Беларусь праз 100 гадоў

 

Кланаваньне Багдановіча

Менск ператворыцца ў вялізны мэгаполіс — разрослы “спальны раён”, заселены нашчадкамі мёртвых вёсак і імігрантамі з расейскай глыбінкі. Дзесьці за сьцяной і кольцам аховы згубіцца гістарычны цэнтар і “элітныя” дамы. Канцэсію на выкарыстаньне Чарнобыльскай зоны прададуць увішнаму немцу.

Спробы кланаваць вядомых людзей скончацца расчараваньнем — двайнік Максіма Багдановіча не захварэе на сухоты, аднак і не напіша чагосьці значнага. Малацікавы, знэрваваны ўсьведамленьнем уласнай выключнасьці і патрэбай яе спраўдзіць чалавек.

Нашчадак маладых беларусаў, што эмігравалі за акіян на пачатку ХХІ стагодзьдзя, фантастычна разбагацее. Узгадаваны на мітах пра вольную Беларусь, ён выкупіць на поўдні Атлянтыкі востраў і створыць там беларускую калёнію, запросіць перасяленцаў ствараць нацыянальную дзяржаву, асновай эканомікі якой будзе экспарт какосавых арэхаў і бананаў. Перасяленцы зьмяшаюцца зь мясцовымі мурынамі і сынтэзуюць іхныя рытуальныя песьні з сакральнымі “Крынічэнькамі”. На востраве запануюць муляты і піджын-беларушчын.

Аналягічныя беларускія рэзэрвацыі на тэрыторыі мэтраполіі, у прыватнасьці, у Чарнобыльскай зоне, будуць мець характар аўтарытарных сэктаў.

А чалавечая натура ў найбліжэйшыя сто год ня зьменіцца. Таксама нехта будзе бунтаваць за вяртаньне да натуральнага, “продкавага” ладу жыцьця — толькі тады ўжо будуць паўставаць супраць сьвету робатаў, клонаў і мэханістыкі. Паўстанцы страсуць музэйны пыл з кніжак, зноў пачнуць слухаць клясычную музыку і ствараць рэалістычнае мастацтва. Палюбяць вырабляць уласнымі рукамі простыя рэчы для хатняга ўжытку: збаны, драўляныя лаўкі, сурвэткі. Рабіць і нараджаць дзяцей яны будуць натуральным шляхам, а не праз штучнае апладненьне або кланаваньне, адновяць культ манагамнага шлюбу і цнатлівасьці. Іхныя ідэйныя праціўнікі, аматары “дабротаў цывілізацыі”, будуць увесь вольны час бавіць у нірване дзякуючы стымулятарам задавальненьня, ужыўленым проста ў мазгі разам з імітатарамі каханьня.

Ды палітыкам будзе проста маніпуляваць натоўпам, бо ўсе забаўляльныя СМІ будуць мець выхад непасрэдна ў мазгі кожнага.

Людміла Рублеўская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0