У аэрапортах падвоены кантроль

Ахова ўзмоцненая з-за тэрактаў і вайны ў Азіі

 

Дадатковыя меры бясьпекі датычаць як праверкі пасажыраў і іхнага багажу, так і аховы ўзьлётных палосаў і пэронаў: патрулі павялічаныя ўдвая. Транспартнай міліцыі дапамагаюць супрацоўнікі КДБ. Ніякіх нестандартных сытуацыяў у беларускіх аэрапортах або зь беларускімі самалётамі дагэтуль не было, але сілавікі лічаць за лепшае перастрахавацца. Адпаведныя інстанцыі сьпехам распрацоўваюць удакладненьні да інструкцыяў лётнаму пэрсаналу на выпадак надзвычайных сытуацыяў, кшталту амэрыканскіх. Іхны зьмест пакуль не разгалошваецца.

Самалёты кампаніі “Белавія” працягваюць лётаць ва ўсе краіны сьвету. Ніводзін рэйс не скасаваны. Праўда, з-за катастрофы расейскага Ту-154 у Чорным моры самалёт “Белавія” вярнуўся ў Менск з Ізраілю са спазьненьнем на пару гадзінаў. Жанчынкі, што чакалі сваіх у аэрапорце, пасьпелі ўжо наплакацца.

“Белавія” — адна зь нешматлікіх у сьвеце кампаніяў, самалёты якой ніколі яшчэ не траплялі ў сур’ёзныя аварыі.

Катастрофы здараліся ў 80-х, калі “Белавія” шчэ не існавала. У 1980 г. самалёт рэйсу Менск—Ленінград разьбіўся ля аэрапорту. На ім ляцелі найлепшыя студэнты Менску, прэміяваныя паездкай у Ленінград на зімовыя вакацыі. Большасьць іх тады загінула. У Менску дагэтуль распавядаюць, як адзін з ацалелых у шокавым стане забег ад месца аварыі лясамі аж за Смалявічы, і толькі там яго злавілі. Ніякага памятнага знаку на месцы катастрофы няма. У тыя гады гэта не было прынята.

У 86-м Ту-134 менскага фармаваньня з прычыны дрэнных мэтэаўмоваў разьбіўся ў Нямеччыне.

Кожны надзвычайны выпадак з самалётамі расейскай вытворчасьці вымушае прыгадваць, што айчынны авіяпарк на 80% выпрацаваў свой рэсурс. Тэрмін службы самалёта — 20—25 гадоў. Век большасьці беларускіх самалётаў блізкі да крытычнага, дый не адпавядае Ту-154 найноўшым эўрапейскім экалягічным нормам. Аднак беларускія авіякампаніі іншай тэхнікі пакуль ня маюць. Праўда, старшыня Камітэту па авіяцыі Хведар Іваноў кажа, што ўжо створаная рабочая група па закупцы або арэндзе новае тэхнікі. Ёсьць неафіцыйная інфармацыя, што “Белавія” з 2002 г. можа часткова перасесьці на “Боінгі”. Гэта, зрэшты, стане магчымым пры ўмове паслабленьня палітычнай залежнасьці Беларусі ад Расеі.

Штогод зь беларускімі самалётамі адбываюцца пазаштатныя здарэньні. У 98-м іх было 55, у 99-м — 35. У сьнежні 2000-га ледзьве не адбылася аварыя: пры заходзе на пасадку ў аэрапорце “Менск-2” толькі ў апошнюю хвіліну пашчасьціла ліквідаваць няспраўнасьць у сыстэме выпуску шасі.

У агляднай будучыні беларускую авіяцыю, магчыма, чакае яшчэ адно зьмяненьне: аэрапорт “Менск-1” можа быць зачынены. На ягоных загонах разьмесьціцца буйны спартовы комплекс.

Мікола Бугай

Вайна пачалася

Амэрыканская авіяцыя нанесла ўдары па Аўганістане. Першымі цэлямі сталі аб’екты супрацьпаветранай абароны вакол Кабулу й Кандагару. У антытэрарыстычную кааліцыю ўвайшлі дзясяткі краінаў, у тым ліку суседзі аўганцаў – Узбэкістан і Пакістан. Беларусь заявіла, што гатовая дазволіць амэрыканскім самалётам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору, калі ЗША пра гэта папросяць. Вайна ў Цэнтральнай Азіі абяцае быць для Захаду пераможнай, але яе тэрарыстычныя мэтастазы могуць зьяўляцца яшчэ 100 гадоў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0