Адам Глёбус

 Блізкія і знаёмыя

фотаальбом у прозе

 

1962. Баба й сьлівы

Зь дзедам Бронікам зьбіраю ў вядро жоўтыя сьлівы. Які водар! Баба Ядзя распальвае керагаз, варыцьмуць мядова-залацістае сочыва.

1975. Дзед Уладзімер і мяхі

Капаю зь дзедам Уладзімерам лёх. Сонца. Сьпёка. Пот у вочы цячэ. Дзед махае рыдлёўкай уровень са мною і яшчэ распявядае пра тое, як працаваў грузчыкам на чыгунцы…

Усе думаюць, што грузчык мусібыць вялікім. Не абавязкова. Грузчык можа быць і малы. Галоўнае, каб спрыт быў. Каб ведаў, як закінуць мех на плечы, як несьці, як скінуць. Можаш быць вялікім, як гара, а няправільна падымеш — і парвешся…

Пасьля абеду я адмаўляюся капаць лёх, дзед дакопвае безь мяне. Мусіць і рыдлёўку, як тыя мяхі, трэба ведаць, як браць.

1993. Рудкевіч
і басэйн

Паплаваць я заўсёды любіў і пакінуў наведваць басэйн толькі таму, што хлёрку ў ваду сыплюць без усялякае меры. Скура перасыхае, ніякія крэмы не дапамагаюць. Вочы чырванеюць і баляць. Ну іх да д’ябла, нашыя менскія басэйны. Цяпер я плаваю выключна ў віленскіх басэйнава-блакітных водах. А пра менскія згадваю з сумам і сорамам. Апошні раз мне зрабілася сорамна, калі пабачыў сваю былую аднаклясьніцу Тацяну Рудкевіч у водах Дому афіцэраў. Яе трымаў на руках нейкі лысы чараваты дзед. У вадзе й дзед зможа трымаць на руках ня тое што адну, а нават і дзьвюх кабетаў. Танька, зь якой я праседзеў за адной партаю цэлы год, вядома ж, мяне не пазнала, а мне стала крыўдна і за яе, і за хлёрку, і за сябе.

… Рэйзман
і Маркс

Другагоднік Мішка Рэйзман мае процьму дробных талентаў. Вучыцца ён папросту лянуецца. Будзе займацца чым заўгодна, акрамя ўрокаў. Вось лепіць на конкурс выяўленчага мастацтва галаву Карла Маркса. Вораг буржуазіі робіцца з рудога плястыліну. Рэйзману прысуджаюць другую прэмію і кажуць, што, калі б замест Маркса быў Ленін, далі б першую. Па вялікім сакрэце Мішка прызнаецца мне, што ваяў Карла, бо той, як і Мішка, — габрэй. А вось хто атрымаў першы прыз — хоць забі, не згадаю.

 

… Баба Ядзя
й мода

У бабы Ядзі цудоўная швачная машынка “Зынгер” і процьма розных чароўных рэчаў. Рознакаляровыя скураты й ніткі, безьліч гузікаў, нажніцы любых памераў, кравецкая крэйда. Ядзя можа пашыць і перашыць што заўгодна. Майстар. Койданава не адышло пасьля вайны, грошай на крамную адзежу няма. Усё шыецца й перашываецца. Меншыя даношваюць за большымі, малодшыя за старэйшымі. Латка на латцы і штопка з латкаю — два асноўныя накірункі тагачаснай моды. Мне й дагэтуль яна падабаецца. І колькі ні шукаў у энцыкляпэдыях па fаshion, латку і штопку не знайшоў. Значыць, модныя рэчы ў стылі бабы Ядзі яшчэ наперадзе.

 

...Кyкарэка
й цыцкі

У пятай клясе ў Людкі Кукарэкі вырастаюць цыцкі. Нічога надзвычайнага ў тым няма. Вырасьлі й вырасьлі. Але ж у іншых дзевак іх яшчэ няма. Усім хлопцам хочацца дакрануцца да гэтага дзіва. Усе шукаюць нагоды падысьці да Кукарэкі, загаварыць, запытацца, з адным патаемным жаданьнем — дастаць тых цыцак. А Людка на аднаклясьнікаў не зважае, яна ходзіць са старэйшымі, мы для яе неразумная драбяза. Кукарэка вельмі хутка сталее, сыходзіць у мэдычную вучэльню і нейкім дзіўным чынам канчаткова страчвае прыгажосьць і прывабнасьць.

 

… Хвастовіч
і бутэлька віна

Жэнік Хвастовіч вучыцца добра, і па ўсіх тагагачасных завядзёнках яму даручаюць рабіць урокі разам з кепскім вучнем Драбышэўскім. Хвастовіч ідзе да Драбышэўскіх і займаецца. Баба Драбышэўскага гатуе хлопцам вячэру й ад шчырага сэрца стаўляе на стол бутэльку “чарніла”. Шасьціклясьнік Хвастовіч адмаўляецца, але настойлівасьць Драбышэўскіх перамагае. Дадому Жэнік заяўляецца п’яны. Бацькі забараняюць займацца з Драбышэўскім. А той шчыра зьдзіўляецца, бо п’е чарнільца з бацькамі за кожнай вячэраю.

 

… Кірыенка
і шайба

Гуляем у хакей на фізкультуры. Хлопцы гуляюць, а дзяўчаты мусяць глядзець, хоць і яны папрыносілі канькі. І вось на поле выяжджае Галя Кірыенка. Гульня спыняецца. Усе просяць яе не замінаць, а яна — буду катацца і ўсё тут. Тады Сярожа Навуменка кідае ў яе шайбу ды так спрытна, што цаляе ў дзявочае пераносьсе. Галя ляціць на лёд. Ейныя акуляры разломваюцца напалам. Кроў на лёдзе ненатуральна яркая, нібыта несапраўдная, нейкая кіношная ці тэлевізійная. Кірыенка сыходзіць дамоў. Тры дні яе ў школе не відаць, а потым зьяўляецца з бацькам і старэйшым братам. Тыя дапытваюцца пра здарэньне. Усе маўчаць — ня бачыў, ня чуў, ня ведаю. Маўчыць і Галя — сама ўпала. За гэта яе вельмі запаважалі. Зрэшты, чаго лезе й замінае гульні?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0