Уладзімер Роўда

Чаму ў Беларусі не адбыліся stunning eleсtions

 

У сьнежні 2000 г. “НН” надрукавала мой артыкул пра магчымасьці так званых ашаламляльных выбараў (stunning elections) у Беларусі. “Ашаламляльнымі” сучасная паліталёгія называе выбары, якія аўтарытарны рэжым ладзіць, каб умацаваць сваю легітымнасьць, і на якіх, нягледзячы на грубыя парушэньні, ён альбо церпіць паразу, альбо губляе падтрымку значнай часткі насельніцтва.

Беларусь належыць да краінаў, патэнцыйна гатовых да пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Гэта індустрыйная дзяржава са значным узроўнем урбанізацыі насельніцтва (больш за 70% жывуць у гарадох), вялікай колькасьцю людзей з вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, адноснай культурнай і этнічнай аднароднасьцю (больш за 80% жыхароў — беларусы). Краіны са значна горшымі паказьнікамі (Румынія, Славаччына, Сэрбія ды інш.) цяпер пасьпяхова ажыцьцяўляюць рынкава-дэмакратычныя рэформы.

Перад выбарамі ў грамадзкай сьвядомасьці значнай часткі насельніцтва склалася ўстаноўка на перамены. Многія стаміліся ад Лукашэнкі і былі гатовыя падтрымаць іншага палітыка, здольнага палепшыць становішча ў краіне, правесьці эфэктыўныя эканамічныя і палітычныя пераўтварэньні. Зьвесткі сацыялягічных дасьледаваньняў НІСЭПД за жнівень 2001 г. сьведчаць, што за сем гадоў кіраваньня Лукашэнкі ў 40,7% сем’яў пагоршылася матэрыяльнае становішча; 44,3% незадаволеныя тым, як Лукашэнка кіраваў краінай; 57,6 % хацелі б бачыць у Беларусі іншую мадэль эканомікі; 46,3 % зацікаўленыя ў тым, каб прэзыдэнт быў прыхільнікам падзелу ўладаў; 41,4% жадалі б кардынальнай зьмены сучаснага палітычнага курсу.

Для ажыцьцяўленьня “ашаламляльных выбараў” была неабходная адзіная і папулярная апазыцыя ды шэраг негвалтоўных акцыяў (мітынгаў, дэманстрацыяў, страйкаў), якія мусілі прадэманстраваць грамадзтву істотную перавагу дэмакратычных сілаў і забясьпечыць абарону перамогі, калі рэжым паспрабуе пайсьці на фальсыфікацыі.

На першы погляд, палітычныя партыі й няўрадавыя арганізацыі дасягнулі тут значных посьпехаў. Упершыню за доўгія гады палітычная апазыцыя аб’ядналася — спачатку ў рамках КРДС, а потым у шырокім грамадзкім руху “За Новую Беларусь”. У апошнім бралі ўдзел амаль усе ўплывовыя палітычныя структуры: ад камуністаў-рэфарматараў да нацыянал-дэмакратаў. Сотні няўрадавых арганізацыяў па ўсёй краіне далучыліся да мабілізацыйнай кампаніі і незалежнага назіраньня. Але за колькаснымі паказьнікамі не было якасьці. Дэмакратычныя сілы ня выявілі волі да ўлады. У Беларусі падчас выбарчай кампаніі практычна адсутнічаў суб’ектыўны фактар, безь якога палітычныя перамены ажыцьцявіць немагчыма.

* * *

Пачынаючы з 1996 г., палітычную апазыцыю пазбавілі парлямэнцкай трыбуны і змусілі шукаць іншых формаў і мэтадаў барацьбы. Кіраўнікам палітычных партыяў здавалася, што панацэяй зьяўляюцца масавыя вулічныя акцыі, якія могуць “разгайдаць сытуацыю”, узьдзейнічаць на людзей з дапамогай тэлевізійнага “малюнку” расейскіх каналаў.

Масавыя акцыі адыгрываюць калясальную ролю ў палітычным працэсе, аднак яны павінны сур’ёзна рыхтавацца і ладзіцца прафэсійна. Кожная мусіць мець цалкам вызначаныя і зразумелыя ўдзельнікам і гледачам мэты, весьці да дасягненьня хоць мінімальнага, але адчувальнага посьпеху. Важна, каб там гучалі актуальныя эканамічныя і сацыяльныя патрабаваньні, зразумелыя бальшыні грамадзянаў. І, безумоўна, акцыі павінны мець негвалтоўны характэр. Тады просты чалавек з вуліцы не са страхам і зьдзіўленьнем будзе глядзець на мітынгоўцаў, а задумаецца: апазыцыя ж хоча таго самага, што і я.

