Акадэмія навук і дыктат: 13.10.1928—17.10.2001

30 студзеня 1922 г. у Менску на базе Навукова-тэрміналягічнай камісіі быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Сярод ягоных заснавальнікаў былі Язэп Дыла, Яўхім Карскі, Зьміцер Жылуновіч, Уладзімер Пічэта, а першым старшынём стаў мовазнаўца Сьцяпан Некрашэвіч. У 1928 г. у Інбелкульце было 115 штатных супрацоўнікаў і каля 200 вучоных зь іншых інстытуцыяў супрацоўнічалі зь ім.

У 1924 г. Інбелкульт быў прызнаны вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай Беларусі, а ягоным старшынём зрабіўся наркам асьветы Ўсевалад Ігнатоўскі. 13 кастрычніка 1928 г. Інбелкульт рэарганізавалі ў Акадэмію навук. Дзеля пераемнасьці традыцыі, першым прэзыдэнтам Акадэміі абралі Ігнатоўскага.

У 20-я ідэялагічнага ціску на навуку, асабліва гуманістыку, амаль не адчувалася. У 1926 г. Інбелкульт нават зладзіў канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу, на якую прыехала плойма дасьледчыкаў з Заходняй Беларусі. Але гэта быў толькі пачатак. Сама сыстэма Акадэміі — беспрэцэдэнтна цэнтралізаваная — была прыдуманая для таго, каб паставіць усю навуковую працу ад гісторыі да батанікі пад татальны дзяржаўны кантроль. Навука пераставала быць часткаю грамадзянскай супольнасьці і ператваралася ў частку дзяржаўнага мэханізму. Беларускія дзеячы, падманутыя беларусізацыяй, паўдзельнічалі ў закладцы гэтае сыстэмы, каб неўзабаве загінуць.

У 1930 г. ГПУ сфабрыкавала справу Саюзу вызваленьня Беларусі, па якой было арыштавана 108 навукоўцаў, дзеячаў культуры, літаратараў і былых палітыкаў (для параўнаньня: ва Ўкраіне, у некалькі разоў большай, па справе СВУ было арыштавана 45 чалавек). Ігнатоўскаму паставілі ў віну ягоны “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, які не адпавядаў клясавым падыходам. У студзені 1931 г. Ігнатоўскага зьнялі з усіх пасадаў, выключылі з партыі як “сьвядома правадзіўшага на працягу ўсяго пэрыяду прабываньня ў партыі нацыянал-дэмакратычную ўстаноўку ў сваёй рабоце, зьяўляючагася фактычна кулацкім элемэнтам у партыі”. 4 лютага 1931 г., ня вытрымаўшы зьдзекаў, ён застрэліўся. Акадэмія навук, асабліва гуманітарныя аддзелы, была разгромленая дазваньня. Арыштавалі Лёсіка, Ластоўскага, Байкова, Некрашэвіча, Азбукіна, Шчакаціхіна...

Як жартуюць у Акадэміі, пасьля рэпрэсіяў у Беларусі не засталося ніводнага Цьвікевіча, адны Гвазьдзёвы.

Пасьля Ігнатоўскага пасаду прэзыдэнта Акадэміі навук заняў гісторык Павал Горын (Каляда), які запомніўся хіба стварэньнем выкрывальніцкіх групаў зь ліку супрацоўнікаў Акадэміі. У 1935 г. яго адклікалі ў Маскву, а праз два гады расстралялі.

Наступны прэзыдэнт Акадэміі, Іван Сурта, пакіраваў толькі год: яго арыштавалі як шкодніка і расстралялі. Ня выратавала нават колішняя праца ў “органах”. А вось мэталазнаўца Канстанцін Гораў пратрымаўся на пасадзе прэзыдэнта да 1947 г.

Гэта былі гады страшэнных рэпрэсіяў. Толькі ў 1937—1938 г. арыштавалі 57 супрацоўнікаў Акадэміі, а ўсяго цягам 30-х у турмы трапіла 140 навукоўцаў з Акадэміі. Большасьць зь іх расстралялі.

У сярэдзіне 30-х партыя пачала нахабна ўмешвацца і ў негуманітарныя навукі. Навуковыя працы мусілі адпавядаць “клясавым падыходам”. Віцэ-прэзыдэнт Акадэміі Тамаш Домбаль быў расстраляны як шпіён, бо дасьледаваў рэкі Беларусі.

У траўні—лістападзе 1947 г. прэзыдэнтам Акадэміі быў генэтык Антон Жэбрак, які ў 1945 г. меў неасьцярожнасьць раскрытыкаваць у амэрыканскім часопісе Science вучонага-махляра Трафіма Лысенку. Над вучоным наладзілі суд гонару, пазбавілі прэзыдэнцтва і выслалі ў Маскву кіраваць катэдрай у фармацэўтычным інстытуце. Толькі пасьля сьмерці Сталіна Антон Жэбрак вярнуўся ў Менск.

Наступныя кіраўнікі акадэміі — нэўроляг Мікалай Грашчанкаў (1947—1951), біёляг Васіль Купрэвіч (1952—1969), фізык Мікалай Барысевіч (1969—1987) — мусілі кожны свой крок узгадняць з Масквой і КПСС, членамі якой яны былі. Асыгнаваньні на навуку ў Беларусі былі ў два разы меншыя, чым па СССР у сярэднім (адпаведна 2,2% і 5,1%), ды ў колькі разоў меншыя за сусьветныя. Навука, паводле савецкіх раскладак, мусіла быць сканцэнтраваная ў Маскве. Туды й вывозілі ўсе таленавітыя кадры.

У часе перабудовы акадэміяй кіраваў матэматык Уладзімер Платонаў, якога ў 1992 г., па ягоным выезьдзе на заробкі ў Нямеччыну, зьмяніў біёляг Леанід Сушчэня. У 1997-м на ягонае месца прыйшоў дырэктар Інстытуту малекулярнай і ядравай фізыкі Аляксандар Вайтовіч, які актыўна праводзіў у Акадэміі палітыку Лукашэнкі, у прыватнасьці, беспасьпяхова ваяваў з Інстытутам гісторыі, “аплотам нацыяналізму”.

У пачатку 2001 г. Вайтовіча абралі старшынём у савет рэспублікі, і некалькі месяцаў абавязкі прэзыдэнта выконваў дырэктар Інстытуту лесу Віктар Іпацьеў. У траўні яго зьмяніў біяфізык Ігар Валатоўскі. Ён вызначыўся тым, што на другім усенародным сходзе раскрытыкаваў хібы беларускае эканомікі й грамадзкага жыцьця. Яму не даравалі: дванаццатым прэзыдэнтам Акадэміі прыслалі знаўцу водаправодаў і каналізацыі Міхаіла Мясьніковіча.

Э.Л.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0