Нэрон, Пятроні ды іншыя

На экраны Польшчы выйшаў новы фільм Каваляровіча

Апошнія гады польскае кіно жыве пад знакам таго, што тут называюць супэпрадукцыяй, супэрфільмамі. Гэта, зразумела, “Пан Тадэвуш” Анджэя Вайды, “Агнём і мячом” Ежы Хофмана... Супэр — гэта, безумоўна, пастановачны, фінансавы (18 млн. даляраў) размах. Хоць, вядома, па галівудзкіх нормах такі фільм абышоўся б у 200 млн. даляраў.

Калі “Пан Тадэвуш” і “Агнём і мячом” — старонкі польскай гісторыі, то “Quo vadis” апавядае пра старадаўні Рым эпохі Нэрона. Але й тут прысутнічае “душа Польшчы”, увасобленая ў вобразе Лігіі, дачкі племя лігаў, якіх Сянкевіч лічыў продкамі сучасных палякаў. Раман быў напісаны ў 1895—1896 г. Зь неверагоднай для тых часоў хуткасьцю яго пераклалі амаль на 30 моваў, для Папы Леона ХІІІ быў зроблены спэцыяльны пераклад на лаціну. Некаторыя лічаць, што з гэтага раману пачалася эпоха масавай культуры. У Швайцарыі хлопчыкам пачалі даваць імя Vadis. У італійскім гатэлі прыхільнікі ўкладалі ружы ў выстаўленыя ў калідор чаравікі пісьменьніка. У 1905 г. Сянкевіч атрымаў Нобэлеўскую прэмію.

Гэтая экранізацыя раману сёмая па ліку. Яе зьяўленьню на экранах папярэднічала неверагодная рэклямная помпа. Фільм быў спэцыяльна паказаны ў Ватыкане для Яна Паўла ІІ. Прэм’ера ж у Вялікім тэатры ў Варшаве, на якой прысутнічалі прэзыдэнт краіны Аляксандар Квасьнеўскі і прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп, адбывалася ў дэкарацыях антычнага Рыму. Ля ўваходу гледачоў сустракалі прэтарыянцы з паходнямі. У польскім друку разгарэліся спрэчкі пра Нэрона і яго эпоху. Выйшла ў перакладзе кніга брытанскага журналіста Рычарда Холанда, які сьцьвярджае, што рымскі імпэратар ня быў такім жорсткім і сапсаваным чалавекам, якім яго робяць гістарычныя крыніцы. У Нацыянальным музэі адкрылася выстава “Вакол “Quo vadis” — культура і мастацтва Рыму эпохі Нэрона”...

Каваляровіч кажа, што “хацеў зрабіць фільм, які ўспрымаўся б як лацінскае набажэнства”. Але для Сянкевіча “Quo vadis” быў раманам пра пераломную эпоху ў гісторыі чалавецтва, пра апагей і крушэньне дэспатызму рымскіх цэзараў, пра героіка-пакутніцкія пачаткі хрысьціянства. Эмацыйнасьць эпічнага аповеду непарыўна зьвязаная з гісторыяй каханьня хрысьціянкі-закладніцы Рыму Лігіі і рымскага патрыцыя Вініцыя.

На жаль, ад бальшыні сцэнаў гэтай гіганцкай, амаль трохгадзіннай фрэскі вее холадам таленавітага ілюстратара. Усё ёсьць у фільме — цудоўныя акторы (Магдалена Мельцяж — Лігія, Ежы Трэля — Хілён Хілёнідзіс, Францішак Печка — апостал Пётра), фантастычныя дэкарацыі, плойма статыстаў, пажар Рыму, але чамусьці выходзіш з гля-дзельнай залі амаль абыякавы. Мала сапраўдных эмоцыяў і задужа відавочнага холаду, статыстыкі і адкрытай тэатральнасьці. Хоць ёсьць сцэны, на якія сэрца адгукаецца: тая ж гібель людзей на цыркавой арэне, “паходня хрысьціянская” пасярод танцораў Нэрона...

Зразумела, работа Каваляровіча пераўзыходзіць “Quo vadis” Ле Роя 50-х, але саступае ў майстэрстве “Бэн Гуру” Вайлера, “Спартаку” Стэнлі Кубрыка, экстравагантнаму “Сатырыкону” Фэліні дый “Фараону” самога Каваляровіча. Вось дзе рэжысэрскае і акторскае майстэрства зьліліся ў блізкім аўтару фільму пэсымістычным успрыманьні гісторыі.

Каваляровіч каля трыццаці год жыў ідэяй гэтага праекту. Дык чаму ж не атрымалася? Некаторыя польскія крытыкі лічаць, што рэжысэр быў заангажаваны ў гіганцкае фінансавае прадпрыемства па стварэньні багатай кінаілюстрацыі да раману Сянкевіча, якую Каваляровіч вырашыў ідэалягічна “падперці” якімсьці ўзбу-джэньнем “хрысьціянскіх пачуцьцяў”. Гэтая зададзенасьць не загубіла фільму канчаткова, але й ня вывела яго на той філязофска-эмацыйны ўзровень, які заўсёды вабіў нас у фільмах Каваляровіча. Прыгадаем хоць бы “Цягнік”, “Маці Яну ад анёлаў”, “Аўстэрыю”...

У “Quo vadis” Рым блішчыць у промнях сонца, а потым палае, як драўляная цацка. Бліскучага Пэтронія рабы ўносяць на палянкіне на Форум. Оргію ў Нэрона заліваюць тысячы пялёсткаў руж. Блазнуе і сьпявае дурным голасам руды цэзар. Але холад рэжысэра перадаўся і акторам, якія нібыта застылі, пазуюць і дэклямуюць перад гледачом. Трагедыя першых хрысьціянаў не выклікае эмацыйнага водгуку ў сучаснага чалавека. Хоць у апошніх кадрах фільму апостал Пётра вяртаецца не ў антычны, а ў сучасны Рым... Мэтафара запозьненая і празьмеру дыдактычная.

Сямён Букчын

Сёлета 155-я ўгодкі з дня нараджэньня Генрыка Сянкевіча. 105 гадоў спаўняецца й з дня выхаду ягонага раману “Quo Vadis”.

А 45 гадоў таму, у 1956 г., у Рыме ўпершыню выйшаў беларускі, вялікай прыгажосьці пераклад раману, які зрабіў ксёндз Пётра Татарыновіч. А гэта яшчэ адно яскравае супадзеньне — сёлета ксяндзу Татарыновічу спаўняецца 105 гадоў (1896 г.н.).

Яшчэ пяць гадоў таму беларускія выдавецтвы плянавалі адзначыць разам усе гэтыя юбілеі. На замову “Мастацкай Літаратуры” Вітаўт Мартыненка зрабіў трансьлітарацыю лацінічнага беларускага тэксту Татарыновіча і адрэдагаваў яго. Ён быў заплянаваны ў сэрыі “Скарбы сусьветнай літаратуры” на 1996 г. Але гэтыя пляны зьдзейсьненыя не былі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0