У нас гэта не атрымалася. Большая частка мітынгаў і вулічных шэсьцяў прызначаліся на адпаведныя даты: Дзень Канстытуцыі, Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, Дзень Незалежнасьці, Дзень Вайсковай Славы, Дзяды і зноў Дзень Канстытуцыі… Акцыі ператварыліся ў дэманстрацыю апазыцыяй сваёй прысутнасьці, рытуальныя мерапрыемствы, ад якіх ніхто нічога не чакаў. Таму цікавасьць да іх у грамадзтве раставала: усё менш і менш людзей прыходзіла на мітынгі й дэманстрацыі. Кампанія “Вясна-2001” цалкам правалілася. А напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў дэмакратычныя сілы мусілі хоць бы ў Менску вывесьці на вуліцы 100 тыс. чалавек. Менавіта падчас выбарчай кампаніі мабілізацыйны патэнцыял апазыцыі быў мінімальны, што рэзка зьменшыла шанцы на ажыцьцяўленьне сцэнару “ашаламляльных выбараў” у Беларусі.

Паўплывала на паразу дэмакратычных сілаў і іхная сьвядомая адмова ад удзелу ў парлямэнцкіх і мясцовых выбарах. Нелегітымнасьць палаты прадстаўнікоў, створанай Лукашэнкам пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 г., не апраўдвае кампанію іхнага байкоту, якая не дала апазыцыі ніводнай магчымасьці для правядзеньня масавай агітацыйнай працы з насельніцтвам. Былі і больш эфэктыўныя варыянты дзеяньняў. У прыватнасьці, вылучэньне незалежных кандыдатаў і выкарыстаньне іхнай выбарчай кампаніі ў мэтах пашырэньня кантактаў зь людзьмі, прарыву інфармацыйнай блякады, прыцягненьня новых людзей у апазыцыйныя структуры, дый проста трэнінгу будучай каманды адзінага кандыдата.

Няўдзел апазыцыі ў мясцовых выбарах прывёў да таго, што дэмакратычныя сілы згубілі магчымасьць уплываць на фармаваньне выбарчых камісіяў у Менску і рэгіёнах.

З 1996 г. назіраецца “дэпалітызацыя” палітычнай апазыцыі. Калі пад палітыкай разумець барацьбу за ўладу, даводзіцца канстатаваць, што партыі дэмакратычнай арыентацыі зрабілі ўсё, каб у гэтай “бруднай справе” ня ўдзельнічаць. Рэжым наўрад ці зможа зьвінаваціць апазыцыю ў імкненьні да ўлады! Прэзыдэнцкая кампанія гэта яскрава прадэманстравала.

Каб імкнуцца да ўлады, трэба мець папулярную праграму дзеяньняў, якую можна супрацьпаставіць палітыцы ўраду. Трэба штодня працаваць з рознымі групамі насельніцтва, тлумачыць ім праграмы, прыцягваць на свой бок усё новых і новых прыхільнікаў. Трэба ўвесь час пашыраць і мацаваць партыйныя структуры. Трэба гадаваць папулярных палітычных лідэраў, якія мелі б волю і рашучасьць у неабходны момант узяць на сябе адказнасьць за лёс Бацькаўшчыны. Трэба працаваць на апярэджаньне, навязваньне праціўніку сваіх ўмоў ды ініцыятыў.

Замест гэтага палітычныя партыі ператварыліся ў няўрадавыя арганізацыі, пачалі змагацца за гранты, ладзіць вулічныя імпрэзы ды сэмінары й трэнінгі для сваіх жа сяброў. Апазыцыя без супраціву заняла нішу, у якую яе выштурхнуў урад. Жыць там можна: дазваляецца крытыкаваць рэжым і размаўляць на роднай мове сярод аднадумцаў, пісаць артыкулы ў свае газэты, шанаваць сваю сымболіку, нават жыць па сваёй Канстытуцыі і са сваім Вярхоўным Саветам. Адзінае, чаго нельга зрабіць у поўнай ізаляцыі ад грамадзтва — перамагчы на рэальных выбарах.

