Баевікі Хамасу скралі Нобэлеўскую прэмію міру з дому Ясіра Арафата ў Газе. Разам з мэдалём прапаў і араба‑ізраільскі мір.

Баевікі ісламскага Хамасу, якія на мінулым тыдні прагналі палестынскую паліцыю i войска з Сэктару Газы, зьнішчаюць сымбалі скінутай імі ўлады. У пятніцу яны спустошылі палац цяперашняга прэзыдэнта Палестынскай аўтаноміі Махмуда Абаса, у нядзелю надышла чарга жытла яго папярэдніка — Ясіра Арафата, які шмат для каго з палестынцаў быў найвялікшым нацыянальным героем.

Як паведамляе палестынская прэсавая агенцыя Wafa, баевікі высадзілі дзьверы дому Арафата, скакалі па ягоных партрэтах, сарваных са сьценаў, i па памятных мундзірах. Яны таксама забралі Нобэлеўскую прэмію міру — залаты мэдаль, які Арафат атрымаў у Осла ў 1994 г.

Зьнікненьне гэтага мэдалю набывае сымбалічнае значэньне. Калі палестынскі правадыр атрымліваў яго разам з прэм’ерам Ізраілю Іцхакам Рабінам, габрэі і палестынцы упершыню ў гісторыі паверылі, што мір магчымы. Арафат афіцыйна адмовіўся ад гвалту, a Рабін пагадзіўся на стварэньне Палестынскай Аўтаноміі. Аднак праз год Рабін загінуў ад кулі габрэйскага радыкала. Арафат перажыў яго амаль на дзесяцігодзьдзе, аднак з кожным годам ён губляў палітычную вагу.

Затое ўзрастала моц ісламскага руху супраціву — Хамасу. У чацьвярговую ноч, яго баевікі захапілі Сэктар Газы. Зьмена варты канчаткова адбылася. Маладзейшыя, больш радыкальныя дзеці рэвалюцыі, пажэрлі яе піянэраў, якія пайшлі на кампраміс з Ізраілем.

Разам з нобэлеўскім мэдалём Арафата зьнікла надзея на мір на Блізкім Усходзе. І нават і надзея на тое, што палестынцы паразумеюцца міжсобку. Нават палестынцаў, якія адседжваюць прысуды ў ізраільскіх турмах, вартаўнікі мусілі разьдзяліць. Пасьля некалькіх боек прыхільнікі Хамасу апынуліся ў іншых карпусах — асобна ад палітычных праціўнікаў‑адзінаверцаў.

Прэзыдэнт Абас учора аб’явіў па‑за законам узброеныя сілы Хамасу. «Хто б ні падтрымліваў сувязі з гэтымі сіламі, будзе пакараны згодна з правам надзвычайнага становішча» — абвяшчае дэкрэт.

Рэальна дэкрэт будзе дзейнічаць на Заходнім Беразе Ярдану, г.зн. у той частцы Аўтаноміі, у якой прэзыдэнт захаваў уладу. Ужо колькі дзён членаў Хамасу там прэвэнтыўна арыштоўваюць, a ў асобных выпадках іх забіваюць сілы бясьпекі, верныя Абасу. Дэкрэт легалізуе гэты хапун.

Вольга Данішэвіч, паводле Gazeta Wyborcza

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0