Шкада Мясьніковіча, а Акадэміі — удвая

У сераду Лукашэнка падпісаў дэкрэт “Аб падвышэньні ролі навукі і рэфармаваньні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Разынкаю гэтага дакумэнту было тое, што зараз прэзыдэнт Беларусі будзе прызначаць і здымаць прэзыдэнта НАН, а таксама зацьвярджаць прэзыдыюм Акадэміі. Фактычна, дэкрэт касуе папярэдні статут Акадэміі, зацьверджаны ў 1998 г., згодна зь якім прэзыдэнт НАН, віцэ-прэзыдэнт і прэзыдыюм мусяць абірацца агульным сходам Акадэміі раз на пяць год.

У мінулую пятніцу прэзыдэнтам НАН Беларусі быў прызначаны доктар эканамічных навук Міхаіл Мясьніковіч, які дагэтуль ніводнага дня не працаваў у навуцы, калі не лічыць такой працай кіраўніцтва Адміністрацыяй прэзыдэнта.

Навукоўцы сьмяюцца з такога прызначэньня, але ніякавеюць: калі ўлада гэтак лёгка можа зьмяніць кіраўніка магутнай навуковай установы, чаго ж тады чакаць на месцах, у акадэмічных інстытутах? Прыкладам, акадэмік, філёзаф Яўген Бабосаў у тэлефоннай размове пажартаваў: “Мясьніковіч — нядрэнная кандыдатура, як-ніяк доктар эканамічных навук, абараняўся ў Санкт-Пецярбургу. А тое, што ён ня член-карэспандэнт, такой бяды…”

Навукоўцы, што знаходзяцца на вяршыні службовай лесьвіцы, пазьбягаюць камэнтароў. Прыкладам, старшыня ВАК Анатоль Дастанка сказаў, што не валодае інфармацыяй. Кароткі тэлефонны пераказ сутнасьці дэкрэту не дапамог. Адмовіўся даваць камэнтар і Іван Шамякін.

Леў Тамільчык, член-карэспандэнт НАН Беларусі, камэнтуючы “Звяздзе” дэкрэт прэзыдэнта, ухваліў яго: “Гэта ўжо пасьпела стаць аксыёмай — вострая неабходнасьць рэфармаваньня Нацыянальнай акадэміі навук. У тым ліку яе ўнутранай арганізацыі, сыстэмы кіраваньня, пэрсанальнага складу… Так што дэкрэт прэзыдэнта аб павышэньні ролі навукі ўспрымаю як дакумэнт, якога чакалі. Яго ўвасабленьне ў жыцьцё павінна суправаджацца сэрыяй узважаных крокаў”.

Лукашэнка мае рацыю, Акадэмію трэба рэфармаваць. Цяпер яна складаецца зь ледзьве не 40 інстытутаў. У кожным — свая хітрая сыстэма кланаў і крэўна-сваяцкія сувязі. Таму доктар фізыка-матэматычных навук Юры Хадыка ў інтэрвію “Радыё Рацыя” заявіў наступнае: “Я, можа быць, упершыню падтрымліваю рашэньне Лукашэнкі. Ён фактычна бярэ на сябе рэфармаваньне Акадэміі й адказнасьць… Але спадзявацца, што рэфармаваньне скончыцца пасьпяхова, нельга, бо Мясьніковіч, хоць і стаў нядаўна доктарам навук, з акадэмічным асяродкам знаёмы слаба і ня здолее самастойна распрацаваць схему рэфармаваньня. Але як разбуральны інструмэнт ён падыходзіць”.

Былы прэзыдэнт НАН, а цяпер старшыня савету рэспублікі нацыянальнага сходу Аляксандар Вайтовіч пабачыў у дэкрэце яшчэ і міжнародны аспэкт праблемы. У інтэрвію “Звяздзе” й “Інтэрфаксу” ён сказаў, што Беларусь уваходзіць у міжнародныя асацыяцыі акадэміяў навук і ва ўсім сьвеце прэзыдэнта акадэміі выбіраюць, а не прызначаюць. Прызначанага прэзыдэнта можа не прызнаць міжнародная супольнасьць, і Акадэмія трапіць у ізаляцыю. Яшчэ Вайтовіч нагадаў, што ў Беларусі пасада прэзыдэнта Акадэміі была выбарнай ад 1928 г., таму дэкрэт прэзыдэнта — умяшаньне ва ўнутраныя справы навукоўцаў. Ні ў пятніцу, ні ў суботу гэтае інтэрвію ў “Звяздзе” не зьявілася. Дый на сайт Інтэрфаксу трапіла ў моцна скарочаным выглядзе. Цалкам яно мусіла быць на сайце савету рэспублікі (www.sovrep.gov.by), што адчыніўся ў пятніцу. Ужо ў першы дзень яго наведала каля 100 чалавек. Аднак у суботу сайт зь невядомых прычынаў перастаў грузіцца.