За год да прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя была няздольная прапанаваць беларускаму грамадзтву кандыдата, які б меў рэальныя шанцы на посьпех. Супольны рэйтынг усіх апазыцыйных партыяў не перавышаў 5—7%, яшчэ больш нізкімі былі паказчыкі рэйтынгу іхных лідэраў. Таму стаўка была зробленая на “дэмнамэнклятуру”, якая мусіла выратаваць Айчыну ад дыктатуры. Зь “пяцёркі” кандыдатаў толькі Калякін належаў да публічных палітыкаў. Астатнія былі добра ўсім вядомымі з савецкіх часоў партыйна-гаспадарчымі кіраўнікамі. Часам узьнікала дзіўнае ўражаньне, нібыта мы перанесьліся ў 1994 г. Толькі цяпер з Лукашэнкам змагаўся не адзін, а цэлых пяць Кебічаў, якім дапамагала ўся апазыцыя ад БНФ да БСДП-НГ.

* * *

У адрозьненьне ад краінаў Усходняе Эўропы, дзе эліта ўлады за 10 год зьмянілася некалькі разоў, у Беларусі тасуецца адна і тая намэнклятурная калода, якая поўнасьцю вычарпала свой творчы патэнцыял яшчэ ў гады перабудовы і галоснасьці.

Калі ў Расеі ці Польшчы старая эліта падсілкоўвае ўладныя структуры, у Беларусі яна папоўніла дэмакратычную контрэліту. Апынуўшыся ў свой час за бортам урадавых структураў і затаіўшы асабістую крыўду на Лукашэнку, ейныя прадстаўнікі перакінуліся да ўчорашніх палітычных праціўнікаў. Але ці дастаткова пачуцьця крыўды, каб прэтэндаваць на ролю выказьнікаў нацыянальных інтарэсаў у крытычны для Радзімы час?

Зараз даводзіцца чытаць шмат разважаньняў, што хаўрус апазыцыі й чынавенства ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі быў цалкам апраўданы, адно што трэ было больш папрацаваць з гаспадарнікамі ды адміністратарамі, якія засталіся пры ўладзе, — тады, маўляў, і вынік выбараў быў бы іншы. Гэты пункт погляду памылковы.

Беларуская намэнклятура не задаволеная Лукашэнкам. Яна хоча, як у суседніх краінах, удзельнічаць у працэсе пераўтварэньня ўлады ў маёмасьць, марыць аб маштабнай прыватызацыі, большых гарантыях бясьпекі, замацаваньні свайго пануючага становішча прававымі нормамі. Намэнклятурнікі не жадаюць быць хлопчыкамі для біцьця ў папулярным народным шоў “Бацька наводзіць парадак і ставіць на месца ахамелых бюракратаў”. Але чынавенства ня здольнае адыгрываць самастойнай палітычнай ролі ў сучаснай Беларусі і быць рэальным фактарам дэмакратызацыі.

Па-першае, яно не належыць да апісанага Максам Вэбэрам тыпу функцыянальнай бюракратыі, зацікаўленай у дэмакратычных рэформах, наяўнасьць якой зьяўляецца адной зь перадумоваў дэмакратызацыі. Беларускаму адміністрацыйнаму і гаспадарчаму кіраўніцтву ўласьцівае прыстасавальніцтва да вышэйшага начальства, свавольства ў адносінах да простых грамадзянаў, невысокі ўзровень прафэсіяналізму і кампэтэнтнасьці — рысы савецкай бюракратыі. Намэнклятура ня хоча дэмакратыі, бо баіцца канкурэнцыі і ня ўмее працаваць ва ўмовах вызначаных працэдураў, але нявызначаных вынікаў. Яна хацела б захаваць аўтарытарны рэжым у алігархічнай форме.

Па-другое, ураднікі ў сыстэме прэзыдэнцкай вэртыкалі ня маюць нават мізэрнай самастойнасьці. Іхнае службовае становішча, кар’ерныя пэрспэктывы, магчымасьці атрыманьня прывілеяў цалкам залежаць ад ляяльнасьці да найвышэйшай асобы ў краіне. Адсюль падхалімства, адданасьць прэзыдэнту, неініцыятыўнасьць і палахлівасьць беларускай бюракратыі. Бываюць выняткі з гэтага правіла, але яны толькі падмацоўваюць агульную заканамернасьць.

