Новая Мыш

Мястэчка, якое ня стала Баранавічамі

Пры канцы ХІХ ст. у богам забытай вёсцы Баранавічы збудавалі чыгуначную станцыю. З тае пары вёска пачала расьці, паступова ператвараючыся ў горад. За нейкія 7 км ад Баранавіч знаходілася мястэчка Новая Мыш, якое так і засталося мястэчкам, а цяпер з маўклівай пакорай назірае за іхным імклівым росквітам і пашырэньнем.

 

Сёньня горад ад Новай Мышы аддзяляе 2 км. Гэты шлях можна прайсьці пешкі, пакінуўшы на канцавым прыпынку старэнькі аўтобус №5.

Шлях прыводзіць нас да праваслаўных могілак, па-гаспадарску абгароджаных драўляным плоцікам. Клады месьцяцца на ўзвышшы — 2—3 м над дарогай. На самым пагорку туляцца ў даўно не высяканых кустах помнікі канца ХІХ ст., засыпаныя апалым лісьцем. Ніжэй, пад высокімі дрэвамі, больш-менш прыбраныя памяткі ад пачатку да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя. Далей дрэвы радзеюць, і мы трапляем на вялікае поле, шчыльна застаўленае аднолькавымі мармуровымі плітамі.

18 ліпеня 1945 г. у лесе побач з Новай Мышшу быў забіты падпалкоўнік НКВД А.Шпакаў, які пад выглядам кіраўніка невялікай групоўкі “лясных братоў” павінен быў сустрэцца з камандзірамі мясцовае антыбальшавіцкае партызанкі. Войскі НКВД напалі крыху раней заплянаванага — яшчэ падчас перамоваў. Усё кіраўніцтва “банды” зьнішчылі. Аднак і Шпакаў быў забіты некалькімі стрэламі ў патыліцу. Да гэтага часу невядома, ад міліцэйскай ці ад партызанскай кулі ён памёр.

Мястэчка сустракае нас праваслаўным крыжам, абвязаным ручнікамі. Ідзем па асфальтаванай, шчыльна ўгноенай сёлетнімі каравякамі вуліцы. Жыхароў амаль не відаць — нядзеля.

Вёска Мыш вядомая з XV ст. У 1563 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст падараваў яе за вайсковую службу жмудзскаму старосту Яну Хадкевічу. Таму Хадкевічаў і назвалі графамі на Мышы. У 1566 г. яны распачынаюць будаваць тут замак. Умацаваньне месьцілася на высокім беразе Мышанкі ды ўздымалася над далінаю больш чым на 20 м. З трох бакоў замак абвіваў роў глыбінёй 7—8 м. З чацьвертага боку стромкія схілы выходзілі да Мышанкі.

У XVII ст. у мястэчку існавала школа, касьцёл, побач месьціўся кляштар езуітаў.

Падчас трынаццацігадовай вайны маскоўскае войска зьнішчыла замак і спаліла мястэчка: “В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку”, — дакладаў цару ваявода Трубяцкі.

Жыцьцё на месцы замка не аднаўлялася да 30-х гадоў ХХ ст. Толькі за палякамі побач з замчышчам пачалі будавацца людзі, а вёску назвалі Старая Мыш. Зараз тамака ня больш за 10 двароў.

Новая Мыш была адноўленая побач з кляштарам езуітаў пры канцы трынаццацігадовай вайны. Тады ж быў заснаваны і езуіцкі калегіюм.

У XVIII ст. Новая Мыш некалькі разоў мяняе сваіх гаспадароў — імі становяцца Масальскія, пасьля — Несялоўскія. Пры Масальскіх пачынае працаваць гута, у мястэчку 100 двароў, касьцёл, царква, шпіталь, школа, млын, карчма.

Рэшткі былой карчмы колькі год таму закансэрвавалі — зрабілі дах, умацавалі сьцены. Што праўда, ад ейнага другога паверху да таго часу засталіся толькі сьцены й колькі бэлек. Падлогі няма — пад скрыжаванымі бэлькамі зеўрае падвал. З гэтага будынку можна было б зрабіць някепскі гатэль пад Сярэднявечча. Побач — берасьцейска-маскоўская шаша: пры добрай рэкляме й нармальных паслугах ён даваў бы неблагія грошы.

Вось мураваны млын ХІХ ст. нехта атынкаваў, накрыў і, мабыць, ужо хутка будзе спраўляць улазіны. Мо гэта й лепш, чым калі яго разабралі б на цэглу.

Побач з рэшткамі карчмы месьціцца касьцёл Перамяненьня Гасподняга, збудаваны замест драўлянага ў 1825 г.

Ён хавае ў сабе шматлікія багацьці — драўляныя скульптуры, абразы, разьбяныя двух’ярусныя алтары, амбоны. Усё гэта — зь іншых беларускіх храмаў, зьнішчаных, спаленых, зруйнаваных. Пасярэдзіне галоўнага алтара ў вялікай глыбокай раме месьціцца абраз XVII ст. “Сьвятыя Ганна і Марыя ды дзіцятка Езус”.

Некалькі гадоў таму, падчас рэстаўрацыі абраза Маці Божай Беззаганнага Пачацьця, пад фарбай знайшлі ці не адзіную копію абраза Маці Божай Бялыніцкай, які падчас другой сусьветнай вайны зьнік разам з крыжам Эўфрасіньні Полацкай і іншымі нашымі сьвятынямі.

Побач з касьцёлам месьціцца мясцовае аддзяленьне “Карытас” — міжнароднай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі. Каля шыкоўных замежных аўтобусаў шлёпаюць у сваёй прыроднай задуменнасьці качкі.

Праз дарогу, пад старымі грубымі ліпамі знаходзіцца драўляная Праабражэнская царква 1859 г.

За касьцёлам — помнік Яну Чачоту, які нарадзіўся і вырас у гэтых ваколіцах. Дзякуючы намаганьням мясцовых краязнаўцаў Міхася Берната й Васіля Дубейкі, яго ўрачыста ўсталявалі 4 ліпеня 1996 г.

У цэнтры мястэчка месьцяцца каталіцкія могілкі. Каля ўваходу — драўляная замшэлая каплічка. Шмат мармуровых помнікаў, на якіх праз 30—40 год немагчыма будзе нічога прачытаць — дождж і вецер вынішчаюць надпісы. Затое на гранітных плітах лёгка чытаюцца словы, выбітыя больш за 100 гадоў таму.

Мы заўважаем двухмэтровыя абэліскі з чырвонай цэглы. Адзін зь іх стаіць на магіле нейкай Эміліі Маціеўскай з роду Хлапіцкіх, што памерла ў 1878 г. Другі — помнік наваградзкаму судзьдзю Юзафу Цітовічу, які памёр 26 лютага 1849 г. Пры ім у Наваградзкую асацыяцыю адвакатаў уваходзіў вядомы беларускі філёзаф Фларыян Бохвіц. Магчыма, што сустракаліся на судовых паседжаньнях судзьдзя Цітовіч і адвакат Бохвіц.

Як і ў кожным мястэчку, у Новай Мышы жыло шмат жыдоў. Напамінам пра іх засталіся сынагогі — жаночая і мужчынская. У жаночай цяпер ці то склад, ці то нейкі адміністрацыйны корпус, у мужчынскай — клюб сельсавету. Я углядаюся ў пахіленую дошку з надпісам: “Кіно — сёньня”. Стужак сюды ня возяць ужо некалькі год.

Руслан Равяка, Баранавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0