Няўжо Лукашэнка насамрэч вырашыў адмовіцца ад грувасткай коснай сыстэмы Акадэміі навук, што забірае плойму грошай, і адпусьціць інстытуты ў свабоднае плаваньне, як гэта ёсьць ва ўсім цывілізаваным сьвеце? Дагэтуль усе спробы рэфармаваць Акадэмію рукамі ейных супрацоўнікаў былі беспасьпяховымі. І Вайтовічу, і Сушчэню, і Валатоўскаму, гадаванцам Акадэміі, цяжка было “парушыць старыну” ў родным асяродзьдзі. Спатрэбіўся вараг Мясьніковіч, не абцяжараны кланава-сваяцкімі сувязямі, які можа са спакойнай душой закласьці пад Акадэмію міну рэфармаваньня.

Зь іншага боку, Акадэмія навук — не адміністрацыя Прэзыдэнта, тут усіх не пашыхтуеш, не павядзеш шчыльнымі радамі на перадавыя будоўлі будучыні. Навуковае асяродзьдзе будзе ставіцца да новапрызначанага кіраўніка як да чужака, шукаць магчымасьці дыскрэдытаваць. Шкада Мясьніковіча. Хацеў стаць паслом ці бізнэсмэнам, а пакінулі чыноўнікам. Чакай цяпер новае ператасоўкі калоды! І даказвай сваю карыснасьць, марнуючы залатыя сувязі на выбіваньне грошай для новых падначаленых.

Эдвард Людовіч


Вечны Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч нарадзіўся 6 траўня 1950 г. у вёсцы Новы Сноў на Нясьвішчыне. Скончыў Берасьцейскі інжынэрна-будаўнічны інстытут (1972) па спэцыяльнасьці “інжынэр-тэхноляг”, а ў 1989 г. Менскую вышэйшую партыйную школу.

У 1972 г. пачаў працаваць інжынэрам у “Менскпраекце”, у тым самым годзе пайшоў у войска, дзе адслужыў блізу году. У 1973 г. быў інжынэрам водаправоднай станцыі “Дражня”, начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзелу дырэкцыі водазабесьпячэньня Менску. У 1974—1977 г. — галоўны інжынэр, а пасьля й дырэктар “Менскводаканалу”. З 1977 па 1983 г. працуе ў менскіх камунальных службах. У 1983—1985 г. Мясьніковіч старшыняваў у выканкаме Савецкага раёну Менску, дзе працавалі ў свой час Віктар Чыкін, Вячаслаў Кузьняцоў, Міхаіл Падгайны. Там Мясьніковіча прыкмеціў Вячаслаў Кебіч. І пачаў спрыяць. З 1985-га Мясьніковіч — сакратар менскага гаркаму КПБ. З 1986-га — міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. З 1990-га — намесьнік Старшыні Савету Міністраў БССР, старшыня Дзяржкамітэту па эканоміцы й плянаваньні. Рабочыя, што выйшлі ў красавіку 1991 г. на плошчу Незалежнасьці, пратэстуючы супраць падвышэньня цэнаў, патрабавалі адстаўкі Мясьніковіча. Аднак ён у адстаўку не пайшоў. Наступныя тры гады займаў пасаду першага намесьніка старшыні Саўміну Беларусі, з 94-га зрабіўся намесьнікам прэм’ер-міністра.

У 1995—2001 г. Мясьніковіч кіраваў прэзыдэнцкай Адміністрацыяй, дзе ўсталяваў жорсткую посткамуністычную гіерархію.

Жыве ў самым прэстыжным квартале Менску — у Вайсковым завулку. Сына вывучыў у Сувораўскай вучэльні і адправіў у маскоўскую школу КДБ.

Ён доктар эканамічных навук. У 1994 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю па тэме “Ўмовы і фактары станаўленьня рыначнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусі”, а ў 1998-м — доктарскую па вайскова-прамысловым комплексе Беларусі. Што праўда, абараняўся ў Санкт-Пецярбургу, таму тут пра гэта мала хто ведаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0