Па-трэцяе, вылучэньне любога прадстаўніка дэмнамэнклятуры ў якасьці адзінага кандыдата рэзка абмяжоўвала рэсурсы кампаніі, што складаюцца з асобы кандыдата, ягонай праграмы, каманды, грошай і часу. Вельмі цяжка стварыць пазытыўны імідж начальніку, які ўмее займацца кабінэтнай працай, пісаць паперы, складаць справаздачы, але ня мае досьведу выступаў перад рознымі групамі насельніцтва, ня ўмее трымацца перад тэлекамэрай, ня ведае, як весьці прэсавую канфэрэнцыю і г.д. А значная частка беларускіх выбарцаў арыентавалася на асабістыя якасьці прэтэндэнтаў. Дый у сьвядомасьці значнай часткі людзей, у выніку асабістых кантактаў з рознымі кіраўнікамі й прапаганды, сфармаваўся нэгатыўны вобраз чыноўніка.

Не выпадае казаць пра выкарыстаньне дэмакратычнымі палітыкамі чынавенства падчас прэзідэнцкай кампаніі, бо выкарысталі якраз апазыцыю, якая згубіла ініцыятыву і мэханізмы ўплыву на дэмнамэнклятуру. Гэта зрабілася асабліва відавочным, калі “пяцёрка” вылучыла са сваіх шэрагаў адзінага кандыдата. Нягледзячы на тое, што дзьве найбуйнейшыя апазыцыйныя партыі падтрымлівалі кандыдатуру Домаша, а незалежныя аналітыкі даводзілі, што па ўсіх аб’ектыўных крытэрах (колькасьць сабраных подпісаў, суадносіны станоўчага і адмоўнага рэйтынгу, палітычныя і матэрыяльныя рэсурсы) перавага на ягоным баку, “пяцёрка” вылучыла адзіным кандыдатам Ганчарыка. Фактычна, яны паставілі ўльтыматум партыйным палітыкам: альбо адзіным кандыдатам робіцца Ганчарык, альбо на выбары ідуць два кандыдаты, што непазьбежна прывядзе да расьцягваньня галасоў і так невялікага дэмакратычнага электарату. БНФ і АГП гэты ўльтыматум прынялі бяз бою.

Гэта не азначае, што Домаш перамог бы Лукашэнку, але, безумоўна, ён здабыў бы большую падтрымку, чым Ганчарык, бо абапіраўся на дэмакратычны электарат (20—25%). Такі сцэнар даў бы апазыцыі магчымасьць захаваць аблічча і з большым эфэктам мацаваць свае пазыцыі ў грамадзтве пасьля паразы.

* * *

Стратэгія кампаніі Ганчарыка была даволі супярэчліваю. З аднаго боку, ён хацеў абаперціся на ўвесь дэмакратычны электарат, зь іншага — прадэманстраваць тутэйшай і расейскай намэнклятуры, што ён свой і ягоная перамога на выбарах ня выкліча карэнных зьменаў у кадравай палітыцы, эканамічным і палітычным жыцьці, замежнапалітычных прыярытэтах Беларусі. Гэта павінна было выклікаць ціхі сабатаж “вэртыкальлю” распараджэньняў аб фальсыфікацыі выбараў, як гэта здарылася ў 94-м, калі намэнклятура “пракінула” Кебіча. Гэта мусіла забясьпечыць прыхільнасьць Масквы.

Аўтары гэтай стратэгіі пераацанілі аўтаматызм падтрымкі дэмакратычнымі выбарцамі “адзінага кандыдата”. Паводле зьвестак НІСЭПД, у жніўні, праз два тыдні пасьля вылучэньня Ганчарыка адзіным кандыдатам, рэйтынгі Ганчарыка і Домаша амаль зраўнаваліся. За іх гатовыя былі прагаласаваць адпаведна 11,2% і 12,4% выбарцаў. У гэты момант 75% выбарцаў Домаша схіляліся да таго, каб перадаць свае галасы Ганчарыку, таму рэальны рэйтынг адзінага кандыдата складаў каля 20%. Заляцаньні Ганчарыка да чынавенства і Расеі прывялі да таго, што многія прыхільнікі Домаша вырашылі галасаваць “супраць усіх”. Гэтаксама, відаць, галасавалі і тыя беларускамоўныя грамадзяне, якія ня бачылі ў Ганчарыку абаронцы сваіх інтарэсаў. Невыпадкова, што ў апытаньні “НН” Ганчарыка падтрымаў толькі адзін чалавек, тады як за Домаша выказаліся 102 (другое месца), а за Пазьняка — 187 (першае)!

