Бедныя мы, бедныя
17 кастрычніка быў адзначаны Міжнародны дзень барацьбы зь беднасьцю. Цяпер разуменьне беднасьці ня тое, што было сто гадоў таму, за панскім часам. А беднасьць у Беларусі – зусім ня тое, што беднасьць у Нямеччыне. Зь іншага боку, беларуская беднасьць — зусім ня тое, што афрыканская ці казахская, дзе людзі часам ня маюць самага неабходнага.
У Эўропе заможнасьць пэўнага рэгіёну цяпер вызначаецца па забясьпечанасьці кампутарамі — звычайнымі і з выхадам у Інтэрнэт — і сотавымі тэлефонамі. У нас і першыя, і другія па-ранейшаму рэдкая зьява. Паводле апошніх зьвестак, на тысячу беларусаў прыпадае ўсяго 11 сотавых тэлефонаў. Што праўда, ва Ўкраіне — 5, у Расеі – 10, але ж у Літве – 91, а ў Эстоніі – 269. А ў фінаў, якія маюць сваю фірму “Матарола”, — ажно 651 мабільнік на тысячу чалавек. Інтэрнэтызаваных кампутараў у Беларусі сьмешныя 1,6 штукі на тысячу. (Ва Ўкраіне 1,3 штукі, у Арменіі 0,9, у Расіі – аж 3,5, у Літве каля 9, у Польшчы – 12. Ад Ісьляндыі, якая ідзе першай, мы адстаем у 125 разоў).
Кампутар наагул маецца толькі ў 3% беларусаў. Чвэрць нашых суайчыньнікаў маюць відэамагнітафоны, трохі больш за палову —магнітафоны, 60% — пыласосы, 70% — пральні, 90% — тэлевізары, 98% — лядоўні. Усё збольшага беларускае або савецкае, яшчэ даперабудовачнае.
На новыя грунтоўныя пакупкі трэба зьбіраць месяцамі. Бо, паводле афіцыйных зьвестак, сярэднямесячны заробак “чыстымі” (без падаткаў) у Беларусі ў жніўні склаў каля 130 тыс. рублёў. Гэта каля 90 даляраў. У ахове здароўя, мастацтве, адукацыі, культуры, сацыяльным забесьпячэньні, сельскай гаспадаркі гэты паказчык яшчэ ніжэйшы. Таму, каб пазьбегнуць беднасьці, многія беларусы вымушаныя працаваць на паўтары-дзьве стаўкі. І гэтыя сярэднія 90 даляраў яны атрымліваюць не за адну стаўку, а за чорную працу з раньня да ночы.
Праўда, шмат хто падрабляе ў “шэрым сэктары”, неафіцыйна, ня плацячы падаткаў і не трапляючы ў статыстыку. Экспэрты Міністэрства статыстыкі лічаць, што рэальны сярэдні заробак у Беларусі прынамсі ў паўтара разу большы за афіцыйна-статыстычны.
Мінімальны спажывецкі бюджэт на адну душу для сям’і з чатырох чалавек пры гэтым складае 85 тыс. рублёў (прыкладна 57 даляраў). Гэта значыць, што больш за траціну беларусаў жыве ніжэй нават за беларускі парог беднасьці.
Сярэдні бюджэт беларускай сям’і цяпер такі (зьвесткі Мінстату): на харчаваньне ідзе 51%, на адзеньне, бялізну і абутак — 21%, на прадметы побыту і гаспадаркі — 8%, на побытавыя паслугі і транспарт, аплату жыльля і камунальных паслугаў — па 7%, на лекі — 3%. У Беларусі прынята лічыць, што сям’я, якая выдаткоўвае на харчаваньне больш за 30% ад сваіх даходаў, — бедная. За бедных таксама ўважаюцца тыя, хто жыве на меней як 30 даляраў у месяц (даляр на дзень). Такіх беларусаў болей за палову.
У сельскай мясцовасьці бедных болей, чым у гарадах: ніжэй пражытковага мінімуму тут жывуць адпаведна 60% і 40% насельніцтва. Што да геаграфіі, дык самая благая сытуацыя на Віцебшчыне (45% жыхарства тут бядуюць), адносна добрая — у Менску (25%).
Пры вялікай беднасьці ў нас малое беспрацоўе. На 1 верасьня ў Беларусі было афіцыйна зарэгістравана 103,3 тыс. беспрацоўных. Такім чынам, узровень беспрацоўя ў нас 2,3%. Ва ўсходніх абласьцях — Віцебскай і Магілёўскай — яно складае 3%, найменшае яно ў сталіцы — 1,5%.
Нарэшце, пра багатых беларусаў. Гэткімі можна лічыць тых, хто плаціць падаткі па самай высокай шкале ў 30%. Такіх у Беларусі — 3%.
Мікола Бугай