Казкі жыцьця

Калекцыянэры

Знаёмага чалавека нядаўна аблічылі пры пакупцы гародніны. Прадаўшчыца — звыклы выгляд: распараная бульбіна ў шалупайках бруднаватай цёмнай кофтачкі — два разы пералічвала кошт зробленай пакупкі, нібыта калекцыянэр, які часам гатовы на ўсё дзеля папаўненьня калекцыі яшчэ некалькімі адзінкамі...

Параўнаньне з калекцыянэрам невыпадковае. Згодна з прагнозамі футуролягаў, грошы і сапраўды будуць паступова выводзіцца зь людзкога ўжытку. І таму найбольш здагадлівыя людзі ўжо цяпер, відаць, пачалі зьбіраць іх як будучыя экспанаты якогась Музэю старажытнасьцяў у Сонечнай сыстэме (кшталту Музэю старажытнасьцяў у Замосьці Аляксандра Ельскага ў ХІХ—ХХ ст., гэтаксама якраз на зломе эпохаў). Кожны з нас ведае: чым больш грошай, тым больш дабротаў можна набыць за іх. Але ёсьць нейкая іншая — парадаксальная ісьціна: грошы (наяўныя) з нашай Зямлі зьнікаюць! Прычым найперш у самых багатых краінах.

Глябалізм, як абуджаны міталягічны Дракон зь мінулага, уладарыць на плянэце. Ён “зьядае” наяўныя грошы. Яны ня маюць ніякага значэньня — папяровыя грошы, мэталёвыя манэткі, квітанцыі... Застаюцца толькі магнітныя карткі, электронныя знакі, асьветленыя невядомымі зарніцамі Ўсясьветнага агню будучыні... Буйныя і драбнейшыя фінансавыя плыні цяпер рэгулююцца вокамгненнна з дапамогай кампутараў і Інтэрнэту. У матэрыялізацыі грошай няма патрэбы. Грошы — яны і сапраўды, як падказвала нам столькі стагодзьдзяў беларуская мова, “горшыя”.

Людка Сільнова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0