Стаўкі на намэнклятурны сабатаж загадаў Лукашэнкі і падтрымку Крамля былі цалкам наіўныя. Беларускія чыноўнікі здалі б “бацьку” толькі пры 100% гарантыяў сваёй бясьпекі і ўпэўненасьці, што Лукашэнка не пераможа ні пры якім раскладзе. Хаўрус дэмакратычных палітыкаў і дэмнамэнклятуры ніяк не прадэманстраваў сваёй здольнасьці скласьці сур’ёзную канкурэнцыю ўладам, і таму й прайграў. Не падтрымаў намэнклятуру і Крэмль, які захаваў сваю прыхільнасьць традыцыйнаму курсу.

* * *

Супольнымі намаганьнямі дэмакратычных палітыкаў і дэмакратычных чыноўнікаў беларускія выбарцы апынуліся 9 верасьня ў складанай сытуацыі. Многія не хацелі галасаваць за Лукашэнку, але яму не было рэальнай альтэрнатывы. Зьвесткі сацыялягічных дасьледаваньняў НІСЭПД за жнівень 2001 г. гэта дэманструюць. На пытаньне, ці ёсьць Лукашэнку рэальная замена, 35,8% адказалі, што няма; 30,4% — што ёсьць, але яны ня ведаюць такога чалавека; 22,9% — што ёсьць і яны ведаюць такога чалавека; 10,9% не змаглі адказаць.

Шанцы зьмяніць палітычны рэжым засталіся незрэалізаванымі з-за крайняй слабасьці дэмнамэнклятуры і ейных палітычных хаўрусьнікаў.

У новай паствыбарнай сытуацыі дэмакратычным партыям і арганізацыям неабходна пераасэнсаваць стратэгію і тактыку, каб выжыць. Трэба адмовіцца ад многіх ідэяў і ўяўленьняў, якія збанкрутавалі. Апазыцыя павінна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны. Ужо сёньня трэба пачынаць рыхтавацца да мясцовых выбараў, якія пройдуць за паўтара году. Перамога нашых кандыдатаў у некалькіх буйных гарадах дасьць магчымасьць стварыць пляцдарм для далейшага руху наперад. Наступнай мэтай зьяўляецца фармаваньне ўплывовай апазыцыйнай фракцыі ў парлямэнце і падрыхтоўка да новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Выбарчая барацьба ва ўмовах аўтарытарызму прынясе плён толькі тады, калі будзе суправаджацца масавымі акцыямі, па форме і зьмесьце адрознымі ад ранейшых, скіраванымі на абарону сацыяльна-эканамічных і палітычных інтарэсаў розных групаў насельніцтва.

Праблемай нумар адзін для апазыцыі па-ранейшаму застаецца барацьба за захаваньне незалежнасьці Беларусі. Асабліва цяпер, калі Лукашэнка мусіць заплаціць Расеі за падтрымку. Пагрозе паступовай здачы сувэрэнітэту можна супрацьпаставіць толькі адзінства палітычных і грамадзкіх незалежніцкіх сілаў. Аднак адной дэманстрацыі адзінства недастаткова. Досьвед прэзыдэнцкай кампаніі паказвае, што шырокая грамадзянская кааліцыя эфэктыўная толькі ў тым выпадку, калі не зьяўляецца пустым аб’яднаньнем, створаным дзеля запаўненьня адпаведнай нішы. Сапраўдная кааліцыя нараджаецца зьнізу, з штодзённых сумесных высілкаў партыйных камітэтаў, няўрадавых арганізацыяў, прафсаюзных ячэек, рэдакцыяў газэтаў. Фармаваньне такой кааліцыі — гэта шлях ад пустаслоўя да сапраўднай барацьбы з рэжымам за ўладу. Ці змогуць сучасныя дэмакратычныя партыі і арганізацыі стаць на гэты шлях, пакажа наібліжэйшая будучыня.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0