Максім Лужанін
1909—2001

 

Максім Лужанін (Аляксандар Каратай) памёр у ноч на 13 кастрычніка, не дажыўшы трох тыдняў да 92-годзьдзя. Вестка пра яго сьмерць не была нечаканай: Аляксандар Амбросавіч доўга хварэў. Але тым, хто ведаў яго асабіста, сустракаўся зь ім апошнія гады, ня верыцца, што гэтага чалавека больш няма, — так многа адышло разам зь ім. Шкада, што ён ужо не раскажа нікому пра ўбачанае і перажытае.

У 1925 г. юнага паэта Максіма Лужаніна прынялі ў “Маладняк”, за год ён стаў сябрам “Узвышша” — прыгожы маладзён у капелюшы, гарнітуры, зь люлькай у зубах, падобны да Маякоўскага. Нефармал. У 1933 г. Лужаніна арыштавалі і асудзілі на два гады высылкі.

Гады рэпрэсіяў былі пеклам, прайшоўшы якое, чалавек ня мог застацца ранейшым. Каго там змушалі выконваць якія ролі, што праўда, а што мана ў тых чутках, якія заўсёды цягнуцца за крывавымі падзеямі, — ніхто ўжо дакладна сказаць ня можа. Ва ўсякім выпадку, браць на сябе ролю судзьдзі таму, хто ня быў сьведкам, не выпадае.

У Сібір з Максімам Лужаніным паехала ягоная жонка, Яўгенія Пфляўмбаўм, цудоўная паэтэса. У першы раз у кватэру Лужаніных зь відам на парк Горкага я патрапіла, ідучы не да гаспадара, а да яе, паэткі, якую “раптам” на пачатку 90-х мінулага стагодзьдзя адкрылі для сябе аматары паэзіі. Паэтка Пфляўмбаўм пражыла ў цені мужа-паэта. Толькі пад канец жыцьця, калі яна ўжо хварэла, пачалі выходзіць ейныя зборнікі. Пасьля сьмерці жонкі Максім Лужанін узяўся разьбіраць яе архіў, складаць новую кніжку вершаў — Пфляўмбаўм пісала ўсё жыцьцё, не прызначаючы твораў да друку. Яшчэ Лужанін хацеў, каб прагучала, што Яўгенія Пфляўмбаўм — аўтарка перакладаў многіх твораў сусьветнай клясыкі, перакладчыкам якіх значыцца ён. Так сталася, бо яму, сябру Саюзу пісьменьнікаў, плацілі большыя ганарары, чым ёй, хатняй гаспадыні. Ёсьць складзены Лужаніным пералік гэтых твораў.

Перад вайной Максім Лужанін з жонкай некалькі гадоў жылі ў Маскве. Потым ён быў прызваны на фронт, удзельнічаў у Сталінградзкай бітве, быў кантужаны… Пасьля вайны — сакратарства ў Якуба Коласа, рэдактарства на “Беларусьфільме”. У часе працы на XXII сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Максім Лужанін перанёс інфаркт, залечаны ў амэрыканскай клініцы. Таму ягоная кніга пра амэрыканскі побыт мела назву “Рэпартаж з рубцом на сэрцы”.

Згадваючы шматтамовы збор сваіх твораў, Максім Лужанін ня раз са скрухай казаў, што хацеў бы адабраць зь яго вершаў на таненькую кніжачку, адкінуўшы напісанае “на патрэбу часу”.

Максім Лужанін умеў адчуваць слова, меў паэтычны слых. Да апошняга пісаў, на 91-м годзе жыцьця пераклаў “Чорнага чалавека” Ясеніна.

Лужанін з Пфляўмбаўм ня мелі дзяцей. Іхная адзіная дачка памерла маладой ад раку. Апошнія гады паэта даглядала ўнучка ягонага расстралянага сябра Тодара Кляшторнага.

Са сьмерцю Максіма Лужаніна парвалася ці не апошняя жывая сувязь з пасьлярэвалюцыйным пакаленьнем.

Людміла Рублеўская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0