму ў сталіцы Расеі яны мелі ільготныя кошты на падлучэньне да гарадзкой тэлефоннай сеткі, карт-блянш на разварочаньне сотавай сыстэмы ў мэтрапалітэне і г.д.

Калі ўлічыць, што рынкавыя сытуацыі ў Паўночна-Заходняй Расеі і Беларусі вельмі падобныя (дуаполія на рынку лічбавай мабільнай сувязі, наяўнасьць апэратараў аналягавага стандарту NMT-450), можна дапусьціць, што экспансійная стратэгія будзе тая самая. МТС у Пецярбургу, каб прывабіць кліентаў, ужо сёлета ўвядзе адразу ўвесь пакет ільготаў, да якіх у Маскве ішоў гадамі: дармавое падлучэньне, пасэкундная тарыфікацыя ад другое хвіліны размовы, ільготныя начныя гадзіны, апараты выключна па сабекошце ці нават зь невялікай датацыяй. Раскрутка кампаніі палягае збольшага на задзірлівай барацьбе з канкурэнтамі (у нашым выпадку — Velcom’ам), двухразовай зьніжцы на ўнутрысеткавы роўмінг*** і міжнародныя размовы.

На сёньня “труба” ў Беларусі пакуль яшчэ застаецца дарагой забаўкай, у адрозьненьне ад эўрапейскіх краінаў, дзе колькасьць абанэнтаў сотавае сувязі перавышае агульную лічбу хатніх стацыянараў. У нас “Белсэл” і Velcom дзяруць за падлучэньне пры набыцьці апарату ў кампаніі — 12,5 і 126 тыс., за падлучэньне сваёй слухаўкі — 32,5 і 166 тыс., абанэнцкую плату — ад 8 да 99 тыс. (у залежнасьці ад тарыфнага пляну) і 17,2 тыс., хвіліна размовы зь іншай унутрысеткавай мабілай каштуе 112—143 і 280 руб., з гарадзкім стацыянарам — 134—172 і 350 руб., з замежжам — 1325—4187 і 1130—2950 руб. у залежнасьці ад рэгіёну — краіны СНД ці заморскія зоны. Абодва апэратары даюць зьніжкі на начныя размовы, прапануюць кліентам сотавікі рознай “дальнабойнасьці”.

Два галоўныя мінусы аналягавага апэратара “Белсэл” — плата за ўваходныя званкі і немагчымасьць карыстацца апаратамі па-за межамі краіны. Першая хіба ўжо выпраўляецца кампаніяй — уво-дзяцца “доўгія” нумары, што пачынаюцца з “8”, і цяпер за ўваходныя тэлефанаваньні плаціць не карыстальнік, а ягоны суразмоўца.

Колішні манапаліст “Белсэл” пайшоў на істотныя саступкі менавіта пасьля прыходу на беларускі рынак Velcom у красавіку 99-га. І ўсё ж большасьць спажыўцоў бу-дзе абіраць GSM з прычыны міжнароднасьці гэтага стандарту: на сёньня Velcom падпісаў пагадненьні з 121 апэратарам з 59 краінаў сьвету. Таму за гэты год кліентура “Белсэл” павялічылася ўсяго на колькі тысячаў (з 17 тыс. у сьнежні 2000 г. да 20 тыс. цяпер), а Velcom здолеў памножыць колькасьць сваіх сымпатыкаў у некалькі разоў (з 27 да 85 тыс.).

Шчыруюць апэратары мабільнага даеньня і на ніве бэнэфіцыянцтва: “Белсэл” даў магчымасьць падлучыцца да сотавай сувязі жыхарам забруджаных радыяцыяй раёнаў, ладзіць спартовыя мерапрыемствы, спаборніцтвы па біятлёне, футболе, барацьбе, панадзіўся дапамагаць Фінбергаваму аркестру. Velcom падтрымлівае Нацыянальны алімпійскі камітэт, аказвае дабрачынную дапамогу “Беларускаму дзіцячаму госьпісу”.

А пранікненьне ў Беларусь МТС станецца пачаткам новай цэнавай вайны. Сьведчаньнем таму — пільная зацікаўленасьць разьвіцьцём падзеяў з боку Лукашэнкі, які ўскосна прызнае “ненатуральнасьць” адбору апэратараў, бо ў барацьбу за пэрспэктыўны рынак “уцягваецца і той-сёй з дзяржаўных служачых”. Ходзяць чуткі, што вылучэньне Наталі Машэравай і яе наступнае зьняцьцё мелі цесную сувязь з удзелам і наступнай перамогай МТС у беларускім тэндэры.

Ані прадстаўнікі МТС, ані рэальныя на сёньня беларускія апэратары пра свае пляны на 2002 г. нічога канкрэтнага ды ўцямнага ня кажуць.

Год пачатку рэальнае канкурэнцыі на рынку мабільнае сувязі для нас, мабільных, але ня дужа заможных людзей, можа зрабіць зразумелым, што беларуская прыказка пра пасвараных паноў не заўжды актуальная: ад такой панскай бойкі ў мужыка трашчаць лоб ня будзе, хіба толькі слухаўка недзе ў раёне вуха.

Не за гарамі, відаць, час, калі ў Беларусі пачнуць зьнікаць ідыёмы кшталту “Кінула (паклала, павесіла) слухаўку” і прыйдуць новыя: “Да маёй маці, у Бацэвічы, мабільнік не дабівае”.

Абанэнт

* Камутатар — станцыя сувязі.

** Дуаполія — панаваньне двух уласьнікаў

*** Роўмінг — забесьпячэньне сувязі на пэўнай тэрыторыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0