БНФ напярэдадні Зьезду

Сіўчык рыхтуе фронду, Сямдзянава і Янукевіч гатовыя пазмагацца за пасаду намесьніка старшыні

V Зьезд БНФ адбудзецца 15—16 сьнежня і працягнецца 2 дні. Ён мае ацаніць працу арганізацыі за два гады. Асабліва важным гэты Зьезд будзе для Вінцука Вячоркі — ён будзе трымаць справаздачу за першыя свае гады кіраваньня.

 

На зьезьдзе не чакаецца нейкага вялікага канфлікту, бо ўнутры Фронту ніколі не было яўных ідэалягічных расколаў, а толькі тактычныя разыходжаньні. Асаблівасьць сытуацыі яшчэ і ў тым, што Вячорка не імкнецца стаць публічным нацыянальным лідэрам, засяроджваючыся на інтэлектуальнай працы і рэпрэзэнтаваньні партыі за мяжой. І, хоць партыі патрэбны публічны лідэр, відавочнай альтэрнатывы Вячорку пакуль ня выявілася.

Найбольш крытыкі на адрас Вячоркі выказваюць у рэгіёнах, і найперш у Горадні.

Домаш ад супрацоўніцтва з Фронтам ухіляўся. Менскія актывісты Фронту пэўны час агітавалі за неабходнасьць зьмяніць Вячорку на Алеся Бяляцкага, лічачы яго больш “пазнавальным” палітыкам. Аднак, ідэя, відаць, ня выклікала захапленьня ў самога Бяляцкага.

Пакуль акрэсьленае жаданьне паспаборнічаць зь Вячоркам заўважнае толькі ў “вечнага дысыдэнта” Вячаслава Сіўчыка. Падчас расколу Фронту ў 1999 г. Сіўчык толькі ў апошні момант ускочыў у цягнік “абнаўленцаў”. Непрыяцелі вытлумачваюць новую фронду Сіўчыка досыць празаічна. Рэч у тым, што цяпер у старшыні БНФ зашмат намесьнікаў, кампэтэнцыя кожнага зь якіх размытая. Таму ўсе адзінадушныя ў тым, што адным з галоўных пытаньняў зьезду будзе перавызначэньне колькасьці намесьнікаў і пераакрэсьленьне кампэтэнцыі кожнага зь іх. Сіўчык адчувае, што ў новай структуры месца для яго можа і не застацца. Вось ён, маўляў, і рыхтуецца сысьці гучна (шанцаў на перамогу мае мала), каб прыстаць да берагу ў адным з новых палітычных утварэньняў, што маюць паўстаць на правым і левым флянгу беларускага палітычнага спэктру.

На паседжаньні Сойму 20 кастрычніка вызначылі сыстэму вылучэньня кандыдатаў на Зьезд. Новая сыстэма такая: кандыдаты будуць абірацца на сходках сяброў партыі БНФ, якія пройдуць у 15 буйных гарадох Беларусі (актыўных членаў партыі цяпер, мусіць, каля 2,5 тыс. чалавек). Партыйцы, якія жывуць у суседніх гарадох і мястэчках, маюць зьехацца ў мясцовасьць, дзе адбудзецца сход, і ад кожных пяцёх сяброў БНФ будзе вылучаны адзін кандыдат. Такая сыстэма падагнаная пад патрабаваньні Міністэрства юстыцыі.

Сярод зьменаў — скасаваньне асобнай квоты для дэлегатаў ад Маладога Фронту. Гэта будзе мець вынікам тое, што ў П.Севярынца будзе меншы ўплыў на агульны ход Зьезду (і гэта ўдар па пазыцыях В.Сіўчыка, да якога блізкі лідэр маладафронтаўцаў). Таксама можа зьменшыцца ўплыў дробных рэгіянальных кіраўнікоў.

На ганку сядзібы на Варвашэні, 8 пагаворваюць таксама, што цікавае спаборніцтва разгорнецца на зьезьдзе за пасады намесьнікаў старшыні. Апроч цяперашніх лідэраў, на вакантныя месцы маюць прэтэндаваць старшынька юрыдычнае камісіі Сойму, былая дэпутатка Вярхоўнага Савету ад Наваградку Галіна Сямдзянава і былы в.а. старшыні Маладога Фронту ў часе зьняволеньня П.Севярынца Аляксей Янукевіч.

Дробнасьць гэтых канфліктаў паказвае, што Фронт пакуль ня вызначыў сабе на бліжэйшую будучыню вялікіх задачаў. Зрэшты, калі ж, як не на зьезьдзе, прымаць сэнсацыйныя рашэньні — вылучаць новых лідэраў, ствараць новыя “таварныя знакі”, новыя праграмы?

Перамогшы на выбарах, А.Лукашэнка ўсімі сіламі імкнецца вырваць у Эўропы прызнаньне. Таму ён фактычна ўзяў на ўзбраеньне эканамічную праграму апазыцыі. Палітычная рыторыка рэжыму памянялася таксама. Урад Навіцкага — ня толькі самы магілёўскі, але і самы “правы” за гісторыю краіны. Нават урады БНР былі больш сацыялістычнымі! Засталося зьмяніць культурную палітыку і партыйна-палітычную сыстэмы.

Апазыцыя, ствараецца ўражаньне, была негатовая да такога павароту падзеяў. Яна яшчэ не ўсьвядоміла, што ёй няпроста ўпісацца ў новую сытуацыю, якая паціху вымалёўваецца. На парадку дня стаіць перавызначэньне яе сацыяльнай базы, праграмы. “Чаго мы хочам зараз?” - ад адказу на гэтае пытаньне залежыць посьпех сьнежаньскага зьезду. Ад адказу залежыць і незваротнасьць зьменаў, што адбываюцца ў краіне апошнім часам.

Пакуль найбольш верагодна, што БНФ проста абмяжуецца вылучэньнем больш радыкальнай эканамічнай і палітычнай праграмы, чым урадавая.

На думку Алеся Міхалевіча, сябра Сойму БНФ, галоўным вынікам V зьезду мусяць стацца большая гатоўнасьць партыі і руху да стварэньня шырокай нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі тых сілаў, якія выступаюць за байкот меркаваных выбараў у “саюзны парлямэнт”. Ён мяркуе, што ва ўмовах, калі большасьць былых саюзьнікаў па “шырокай грамадзянскай кааліцыі” мае намер узяць удзел у такіх выбарах, калі яны ўсё ж адбудуцца (а гэтага ня хоча, лічы, ніводная палітычная сіла краіны, не выключаючы і лукашэнкаўцаў), такі байкот стаў бы добрай нагодай для цеснага збліжэньня БНФ “Адраджэньне” з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй БНФ і драбнейшымі правымі групоўкамі.

Мікола Бугай


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0