Зьвер перамагае хітрасьцю

На тэнісным турніры клясы “Мастэрз” у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам у 2 млн. 950 тыс. даляраў беларускі тэнісіст Макс Мірны па мянушцы “Зьвер” (53-я ракетка сьвету) дайшоў да фіналу, дзе, на жаль, саступіў гаспадару турніру Томасу Гаасу (15) у трох сэтах: 6:2, 6:2, 6:2.

 

Ахвярамі Максіма, які пачаў зь перамогі над бэльгійцам Рокасам, сталіся першая ракетка сьвету бразылец Густаў Куэртэн, пераможца Ўімбледону харват Горан Іванішавіч (13-я ракетка сьвету). Матч зь ім быў вельмі драматычны, Макс літаральна зубамі выцягнуў гульню, выйграўшы на дзьвюх тай-брэках (4:6, 7:6, 7:6). У чвэрцьфінале Мірны за 67 хвілінаў разабраўся з эксь-першай ракеткай Пітам Сампрасам (6:4, 6:2). У суботнім паўфінале ён перамог Яўгена Кафельнікава (5-я ракетка сьвету): 7:6, 6:3. Гэта ня першы расеец – ахвяра Зьвера. На Кубку Крамля ён “зрабіў” Марата Сафіна. Зьверу пасьміхалася ўдача — ён выйграў дзякуючы пары рыкашэтаў. Беларус перамагае хітрасьцю. Пакрыўджаны Сафін з крыўды абазваў Максіма “вескаўнёй” (прычым па-беларуску — ведае ж аднекуль!). Маўляў, калі забіваеш мяч, трапляючы па ім вобадам ракеткі (дарэчы, так Мірны забіваў і Сампрасу), мусіш прасіць прабачэньня ў суперніка.

Але Макс стаміўся. Гуляць штодня па дзьве гульні (сюды дадаваліся сустрэчы ў парным разрадзе) цяжкавата. Тым больш, што Томі Гаас таксама зрабіў сэнсацыю, выбіўшы не абы каго, а Хішама Аразі, Ціма Генмана і Лейтана Г’юіта.

Бліскучая гульня Макса радуе. Колькі тыдняў таму беларусы з трэскам правалілі Кубак Дэвіса, прайграўшы аргентынцам. Уладзі-мер Валчкоў ня можа выкараскацца з восьмай дзясяткі ў сусьветным рэйтынгу, Вольга Барабаншчыкава і Натальля Зьверава ўвогуле сышлі з тэнісу, а астатнія ніяк не патрапяць у першую сотню…

Калі Мірны добра згуляе яшчэ на некалькіх прэстыжных турнірах, яго будуць “сеяць” у асноўную сетку. І тады выйграваць чэмпіянаты яму будзе лягчэй.

У пачатку тыдня Максім атрымаў званьне заслужанага майстра спорту — вельмі дарэчы.

Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0