Рэпліка

Уплываць ці крыўдаваць?

Ці то патасны, ці то іранічны, але ў кожным разе не характэрны для Сяргея Навумчыка выраз “Пазьняк застанецца ў гісторыі”, на маю думку, пазбаўлены сэнсу. Па-першае, застацца ў гісторыі можна і пасьля “палітычнае сьмерці”, як і пасьля “абліваньня брудам” у прэсе. Па-другое, застацца ў гісторыі — зусім ня мэта той дзейнасьці, якая яшчэ й не наблізілася да выніку.

Некаторыя фрагмэнты гісторыі Сяргей Навумчык спрабуе ўзнавіць у сваім артыкуле для “Народнай волі”, які ад пачатку лета праляжаў там у шуфлядзе і друкуецца цяпер падноўлены ў “Нашай Ніве”. Хоць менавіта “Народнай волі” была адрасаваная фраза: “Адзіным выданьнем, дзе Пазьняк мог надрукавацца гарантавана, была створаная Сярэдзічам “Народная газета”...

Гэта няпраўда. І я гатовы прывесьці цэлы сьпіс выданьняў, дзе Пазьняк мог заўсёды надрукавацца гарантавана. Але “падмазка” не спрацавала. Сярэдзіч не надрукаваў. Не захацеў, мабыць, сварыцца з калегамі-журналістамі. І тады тэкст прыблукаў у “Нашу Ніву”, нібы ў апошні прыстанак усялякай нацыянал-дэмакратычнай ініцыятывы. У тую “НН”, якую Зянон Пазьняк неяк трапна ахрысьціў “багемай, што рвецца ў палітыку”. У тую, якая заўсёды гарантавана публікавала Пазьняка. У тую, якой Пазьняк не аднойчы адмаўляў — то ў артыкуле, то ў інтэрвію.

Мне ўявілася тыповая сытуацыя напалову кінутай, забітай кабеты, што, перабіваючыся з хлеба на ваду, вядзе дом, гадуе дзяцей, адбіваецца ад заляцаньняў, а мужык — герой рысталішчаў (ці як там — апостал нацыі) — гады ў рады саізволіць зазірнуць дахаты, пройдзецца каралём сюды-туды, заўважыць, што “эта нікуда не гадзіцца”, разьвернецца і зноў — у шырокі сьвет. Ужо ж перабачылі мы такіх.

Менавіта Зянон Пазьняк паставіў бар’ер паміж сабою і сваёй прэсай. Яшчэ тады, у 80-я, калі выганяў Гуркова за тое, што той гандляваў “парнаграфіяй” Глёбуса. Яшчэ тады, калі на адным са зьездаў пераконваў фронтаўцаў падтрымаць “Навіны БНФ” — фантомны праект, тады як “Свабода”, што выхо-дзіла поплеч, атрымлівала зь ягонага боку ў лепшым выпадку ігнарацыю. Яшчэ тады, калі байкатаваў адноўленую “Нашу Ніву” (тады ў Вярхоўным Савеце газэту падтрымаў А.Трусаў...).

Не бяда, што Пазьняка “аблівае брудам” прэса, якая на яго ніколі ня ставіла. “Бруд” гэты, на жаль, ня менш за пахвальбу падвышае рэйтынг палітыка. Бяда, што прапазьнякоўская прэса ніколі не разглядалася ім як свой інфармацыйны пляцдарм. Якраз гэта найперш характарызуе дачыненьні Пазьняка і прэсы. Так было і так ёсьць. (Вячорка, дарэчы, аказаўся цалкам пасьлядоўным пераемнікам гэткага прынцыпу беларускай народнай цемнаты, калі сваё — нічога ня вартае, а чужому — і лёсткі, і крыўды.)

Між тым, адзіны спосаб дачыненьня палітыка з прэсай — гэта ўплыў на яе. Не згадаю, каб у БНФ нехта калісьці ставіў такую задачу як стратэгічную. Там хутчэй пабойваліся прэсы і крыўдавалі на яе. У выніку менавіта прэса ратавала і ратуе гонар беларускай дэмакратыі.

Іншы раз мне здаецца, што ўсе ў нас паставілі не на тых...

Калісь у першых Соймах БНФ сядзелі акадэмікі, народныя паэты, мастакі, мэтры эканомікі і юрыспрудэнцыі... Дык у параўнаньні зь імі цяперашняя КХП сапраўды выглядае маргінальнай суполкай. Адсюль і насьмешкі з боку не сваёй прэсы (маўляў, “сьвіта” робіць караля). Свая прэса не-не дый скажа пра... трагічную фігуру Пазьняка.

Але няма трагічнай фігуры. І тыя, хто раз на тыдзень слухае Пазьняка на 612-ці кілягерцах, гатовыя падпісацца пад ягонымі словамі. Але “сьвіта” й сапраўды выйшла “на лева пашыта”. Памятаю, якая пуб-ліка траплялася сярод зборшчыкаў подпісаў за Пазьняка... Такі сабе вахцёрска-лёкайскі кшталт. Не хачу нікога канкрэтна абразіць, кажу пра вобраз, які склаўся ў многіх. Крыўдна было глядзець на гэтых сьпітых цётак побач з рэспэктабэльнымі зборшчыкамі за іншых палітыкаў. З такімі, думалася, сапраўды толькі пралетарскую рэвалюцыю рабіць. Але пры чым тут мы? Зрэшты, як і Пазьняк.

Сытуацыя выпраўляльная ў любы момант. І стварэньне ўплыву на прэсу — цалкам у магчымасьцях Зянона Пазьняка. Ня думаю, што яму адмовіла б у інтэрвію любая з названых Сяргеем Навумчыкам недзяржаўных газэт. І многія эмацыйныя наезды на Пазьняка выкліканыя якраз няспраўджанымі надзеямі журналістаў на дужага рыцара, апостала нацыі, героя, які пераможа цмока.

На прэсу (любую) ня трэба крыўдаваць. Ня мае сэнсу. Гэта прэса можа пакрыўдзіцца, што для палітыка — знак, званок. На прэсу трэба ўплываць.

Зрэшты, на маю думку, Пазьняк сёньня — на сваім месцы. Ён дае ацэнкі падзеям і вымалёўвае стратэгічную пэрспэктыву, якую падзяляюць многія тысячы ягоных слухачоў. Хоць шмат хто і разумее, што са сваім цяперашнім партыйным атачэньнем ён гэтых мэтаў не дасягне ніколі.

Сяргей Дубавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0