Казкі жыцьця

Фаўна, навука, людзі

У касах зьнікае рэшта — рублі з выявай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзяржава рыхтуецца да новай фінансавай апэрацыі? Касіркі ў белых халатах, як мэдсёстры, спачувальна глядзяць пакупнікам у вочы: “Няма рэшты…”

 

Гэтая “падрыхтоўка хворага” цягнецца ўжо колькі месяцаў. Спачатку касіркі, недалічыўшыся, вінавата заміралі, спалохана пазіраючы на пакупніка. Нават пыталіся, з надзеяй нармалізаваць сытуацыю, прадухіліць верагодны падскок ціску: “Мо ў вас ёсьць рубель? (два? тры? чатыры? – у залежнасьці ад дэфіцыту)”. Пасьля, нібы прывучыўшы нас да дыягназу, казалі ўжо нэўтральна і звыкла: “Рублёў няма. Наступны!..” А цяпер, бывае, і ня кажуць. Маўляў, самі ведаеце…

А вось калі ў пакупніка гэтага рубля бракуе (няма ў кашальку болей грошай ці ня хочацца мяняць буйную купюру), касіркі даруюць рэдка. Хаця бывае! “Пасьля прынесяце”, – кажуць яны пакупніку, загадкава ўсьміхаючыся. Як моны лізы! Нібы ведаюць нейкую тайну, але нікому ня скажуць! Можна і не прыносіць. Праверана: нічога ня будзе. Наступным разам пра вас і ня ўспомняць… А калі вы самі згадаеце і прынесяце – будуць не на жарт расчуленыя.

Успомніце, калісьці ў нас паэтапна зьнікалі грошы з выявай беларускай фаўны: вавёркі, зайцы, бабры, ваўкі, рысі, ласі, мядзьведзі, зубры. Цяпер у нас паступова зьнікае навука. Робіцца дэфіцытам. Неяк людзі абыходзяцца безь яе ў жыцьцёвых рахунках.

Здаецца, мы перажываем апраменьваньне нейкай фінансавай радыяцыяй. У краіне бушуе спадчынная хвароба з каралеўскімі назвамі – інфляцыя, дэвальвацыя, дэнамінацыя.

Людка Сільнова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0