Навіны за тыдзень

 

Беразоўскага хочуць пасадзіць

Маскоўская пракуратура выдала ордэр на арышт расейскага алігарха Барыса Беразоўскага — таго самага, які некалі працаваў выканаўчым сакратаром СНД у Менску і абараніў Беларускі гуманітарны ліцэй ад закрыцьця. Вінавацяць яго ў злоўжываньнях падчас кіраваньня расейскім “Аэрафлётам”. Арыштаваць Беразоўскага можа толькі Інтэрпол, бо ён зараз жыве на эміграцыі ў Францыі.

 

Падводны крымінал

На Ціхаакіянскім флёце Расеі чатыры п’яныя матросы тэрміновай службы, што несьлі начную вахту, захапілі падлодку і ўзялі ў закладнікі дзяжурнага афіцэра. Усю ноч яны трымалі човен зачыненым і зьдзекаваліся з закладніка. Раніцай, працьверазеўшы, здаліся.

Забілі судзьдзю з Рыгі

У Рызе забілі судзьдзю акруговага суду Яніса Лаўкрозэ. Ён старшыняваў на шэрагу працэсаў, зьвязаных з гандлем наркотыкамі, разглядаў справу рыскага амонаўца Сяргея Парфёнава, а сёлета ў красавіку даў ад 5 да 15 гадоў турмы тром актывістам расейскай нацыянал-бальшавіцкай партыі, што ў лістападзе 2000-га захапілі званіцу сабору Сьв.Пятра ў Старой Рызе. Спэцслужбы лічаць, што забойства судзьдзі — замоўленае.

С.М.

Прызнаньне паганства

Група літоўскіх парлямэнтароў прапануе прызнаць паганства традыцыйнай літоўскай рэлігіяй. Адпаведную папраўку да Закону аб рэлігійных суполках і грамадах падалі ў сакратарыят Сойму група сацыял-лібэралаў, лібэралаў і сябар Партыі нацыянальнага прагрэсу. “Вучэньне і абрады старадаўняй рэлігіі балтаў не пярэчаць закону і маралі, а падтрымку ў грамадзтве старадаўняя рэлігія балтаў мае большую, чым прызнаныя законам рэлігійныя суполкі юдзеяў, мусульманаў-сунітаў і караімаў”, — гаворыцца ў тлумачальным лісьце.

У сярэдзіне 90-х гэткія спробы рабілі і латвійскія заканатворцы, прычым ў Латвіі паганства карыстаецца большай падтрымкай, чым у Літве.

Наш нацыянальны сход такіх пытаньняў не разглядае. Па ацэнках беларускіх паганцаў, колькасьць іхных адзінаверцаў не перавышае некалькіх сотняў чалавек, падзеленых на колькі груповак, сярод якіх ёсьць нават эўразійска-прарасейская. Самы ўплывовы цэнтар паганства — Наваполацак. У Менску дзейнічаюць дзьве суполкі — “Явар” ды “Крыўя”. Апошняя мае радыкальны характар. “Явар”, прыкладам, зарэгістраваны як грамадзкае аб’яднаньне, а “Крыўя” адмаўляецца аддаваць сучаснай сьвецкай дзяржаве права на ўмяшальніцтва ў рэлігійныя справы. Ідэалам для іх ёсьць тэакратычная дзяржава — зь першасьвятаром на чале.

А.Прос.

 

Два капітаны-2

Зінові Марголін зрабіў дэкарацыі да самага маштабнага м’юзыклу сэзону ў Маскве.

 

У Маскве 19 кастрычніка адбылася афіцыйная прэм’ера спэктаклю “Норд-Ост” — клясычнага, так званага стацыянарнага м’юзыклу на расейскім матэрыяле. У вагонах мэтро былі расклееныя сотні ўлётак-постэраў, радыё рэгулярна паведамляла, што роўна ў 21.30 на сцэну сядзе самалёт-бамбавік, рэкляма зьявілася нават на квітках мэтро.

М’юзыкл напісаны па матывах раману Веніяміна Каверына “Два капітаны”. Ісьці ён будзе пяць разоў на тыдзень, у залі 1150 месцаў, білеты каштуюць ад аднаго да трыццаці даляраў. За год пасьпяховага пракату спэктакль верне пазыкі, праз два гады можна будзе думаць пра новую пастаноўку.

Рызыку аўтары (дакладней, адзін зь іх — бізнэсовец Георгі Васільеў) і прадусар Аляксандар Цэкала бяруць на сябе. Разам з маскоўскім беспрызорнікам, будучым ардэнаносным лётчыкам і палярным дасьледчыкам Санем Грыгор’евым на сцэне можна ўбачыць памораў пачатку 1910-х, разгубленых дамаў узору 1930-х. Гудзе, ствараючы карнавальную атмасфэру, маскоўская “таўкучка” першых гадоў НЭПу, мільгаюць лётчыкі, налётчыкі, канькабежцы, піянэркі, таварыш Чкалаў ва ўсім белым, паўночныя ненцы ў маліцах, блякаднікі, беззаганны настаўнік Караблёў — увесь савецкі і расейскі народ ва ўсёй сваёй красе.

Гэты народ танчыць на Смаленскім базары, б’е чачотку на лётным полі, упартым чарльстонам адганяе Саню Грыгор’ева ад брамы савустановы, вальсуе на катку парку культуры, выкладаецца ў хвілінных ролях (асабліва файныя таварыш Чкалаў і ўтрапёны дворнік-татарын). Дэкарацыі Зіноўя Марголіна многа даюць спэктаклю. Бамбавік у парамэтрах франтавога У-2 на сцэну насамрэч сядае. Але з тэатральнага пункту гледжаньня нашмат лепшая дэкарацыя камуналкі й дабітага маскоўскага трамвая эпохі ваеннага камунізму са знакамітай рэклямай: “Сельдь атлантическая иваси”. (Праўда, івасі насамрэч водзіцца ў Ціхім акіяне. Ну, ды для беларуса Марголіна гэта даравальна.)

Марголін з самалётам выглядае даволі сьціпла на фоне заходніх пастановак. Там на сцэне могуць збудаваць ледзьве не палову старога Парыжу (як у м’юзыкле “Адрынутыя” паводле Гюго), каб бліжэй да фіналу спляжыць яго ў працэсе рэвалюцыйных баёў. Затое акторы “Норд-Осту” далёка выпярэджваюць сваіх заходніх калегаў трывушчасьцю: на трупу з 32 чалавек прыпадае 380 вялікіх і малых роляў. У магутнай масоўцы “Адрынутых” 400 роляў ігралі 250 актораў.

Маскаль

Зінові Марголін

Выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў (1982). Мастак-пастаноўшчык больш як 40 спэктакляў у тэатрах Менску, Масквы, Санкт-Пецярбургу. Сярод іх “Барыс Гадуноў” у Беларускай опэры і “Ідылія” ў Купалаўскім.

 

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0