Самы магілёўскі ўрад

 

Прызначэньне Генадзя Навіцкага прэм’ерам зьдзівіла ўсіх. Навіцкі — тыповы беларускі бюракрат, прайшоў усе прыступкі адміністрацыйнай лесьвіцы. Працаваў у галіне будаўніцтва, што падпарадкоўвалася Менску, а не Маскве, нават у савецкія часы, і дзе рынкавыя адносіны пачалі ўводзіцца найраней. Маладжавы і выразна больш беларускі за свайго папярэдніка. Не зьвязаны з расейскімі фінансавымі групамі. Збольшага гэты прэм’ер выклікае давер.

Навіцкі — родам з самога Магілёва. Увогуле, у гэтым урадзе магілёўцы кантралююць увесь сэктар “рэальнай эканомікі”. Віцэ-прэм’ерам па сельскай гаспадарцы застаўся Папкоў (родам з Горацкага раёну). Міністэрства прамысловасьці ўзначальвае Харлап (Клічаў), міністрам гандлю стаў Кулічкоў (Амсьціслаў), кіраўніком Мытнага камітэту — Шпілеўскі (Бабруйск). Лічыць прадукты іхнае дзейнасьці будзе кіраўнік Мінстату Зіноўскі (Асіповічы). Падняпроўцы займаюць і чатыры іншыя ключавыя пасады: аховай прэзыдэнта кіруе Яўген Дзьвярніцкі (былы начальнік Дзяржаўнага камітэту фінансавых расьсьледаваньняў, родам са Шклова), старшынёю Гаспадарчага суду стаў Камянкоў (Бялынічы), кіраўнічкай “Беларусбанку” застаецца Ермакова (Шклоў), а скандальна вядомы Мікалай Ананьеў (Асіповічы) вярнуўся памочнікам прэзыдэнта па спорце.

Лібэралы забралі сабе ўсе “палітычна значныя” міністэрствы: Корбут — фінансаў, Шымаў — эканомікі, Хвастоў — замежных справаў, Падгайны — інфармацыі, Мальцаў — абароны, Стражаў — адукацыі, Гуляка — культуры. Наўрад ці гэта пазначае сьвядомы паварот у палітыцы. Хутчэй папросту не засталося дзелавых, здольных адміністратараў зь іншымі поглядамі. Час памяняўся!

Дзяржаўнае кіраваньне ў цэлым перайшло ў рукі лібэралаў і этнічных беларусаў. Тады як цэнтры рэальнай дзяржаўнай улады і іх рэпрэсіўныя апоры — Адміністрацыю прэзыдэнта, МУС, КДБ — дагэтуль узначальваюць беларусы расейскага паходжаньня.

Прызначэньне Навіцкага яшчэ раз пацьвердзіла, што незалежныя СМІ й аналітыкі дагэтуль ня маюць ніякай інфармацыі з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі. Да канца невядома нават, які тамака мэханізм прыняцьця рашэньняў.

Сфармаваны ўрад можна назваць самым магілёўскім за часы незалежнасьці. Магілёўцы, патэнцыйна самыя неляяльныя да беларускай дзяржавы, яе ўзначалілі і цяпер мусяць быць вернымі ёй. Аналягічная “камбінацыя” адбываецца з грамадзянамі Беларусі расейскага паходжаньня. Вось такім дзіўным чынам дасягаецца ў Беларусі нацыянальнае адзінства.

Барыс Тумар

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0