Пленэр імя Драздовіча

6 кастрычніка творчая суполка “Пагоня” распачала на Глыбоччыне чарговы Нацыянальны пленэр імя Язэпа Драздовіча. Мастакі зь Менску, Маладэчна, Пінску і Дрысы наведалі ягоную магілу ля вёскі Ліпляны. На палотны творцаў леглі ваколіцы засьценка Пунькі, дзе 13 кастрычніка 1888 г. нарадзіўся Язэп Драздовіч. Пачатку пленэру спрыяла цудоўнае надвор’е, шчодрае сонца ды залатыя восеньскія ўборы лесу і саду.

У наступныя дні мастакі наведалі возера Белае ў Падсьвільлі, падняліся на Замкавую гару, пабачылі гарадзішча Брыкяці, што на левым беразе рэчкі Сьвіліцы. У ходзе пленэру яны плянуюць наведаць азёры Плісу, Доўгае і Шо, гару Гараватку ў Галубіцкай пушчы, а таксама горад Глыбокае, вёску Бабруйшчыну і мястэчка Мосар.

18 кастрычніка у Палацы мастацтваў адчыніцца выстава карцінаў, якія мастакі створаць падчас гэтага пленэру.

Хвядос Ворша


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0